Культурная спадчына — аснова асноў

Апублiкавана: 11 лiпеня 2025 Стужка Афіцыйна Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 ліпеня на свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), якое назваў генеральнай рэпетыцыяй “Славянскага базару ў Віцебску”. 

Вітаючы шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў урачыстасцей у Александрыі, Кіраўнік дзяржавы спыніўся на нашых вытоках, культуры, традыцыях. 

— Вы ведаеце, якое паважлівае і ўважлівае маё стаўленне да нашай культурнай спадчыны. Гэта аснова асноў. Гэта наша душа. Без яе няма гісторыі, няма дзяржаўнасці і нас таксама няма — няма народа, — сказаў Прэзідэнт. 

Як заявіў Аляксандр Рыгоравіч, беларусы ганарацца тым, што з’яўляюцца прадаўжальнікамі тысячагадовай гісторыі славян. 

— Нашы ўяўленні пра сапраўдныя каштоўнасці, наша разуменне справядлівага ўкладу жыцця — усё фарміравалася там, у глыбіні стагоддзяў. Мы — нацыя са старажытнай гісторыяй. І дзяржаўнасць сваю будуем на прынцыпах беражлівых адносін да гістарычнай і культурнай памяці нашага народа. Усё, што стваралася на роднай зямлі сотні гадоў таму, усё, што мы сёння імкнёмся захаваць: старадаўнія абрады, рамёствы, святы — гэта і ёсць нашы карані, — падкрэсліў лідар. 

Паводле яго слоў, такія мерапрыемствы нам патрэбныя. 

— Каб ураўнаважыць імклівы рытм жыцця — дзелавога і прагматычнага. Я часта гавару: жыццё адурэла наогул. Сітуацыя вельмі цяжкая, складаная, напружвае. Мазгі часам кіпяць. І нам трэба гэтае дзейства для таго, каб супакоіліся, успомнілі, адкуль мы, і ў спакойным рытме хаця б некалькі дзён намецілі сваю будучыню, паспрабавалі забыць пра гэты цяжкі рытм нашага жыцця. Жыцця, даволі напружанага ў святле падзей, якія адбываюцца ў свеце. Негатыву хапае. А душы патрэбны эмацыянальны адпачынак, — сказаў Прэзідэнт. 

Ён таксама нагадаў, што пасля фестывалю ў Александрыі пройдзе чарговы “Славянскі базар у Віцебску”. 

— Ніхто загадзя так не задумваў, але свята “Купалле” — своеасаблівая генеральная рэпетыцыя перад гэтай маштабнай падзеяй, — заўважыў Кіраўнік дзяржавы. 

Падрабязней — на сайце president.gov.by