Гаршочак, пацеркі, фібулы, сюльгамы…

Апублiкавана: 14 жнiўня 2025 Стужка Музеі Гомель і вобласць На сваім месцы

Аўтар: Аўтары

Ужо на працягу 11-ці год супрацоўнікі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава сумесна з археолагамі Эрмітажа капаюць бескурганны могільнік зарубінецкай культуры ў вёсцы Гарошкаў (Рэчыцкі раён).

 

З боку Эрмітажа тут працуюць навуковая супрацоўніца аддзела археалогіі Усходняй Еўропы і Сібіры Ларыса Варацінская і рэстаўратары Вольга Сенатарава і Вольга Шувалава. Таксама дапамагае археолаг, даследчык зарубінецкай культуры Аляксандр Драбушэўскі.

 

Як паведамілі ў музеі, у гэтым годзе ў працы знаходзяцца тры раскопы. Два памерам 50 метраў на 8 метраў, і адзін меншы 8 метраў на 24 метры.

 

Цікавая сёлетняя знаходка гаршчок. Гэта рэдкасць, бо звычайна ў магільніках знаходзілі міскі. І ёсць падазрэнне, што ён кругладонны. Калі так, то гэта значыць артэфакт адносіцца да мілаградскай культуры, што старэй за зарубінецкую на 400 год!

 

Раскапаны гаршчок адразу з зямлі не выцягвалі ён даволі мяккі, крохкі. Яму трэба было нейкі час падсохнуць на сонцы, а ўжо праз пару гадзін можна было яго выцягнуць і перадаць рэстаўратарам каб пачысцілі і ўмацавалі.

Пясок з кожнага раскапанага пахавання выносіцца ў асобную кучу, каб прасеяць. Бо часта трапляюцца антычныя пацеркі, бывае што больш за 100 адзінак у пахаванні.

 

Акрамя гаршка і пацерак, яшчэ знайшлі фібулы, сюльгамы, нажы, керамічныя міскі.

 

Увогуле такі цыкл рэстаўрацыйных мерапрыемстваў, які тут робяць рэстаўратары Эрмітажа, у палявых умовах вялікая рэдкасць!

 Археалагічны метал вельмі ўразлівы: калі яго дастаюць з-пад зямлі, ён пачынае актыўна разбурацца сам па сабе. Таму і дзейнічаць трэба хутка. Пэўны час металічныя вырабы знаходзяцца ва ўльтрагукавой ванне так выдаляюцца хларыды; пасля прадметы абавязкова прасушваюцца ў сушыльнай шафе, бо для захавання металаў патрэбна вельмі сухое паветра.

 

Керамічны посуд таксама трэба хутка апрацаваць, бо калі пясок унутры пасудзіны высахне, яго будзе складаней выцягнуць, не пашкодзіўшы прадмет.

 Усе археалагічныя знаходкі паступаюць у фонды Веткаўскага музея.

 Па інфармацыі https://www.instagram.com/vetkamuseum/