Трымаць рытм

Апублiкавана: 26 лiпеня 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Прэміі, конкурсы, фестывалі. Для сапраўднага мастацтва няма сезонаў. Рупліўцы на ніве культуры не спяшаюцца ставіць на паўзу натхненне. Што паспець зрабіць летам і хто ўхваліць творчыя намаганні?

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь да 18 жніўня прымае заяўкі на Нацыянальную тэатральную прэмію. Конкурс праводзіцца ў чатырох секцыях: “Тэатр драмы”, “Тэатр лялек”, “Музычны тэатр” і “Спектакль для дзяцей і юнацтва”. У кожнай — свае намінацыі, ёсць асноўныя і індывідуальныя, дзе, напрыклад, вылучаюцца найлепшыя мужчынскія і жаночыя ролі, работа драматурга, мастака, дырыжора. Акрамя таго, прысуджаюцца спецыяльныя прэміі — “За ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі” і “За падтрымку тэатральнага мастацтва Беларусі”. Да ўдзелу ў спаборніцтве запрошаны тэатральна-відовішчныя арганізацыі, іншыя айчынныя ўстановы розных формаў уласнасці са спектаклямі, прэм’ера якіх адбылася ў краіне з 1 сакавіка 2023 года па 1 чэрвеня 2025-га. Заяўку па форме, звесткі аб рэжысёрска-пастановачнай групе, сінопсіс, відэазапіс, афішу, фатаграфіі і іншыя матэрыялы неабходна накіраваць на электронны адрас ministerstvo@kultura.gov.by

Падрабязней пра ўмовы конкурсу — на сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Да 22 жніўня прымаюцца заяўкі на Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў. Форум запланаваны з 25 па 29 верасня ў Брэсце. Праграма прадугледжвае пяць конкурсаў — ігравых і неігравых, тэлевізійных, анімацыйных і студэнцкіх карцін. Спаборнічаюць стужкі, знятыя ў 2020—2025 гадах кінавытворцамі, тэлерадыёвяшчальнымі арганізацыямі, установамі адукацыі, іншымі рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку сумесна з замежнымі партнёрамі. Сярод крытэрыяў адбору — актуальнасць і арыгінальнасць тэмы і сюжэта, увасабленне ў фільме традыцыйных духоўных і маральных каштоўнасцей, гуманістычных эстэтычных ідэалаў, высокі ўзровень майстэрства і наватарства ў працы рэжысёра, аператара, мастака, іншых спецыялістаў здымачнай групы. Заяўкі трэба дасылаць на электронную пошту kino.festival25@gmail.com.

Больш звестак — на сайце Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм"

А Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2025”, які разгорнецца на Магілёўшчыне з 24 па 26 верасня, ужо абвясціў вынікі адбору. На конкурсе анімацыйных фільмаў будзе прадстаўлена 89 работ, на конкурсе дзіцячай анімацыйнай творчасці — 92. Сёлетні форум б’е рэкорды: 78 дзяржаў-удзельніц і 715 заявак. Да “Анімаёўкі” далучыліся 12 новых краін. Гэта Ангола, Бангладэш, Бахрэйн, Бенін, Гандурас, Іарданія, Камерун, Манголія, Пакістан, Панама, Туніс, Шры-Ланка.

Свежыя навіны пра фестываль — на партале mogilevkino.by