“Маладым лідарам Міншчыны” ў сферы культуры сёлета стала Таццяна Піотух, настаўніца Барысаўскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Паспяховы праект, што прынёс ёй перамогу, — эстрадны аркестр “Джайв”. Пра творчыя дасягненні і планы калектыву — у інтэрв'ю з мэтанакіраванай гераіняй.
За тры гады існавання “Джайв” зладзіў амаль 16 сольных канцэртаў на розных пляцоўках горада і раёна. Узімку аркестр паспяхова выступіў на XXI Абласным аглядзе аматарскіх калектываў мастацкай творчасці па пацвярджэнні назвы “народны” (“узорны”) у Барысаве, а вясной прадставіў унікальную праграму “Музыка скрозь пакаленні”, дзе хіты некалькіх эпох прагучалі па-новаму ў аўтарскіх аранжыроўках.
— Таццяна Вітальеўна, як вы ацэньвалі свае шанцы, накіроўваючыся на конкурс “Малады лідар Міншчыны”?
— Калі мне прапанавалі паўдзельнічаць, аркестр рыхтаваў вялікую канцэртную праграму “Музыка скрозь пакаленні”, якую 24 красавіка прадставіў на сцэне Палаца культуры імя М. Горкага ў Барысаве. Нягледзячы на насычаны графік, я вырашыла, што абавязкова скарыстаюся цудоўнай магчымасцю расказаць пра “Джайв” больш шырокаму колу людзей, заявіць пра яго творчасць і дасягненні. Тэрміны падрыхтоўкі былі сціснутыя, я літаральна заскоквала ў апошні вагон. Канкурэнты прадставілі цікавыя і досыць моцныя праекты, таму прадбачыць вынік было складана.
— Тым не менш вы дамагліся выдатнага выніку…
— Дзякуючы спаборніцтву я чарговы раз пераканалася, што аркестр рушыць у правільным кірунку. Гэта натхняе і матывуе не спыняцца. Калектыву толькі тры гады, але яго дасягненні ўжо ўражваюць. Упэўнена: гэта толькі пачатак!
“Малады лідар Міншчыны” — штогадовы абласны конкурс, накіраваны на падтрымку ідэй і праектаў таленавітай моладзі, аказанне ёй дапамогі ў асобасным і прафесійным росце.
— Давайце вернемся да вытокаў. Як узнік “Джайв”?
— У горадзе адчувалася патрэба ў ансамблі менавіта такой накіраванасці. Па дапамогу ў напісанні партый і арганізацыі рэпетыцый звярнуліся да мяне. І я з радасцю ўзялася за справу! Было страшна, але вельмі цікава. Сцэнічны дэбют аркестра атрымаўся паспяховым, і мы зразумелі, што закідваць праект нельга. Пачалася сур’ёзная праца, і праз паўгода “Джайв” даў невялікі сольны канцэрт.
— Раскажыце, калі ласка, пра вашых артыстаў.
— У асноўным гэта настаўнікі школы, якія ўдала сумяшчаюць педагагічную дзейнасць з канцэртнай. Яны дзіўныя і таленавітыя людзі, і мой статус “Малады лідар Міншчыны” — у значнай ступені іх заслуга. Дзякуючы падтрымцы і аддачы ўдзельнікаў “Джайва” ўзнікае моцнае жаданне ствараць, складаць новыя праграмы, пісаць цікавыя аранжыроўкі і аўтарскую музыку. Вельмі цаню цёплую атмасферу ўнутры аркестра, працаваць у якой — сапраўднае шчасце.
— У чым, на ваш погляд, заключаецца ўнікальнасць “Джайва”?
— Праект, без перабольшання, адзіны і непаўторны для Барысаўскага раёна па сваім складзе, колькасці ўдзельнікаў і рэпертуару, значная частка якога — аўтарскія аранжыроўкі папулярнай музыкі. Мы — універсальныя “байцы”, бо выступаем на розных па тэматычнай накіраванасці мерапрыемствах.
— Як вызначаеце місію аркестра?
— “Джайв” дапамагае рэалізоўвацца артыстам горада і раёна. Многія настаўнікі, хоць і адданыя педагагічнай справе, бывае, сумуюць па сцэне. І я дапамагаю ўвасабляць іх творчыя памкненні: пішу тэхнічныя партыі, шукаю канцэртныя пляцоўкі і ствараю арыгінальныя канцэпцыі праграм: “Музыка скрозь пакаленні” — яскравы таму прыклад. Далучэнне людзей да свету музыкі — гэта, мяркую, місія кожнага выканаўцы. І ўсе рэалізоўваюць яе пасвойму.
— Дзе знаходзіце натхненне на напісанне аўтарскай музыкі?
— Звычайна ў мяне проста ўзнікае ідэя: “А што, калі паспрабаваць вось так?” І гэтая думка ўжо не адпускае. Тады і пачынаецца магія! За падтрымку ўсіх эксперыментаў хачу падзякаваць удзельнікам аркестра, вакалістам і калектывам, з якімі мы супрацоўнічаем, асабліва ўзорнаму хору “Чароўнасць” пад кіраўніцтвам Ліліі Мальцэвіч. Вось дзе крыніца маіх сіл!
— На якіх пляцоўках сёння можна сустрэць “Джайв”?
— Актыўна ўдзельнічаем у гарадскіх святочных мерапрыемствах. Часцей за ўсё выступаем на сцэне Палаца культуры імя М. Горкага, Цэнтральнай плошчы Барысава. Далучаемся да святкавання такіх значных дат, як Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень народнага адзінства. Неаднаразова мы суправаджалі гарадскі баль, спрабавалі сябе ў абласным конкурсе творчых работ настаўнікаў школ мастацтваў памяці А. Новікава ў Жодзіне. У планах — пашырыць геаграфію выступленняў.
— Чаго яшчэ імкняцеся дасягнуць?
— Выйсці на новыя пляцоўкі, у тым ліку за межамі роднага горада, знайсці цікавыя і свежыя творчыя рашэнні, зрабіць класныя шоу і, магчыма, павялічыць склад. З бліжэйшых планаў — прадставіць праект, які дазволіць навучэнцам школы далучыцца да жыцця аркестра. Гэта стане выдатнай матывацыяй для юных музыкантаў. Працяг знойдзе і праграма “Музыка скрозь пакаленні”. Мы, дарэчы, адкрытыя для супрацоўніцтва! Далучайцеся!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні