Жывапіс памірае так доўга, што дай Бог кожнаму столькі пражыць. Спярша многія прадракалі: карціна не вытрымае канкурэнцыі з фатаграфіяй! Потым (недзе праз стагоддзе) маляванне абвясцілі анахранізмам прасунутыя мастакіканцэптуалісты са сваімі аб’ектамі ды інсталяцыямі… “Пацыент” жа ўвесь гэты час заставаўся не проста “хутчэй жывым, ніж мёртвым”, але і адчуваў сябе ў добрым гуморы, меў зайздросны апетыт і нярэдка дзёрзка кпіў са сваіх магільшчыкаў.
Ды тут раптам новая напасць. Як падаецца, самая небяспечная. Творцы новага пакалення — скажам, тыя абітурыенты, якія акурат цяпер рыхтуюцца да паступлення ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, — цалкам яе ўсведамляюць. Але ці варта ім хвалявацца за сваю будучыню?
Небяспека і сапраўды навідавоку. З нядаўняга часу кожны ахвотны можа сфармуляваць задачу для нейрасеткі, атрымаць тэхнічна бездакорную выяву ва ўпадабанай стылістыцы, а потым раздрукаваць яе на палатне ды павесіць на сценку. І хіба што эксперт здатны адрозніць гэты опус ад карціны, намаляванай уручную, балазе пах фарбаў хутка выветрываецца.
Дык ці варта вучыцца гэтаму ўмельству 10, 15, а тое і 20 гадоў? Ці не “з’есць” старадаўні від мастацтваў штучны інтэлект — бо ж яго магчымасці многім сёння здаюцца папраўдзе невычарпальнымі?
Па адказ на пытанне мы выправіліся на рэспубліканскую выставу жывапісу “Лабірынт”: амаль паўтары тысячы квадратных метраў экспазіцыйнай плошчы змясцілі сотні твораў і аўтараў. І такая рэпрэзентатыўнасць дазваляе скласці ўражанне, чым жа ёсць беларускі жывапіс у ХХІ стагоддзі і ці не састарэў ён.
Выстава імкнецца ахапіць мастакоў усіх пакаленняў і напрамкаў: жывых класікаў і пачаткоўцаў, наватараў і традыцыяналістаў. Прычым спалучэнні гэтых катэгорый могуць быць самымі нечаканымі. Многія мэтры схільныя да смелых пошукаў — і наадварот, ёсць моладзь, якая лічыць іх залішнімі.
Зусім свежае палатно легендарнай Зоі Літвінавай “Погляд з бездані” прымушае спыніцца надоўга — настолькі гэты твор шматпланавы. Такое адчуванне, нібы твой позірк літаральна патанае ў глыбінях карціны — ад зіхоткай павярхоўнай пазалоты твараў да невычэрпнай бездані ў вачах.
Прымітывісцкая “Венера” Леаніда Хобатава здалёк прываблівае сваёй іканаграфічнай выразнасцю. А вось да карціны Васіля Васільева трэба наблізіцца ўшчыльную — іначай тонкае ўмяшанне аўтара ў белізну палатна папросту не разгледзець.
Часам галоўным героем жывапіснай працы выступае колер — як, напрыклад, у палотнах Рыгора Іванова. Прычым мастак не абмяжоўваецца чыста фармалістычным падыходам: ён стварае візуальныя алегорыі тых абстрактных паняццяў, адчуць і нават усвядоміць якія чалавеку, здавалася б, не дадзена.
Ды не толькі эмпірэі натхняюць айчынных творцаў: ёсць і куды больш блізкія кожнаму “вечныя тэмы”. Карціна яшчэ аднаго класіка Уладзіміра Уродніча прасякнутая звычайнай чалавечай цеплынёю: родны дом, маці, што сядзіць за сталом з крамянымі яблыкамі… У гэтай цалкам зямной сцэне, пагадзіцеся, таксама ёсць нешта касмічнае.
Выстава недарэмна называецца “Лабірынт”. Энігматычнасць, таямнічасць разам з пошукамі ўласнай візуальнай мовы ўласцівыя не толькі мэтрам, але і многім мастакам маладзейшага пакалення. Хтосьці з іх стварае блытаны палімпсест вобразаў, хтосьці ўражвае загадкавымі сюжэтамі, хтосьці эксперыментуе з колерам… Твораў, якія не маюць адназначнай інтэрпрэтацыі, на выставе багата.
Герметычны жывапіс Кацярыны Пашкевіч ставіць перад гледачамі няпростыя загадкі. Куды рушыць гэтая пара маладзёнаў, названая пілігрымамі? І чаму ў якасці дома, які абсталёўвае сям’я, на палатне выяўленае дрэва? Аўтарка не спяшаецца нешта тлумачыць — яна нібы прапануе кожнаму пры жаданні зрабіць гэта самому, прыдумаўшы сваю гісторыю. Арыгінальная каларыстыка і кампазіцыя таксама могуць стаць дзейнымі асобамі таго сюжэту.
Зразумела, традыцыйныя пейзажы на выставе можна сустрэць таксама. Камусьці гэты жанр даўно нагнаў аскому, але ж і яго прыхільнікам няма пераводу. Зрэшты, як падаецца, нават тут мастакі імкнуцца знайсці тыя ракурсы або адценні, якія не кожны ўбачыць на свае вочы. Асабістая оптыка аўтара дапаўняе і пераламляе ўбачаную ім рэальнасць — як, напрыклад, у краявідах Пінска Віктара Сагановіча, дзе дахі хат афарбоўваюцца фіялетавым колерам.
Што ж лучыць гэтыя сотні твораў самых розных стыляў і жанраў? Хіба адна акалічнасць. Бадай за кожнай палатнінай глядач можа разглядзець яе аўтара ды трохі з ім пазнаёміцца. З яго светабачаннем, філасофіяй, а часам і біяграфіяй. Бо, як бы гэта ні банальна гучала, мастак дамяшаў да фарбаў часцінку ўласнае душы.
Што цікава, прысутнасць аўтара праяўляецца і куды больш непасрэдным чынам. Прыглядзеўшыся, ты не раз можаш убачыць адбітак яго пэндзля на шурпатым палатне. Відаць, такія сляды ў наш век многія пакідаюць наўмысна. Маўляў, не сумнявайцеся: твор зроблены ўручную…
Чытаць прагнозы футуролагаў часоў Жуля Верна — справа займальная і павучальная. Асабліва калі прагнозы не спраўдзіліся. Чаму вынаходства гуказапісу не забіла жывыя канцэрты — хаця многія гэта прадракалі? І чаму з’яўленне кіно не стала канцом тэатра?
Думаецца, прычына тут толькі ў адным. Непасрэдны кантакт творцы і рэцыпіента — з непазбежнымі тут “шурпатасцямі” — не здатныя замяніць ніякія тэхнічныя вынаходкі, які б дасканалы прадукт яны ні прапаноўвалі.
Тут прыгадваюцца словы Папы Францыска, напісаныя ім незадоўга да смерці: “У наш век штучнага інтэлекту мы не мусім забываць, што паэзія і каханне неабходныя для збаўлення чалавецтва”. Бо яны не падуладныя ніякім алгарытмам. Зразумела, да гэтага ліку можна аднесці і візуальную паэзію — а ёй у той ці іншай меры з’яўляецца кожны сапраўдны твор жывапісу.
…Таму юным мастакам наўрад ці варта хвалявацца за свой лёс. Фарбаў і пэндзляў на іх век дакладна хопіць.
Ілья СВІРЫН
Фота аўтара