Сучасны інфармацыйны ландшафт, узаемадзеянне платформаў і роля аб’ектыўнай інфармацыі. V Форум медыйнай супольнасці Беларусі разгарнуўся 5 і 6 чэрвеня на Гомельшчыне. Тэма — “Медыя сёння: фокус на праўду”.
Да ўдзелу запрошаны прадстаўнікі рэспубліканскіх, рэгіянальных, ведамасных СМІ, ідэалагічнай вертыкалі, прэс-службаў дзяржаўных органаў, іншых устаноў, эксперты ў сферы камунікацый, блогеры. Галоўным арганізатарам выступіла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Праграма вельмі насычаная: абмеркаванне найбольш актуальных пытанняў развіцця айчынных медыя ладзіцца на некалькіх пляцоўках. У цэнтры ўвагі — выклікі лічбавай эпохі і давер да інфармацыі. У кожнай дэлегацыі ад абласцей і горада Мінска — свой парадак дня, свая лакацыя. Форум ахапіў шэсць гарадоў. Акрамя Гомеля, гэта Мазыр, Жлобін, Светлагорск, Рэчыца, Рагачоў. У першы дзень прайшлі тэматычныя дыскусіі, сустрэчы ў значных месцах рэгіёна, экскурсіі. Прыкладам, дэлегацыя прэс-сакратароў і прадстаўнікоў ведамасных СМІ, сярод якіх і рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Культура і мастацтва”, паўдзельнічала ў панэльнай дыскусіі “Узаемадзеянне платформаў: як традыцыйныя і новыя медыя фарміруюць сучасны інфармацыйны ландшафт”. Шчыры дыялог разгарнуўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Таксама журналісты наведалі прадпрыемствы “Камінтэрн”, “Спартак”, завіталі ў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Другі дзень абяцае быць не менш плённым. Цягам форуму ўдзельнікі атрымаюць адказы на шэраг важных пытанняў. Чаму сёння акцэнт робіцца на праўду? Якія задачы павінны рашаць беларускія СМІ? Як тэхналогіі мяняюць медыя і якая яна — журналістыка будучыні? Грунтоўная размова завершыцца яркім акордам — цырымоніяй узнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў ХХІ Нацыянальнага конкурсу “Залатая ліцера”.
Дарэчы, да гэтага творчага спаборніцтва далучыўся і наш медыяхолдынг, заявіўшы на конкурс дзевяць найбольш цікавых праектаў 2024 года. Сярод іх — упадабаныя чытачамі газеты “Культура” серыі матэрыялаў “Векапомнае праз кінакадр”, “Максіма маладых”, “Пад увагай Першага”; ухваленыя падпісчыкамі “Мастацтва” — “За дзень наступны ўсяе зямлі”, “Культура са знакам якасці”; папулярны сярод карыстальнікаў сайта цыкл “Прэс-клуб”. Якая з нашых ініцыятыў уразіла журы “Залатой ліцеры” — неўзабаве даведаемся. Працяг будзе.