Падтрымка мацярынства і дзяцінства — нацыянальны прыярытэт сацыяльнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Кіраўнік дзяржавы падпісаў чарговы ўказ аб узнагароджанні ордэнам Маці. У пачэсным спісе — і нашы калегі.
Указ № 281 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў 18 ліпеня. Ордэнам Маці за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей адзначаны 69 жыхарак Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Гэта прадстаўніцы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, арганізацый лёгкай прамысловасці, сувязі, будаўнічай галіны, сацыяльнай сферы, лясной гаспадаркі, гандлю, адукацыі, аховы здароўя, хатнія гаспадыні.
Ёсць і работніцы ўстаноў культуры. Сярод уганараваных — Вольга Юр’еўна Грахоўская, загадчык філіяла “Пятрэвіцкі сельскі Дом культуры” Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, і Кацярына Васільеўна Санюкевіч, загадчыца мастацка-пастановачнай часткі заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы”. Абедзве — з Гродзеншчыны.
Наогул, у Беларусі самай багатай на шматдзетныя сем’і лічыцца Брэсцкая вобласць. У рэгіёне такіх — больш за 25 тысяч.
Усяго ўзнагароду атрымала ўжо амаль 14 тысяч мам з розных куткоў краіны. Першай у спісе са 124 жанчын, ушанаваных па ўказе Прэзідэнта ад 14 кастрычніка 1996 года, стаіць Марыя Азімка, даярка калгаса “Перамога”. Ордэн Маці пад нумарам адзін цяпер захоўваецца ў Музеі маці і сям’і, які быў адкрыты ў Століне ў 2024-м.
У Беларусі існуюць строгія падыходы да адбору кандыдатур на ўзнагароджанне ордэнам Маці. Ім адзначаюць жанчын, якія адрозніваюцца высокімі маральнымі якасцямі і адказнасцю ў выхаванні дзяцей, клапоцяцца аб іх здароўі, развіцці, навучанні, рыхтуюць да карыснай для грамадства працы, прывіваюць ім культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый.
Падрабязней — на сайце president.gov.by