Нарада міністраў культуры дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва адбылася 7 ліпеня ў Кітаі. У мерапрыемстве паўдзельнічаў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін.
Пасяджэнне ладзілася ў горадзе Ціндаа — турыстычнай і культурнай сталіцы ШАС 2024—2025 гадоў.
Выступаючы ад беларускага боку з дакладам, Дзмітрый Шляхцін адзначыў: культурнае ўзаемадзеянне паміж нашай дзяржавай і краінамі ШАС актыўна развіваецца, для гэтага існуе неабходная прававая база.
— Рэспубліка Беларусь далучылася да Пагаднення паміж урадамі дзяржаў — членаў ШАС аб супрацоўніцтве ў галіне культуры і Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне аховы аб’ектаў культурнай спадчыны, у рамках якіх мы будзем узаемадзейнічаць. Гэта новыя гарызонты нашага шматбаковага супрацоўніцтва, — сказаў Дзмітрый Генадзьевіч.
Паводле яго слоў, у сучасным свеце культура — адзін з ключавых фактараў эфектыўнай камунікацыі паміж дзяржавамі, аснова для захавання даверу, узаемаразумення і паглыблення міжнароднага дыялогу. Усё часцей цяпер гавораць пра культурную дыпламатыю.
На думку першага намесніка міністра, мы становімся сведкамі працэсаў, нацэленых на знішчэнне гістарычнай памяці, перапісванне гісторыі. Паўсюль бушуюць інфармацыйныя войны. Мы бачым негатыўныя тэндэнцыі ў культуры: глабалізацыя накіравана на зніжэнне ўзроўню інтэлектуальнага развіцця асобы, арыентуе на вобразы і ідэалы, не звязаныя з нацыянальнымі культурамі.
— Пазбаўляючыся ад псеўдакультуры, трэба запаўняць духоўную прастору мастацтвам і творчымі праектамі, заснаванымі на сапраў днай гісторыі, традыцыйных каштоўнасцях, ідэалах гуманізму і любові да Айчыны, — заявіў Дзмітрый Шляхцін.
Па выніках сустрэчы бакі падпісалі пратакол нарады і зацвердзілі спіс мерапрыемстваў па культурным абмене ў 2025-м. Акрамя таго, была ўзгоднена кандыдатура горада Чалпон-Ата (Кыргызстан) на атрыманне статусу турыстычнай і культурнай сталіцы ШАС у 2025—2026 гадах.
На палях нарады таксама прайшла сустрэча першага намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Шляхціна з намеснікам міністра культуры і турызму Кітайскай Народнай Рэспублікі Гаа Чжэнам. Бакі абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва нашых краін у культурнай і турыстычнай галінах.
Падрабязней — на сайце kultura.by