“Маладзечна-2025” хутка загучыць

Апублiкавана: 10 чэрвеня 2025 Стужка Музыка Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Мерапрыемствы XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” пачнуцца 10 чэрвеня. Што ў праграме? 

Як адзначыла Кацярына Усава, начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры, удзельнікаў форуму чакае больш за 70 падзей. 

— Асноўная мэта фестывалю — падтрымка таленавітай моладзі краіны не проста ў эстрадным фармаце, а з пункту гледжання папулярызацыі беларускай музычнай творчасці, — падкрэсліла Кацярына Валер’еўна. 

Старт насычанай праграме дасць абласны фестываль духавой музыкі “Майскі вальс” на Цэнтральнай плошчы Маладзечна 10 чэрвеня. Сярод выступоўцаў — мноства заслужаных калектываў. 

Асноўныя падзеі форуму пройдуць на галоўных сцэнічных пляцоўках горада 13 і 14 чэрвеня. Другі і трэці туры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні разгорнуцца ў Палацы культуры. 

Маштабны канцэрт адкрыцця прысвецяць вядомаму кампазітару Алегу Елісеенкаву, творчы шлях і жыццё якога былі непарыўна звязаны з Маладзечнам, цырымонію закрыцця — кіраўніку вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры” Уладзіміру Мулявіну. 

— Налета будзем святкаваць юбілей гэтай таленавітай асобы, — заявіла начальнік галоўнага ўпраўлення. — Напярэдадні значнай даты вырашылі нагадаць пра творчасць выдатнага музыканта. Канцэрт прагучыць у выкананні папулярнага беларускага спевака Пятра Ялфімава. 

Парадуе публіку і Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга. Яшчэ адна разынка праграмы — фінал адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2025”. Пройдуць прэзентацыі кніг, літаратурных праектаў у Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча і шэдэўраў айчынных рамеснікаў, шматлікія мастацкія майстар-класы, цікавыя сустрэчы з вядомымі творчымі людзьмі на прадпрыемствах, ва ўстановах раёна. 

Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга, Мінскі абласны і Маладзечанскі раённы выканаўчыя камітэты і іншыя. “Маладзечна-2025” хутка загучыць 

Падрабязную інфармацыю пра "Маладзечна-2025" можна знайсці на афіцыйным сайце festyval.by