Ад бервяна да шэдэўра

Шэсць новых драўляных скульптур упрыгожылі музейны комплекс імя Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна.

 

Сёння на базе музейнага комплексу завяршыўся ХХІ Абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры «Скрыжаванні лёсаў», прысвечаны знакамітаму беларускаму мастаку, музыку, кампазітару, пісьменніку, педагогу і архітэктару Напалеону Орду і яго блізкім.

 

У мерапрыемстве ўдзельнічалі шэсць таленавітых майстроў, якія выразаюць аб'ёмныя фігуры і ствараюць унікальныя ўзоры і арнаменты на драўляных вырабах.

 

— Правядзенне такога роду мерапрыемстваў важны элемент творчага працэсу, — адзначыла дырэктар музейнага комплексу імя Напалеона Орды Вольга Краўчук. — Ён дапамагае знаёміць шырокую грамадскасць з таленавітымі майстрамі, а ім — дзяліцца сваім досведам і пераймаць лепшае ў калег. Падчас пленэру панавала неверагодна цёплая атмасфера!

Кожны, хто назіраў за працай разьбяроў, быў уражаны тым, як са звычайнага бервяна нараджаюцца сапраўдныя шэдэўры.

 

Вынікам карпатлівай працы майстроў сталі шэсць унікальных работ. Мікалай Задрэйка з Івянца стварыў скульптуру Напалеона Орды. Валерый Манцэвіч з Драгічына захаваў у дрэве вобраз жонкі Напалеона Орды, прыгажуні Ірэн Бугле, а Алег Шапель са Слуцка — кампазітара Фрыдэрыка Шапэна. Гамяльчанін Валерый Казлоўскі прадставіў сваё бачанне вобраза сястры Напалеона Гартэнзіі Скірмунт, якая беражліва захавала яго мастацкую спадчыну. З-пад умелых рук Сяргея Козела (г. Баранавічы) выйшла скульптура Адама Міцкевіча; Юрый Новік з г. Іванава вырабіў скульптуру Юзафа Крашэўскага.

 

Работы ўдзельнікаў пленэру застануцца ў фондах музея, гарманічна дапоўніўшы яго экспазіцыю.

 Святлана ЧЭКАЛАВА, фота арганізатараў мерапрыемства