Важная частка самабытнай культуры

Апублiкавана: 06 чэрвеня 2025 Стужка Афіцыйна Віцебск і воблась

Аўтар: Аўтары

Святыні, гісторыя якой непарыўна звязана з прападобнай Еўфрасінняй Полацкай, — дзевяць вякоў. Прэзідэнт Беларусі 5 чэрвеня павіншаваў суайчыннікаў з 900-годдзем заснавання Спаса-Еўфрасіннеўскага мітрапаліцкага жаночага манастыра. Гэтая мясціна — адзін з самых буйных і старажытных асяродкаў праваслаўя на тэрыторыі нашай краіны. Манастыр мае багатую мінуўшчыну, неацэнныя рэліквіі і рэдкую спадчыну духоўнага мастацтва. Сюды паломнічаюць шматлікія вернікі з усяго свету. 

“Святы манастыр па праве з’яўляецца духоўным цэнтрам Беларусі, месцам прыцягнення ўсіх хрысціян. Каля мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай моляцца аб вылечванні і суцяшэнні, з любоўю ў сэрцы дзякуюць за дапамогу”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што на беларускай зямлі свята берагуць важную частку самабытнай культуры, звязанай з працамі праваслаўнай падзвіжніцы. “Завяршыўшы работы па рэстаўрацыі манастыра і аднавіўшы яго першародную прыгажосць, мы ўнеслі бясцэнны ўклад у захаванне гістарычнай спадчыны”, — канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

І сапраўды, сёння Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр — уражальны архітэктурны ансамбль і галоўная славутасць Полацка. У комплекс уваходзяць Свята-Еўфрасіннеўскі храм, Крыжаўзвіжанскі сабор, званіца, сястрынскія карпусы, духоўна-асветніцкі цэнтр, царкоўныя крамы, гасцініцы для паломнікаў, манастырская чайная, іншыя пабудовы. Сёлета пасля шматгадовай рэстаўрацыі адкрыты Спаса-Праабражэнскі храм. Падчас аднаўлення выяўлена мноства фрэсак XII стагоддзя. У работах удзельнічалі найлепшыя спецыялісты з Беларусі і Расіі. 

У лютым на экраны выйшаў дакументальны фільм “Прыстанак святой Еўфрасінні” Уладзіміра Луцкага. Карціна створана па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна да знамянальнай даты — 900-годдзя манастыра ў Полацку. 

“Няхай пад царкоўны перазвон вера ў Бога ўмацоўвае адзінства беларускага народа і прымнажае дасягненні краіны”, — завяршыў віншаванне Прэзідэнт, пажадаўшы ўсім шчасця, здароўя, міру і згоды. 

Паводле сайта president.gov.by