На заахвочванне юных творцаў будзе вылучана больш за 240 тысяч рублёў: Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб зацвярджэнні рашэння савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Грошы выдзеляць з рэспубліканскага бюджэту за кошт сродкаў рэзервовага фонду Прэзідэнта.
Уладальнікамі гранд-прэмій і звання лаўрэата спецыяльнага фонду сталі 13 пераможцаў міжнародных мастацка-творчых спаборніцтваў, у тым ліку два калектывы — народны харэаграфічны ансамбль “Сузор’е” Палаца культуры г. Салігорска і дуэт Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа. Сярод адзначаных — студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, іншых навучальных устаноў.
Спецыяльныя прэміі прысуджаны пераможцам міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў — 26 прадстаўнікам таленавітай моладзі і 12 творчым калектывам. Гэта народны харэаграфічны ансамбль “Алеся” Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, ансамбль народнай песні “Дзвінскія пералівы” Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа, вакальны ансамбль “Карагод” дзіцячай школы мастацтваў № 1 імя Я.К. Цікоцкага г. Бабруйска, узорны ансамбль танца “Мілавіца” Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна, узорны інструментальны ансамбль “Джайвакорд” Жодзінскай дзіцячай школы мастацтваў, узорны ансамбль гарманістаў “Картузяне” дзіцячай школы мастацтваў г. Бярозы і іншыя.
Узнагародамі “За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі” ўганараваны 13 педагогаў, якія зрабілі асабісты ўнёсак у падрыхтоўку пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх мастацка-творчых спаборніцтваў, распрацоўку і рэалізацыю адпаведных методык навучання.
Гэтыя рашэнні накіраваны на выяўленне і падтрымку таленавітай моладзі, стварэнне дадатковых магчымасцей і спрыяльных умоў для развіцця яе здольнасцей, стымуляванне прафесійнай дзейнасці настаўнікаў.
Падрабязней — на сайце president.gov.by