Да старту XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2025” — два тыдні. Як ідзе падрыхтоўка і чым сёння заняты адзін з яго галоўных арганізатараў — заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга”?
Днямі аркестр правёў заключныя рэпетыцыі фіналістаў конкурсу маладых выканаўцаў у павільёне Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Мастацкі кіраўнік конкурсу — Максім Расоха, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Міхаіла Фінберга.
— Гэта наш родны фестываль, — кажа Максім Мікалаевіч. — Аркестр быў адным са стваральнікаў і традыцыйна выступае суарганізатарам разам з Міністэрствам культуры, Мінскім аблвыканкамам, Маладзечанскім райвыканкамам і Белтэлерадыёкампаніяй. Невыпадкова адкрыццё фестывалю заўсёды азначаецца выступленнем нашага калектыву.
Фінал Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, без перабольшання, адна з найважнейшых падзей года ў сферы беларускай папулярнай музыкі. І, суб’ектыўна, самая хвалюючая і цікавая частка фестывальнай праграмы. Спаборніцтва разгорнецца 14 чэрвеня ў Палацы культуры Маладзечна. Па традыцыі ў ім паўдзельнічае 21 чалавек — па тры прадстаўнікі ад кожнай вобласці і горада Мінска.
Максім Расоха заўважае, што ў сёлетняй праграме з’явіцца важная навінка. У суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на вялікай сцэне выступяць пераможцы ХІ Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок - 2025”. Сярод іх вызначаць найлепшага, які атрымае гран-пры і прыз імя Алега Елісеенкава.
— Мы ўпершыню будзем уручаць прыз імя Алега Елісеенкава, які, на жаль, пайшоў з жыцця, — распавядае Максім Расоха. — Тым самым мы ўвекавечваем памяць аб нашым выдатным кампазітары, які шмат гадоў прысвяціў фестывалю ў Маладзечне і музычнаму мастацтву ў цэлым. Алег Мікалаевіч не аднойчы працаваў у журы конкурсу. Ён багата зрабіў для беларускай песні. Яго творы будуць гучаць і на “Маладзічку”, і на дарослым конкурсе.
Па словах мастацкага кіраўніка, з дзецьмі заўсёды цікава, хаця і складана працаваць, бо яны непрадказальныя. Таму ўсе ўдзельнікі аркестра знаходзяцца ў своеасаблівым прадчуванні: наперадзе тры дні насычанай і плённай працы на фестывалі.
Хаця і да Маладзечна ў аркестра спраў хапае. На наступным тыдні калектыў рэалізуе традыцыйны сумесны з Мінгарвыканкамам праект “Мары дзяцінства”. У ім задзейнічаны лепшыя навучэнцы мінскіх дзіцячых школ мастацтваў. Гэта выканаўцы на розных інструментах: народных, духавых, ударных. А таксама спевакі эстраднага і акадэмічнага вакалу. На плошчы Свабоды ў Мінску 7 чэрвеня пройдзе вялікі канцэрт, дзе юныя таленты выступяць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Мерапрыемства запланавана ў рамках серыі канцэртаў “Класіка ля Ратушы”.
— Дзеці будуць менавіта саліраваць пад акампанемент нашага аркестра, — тлумачыць Максім Расоха. — Атрымліваецца, сёлета ў нашага калектыву асаблівы прыярытэт дзецям і таленавітай моладзі.
Пацвярджэннем гэтых слоў стане і ліпеньскі фестываль “Славянскі базар у Віцебску”. У яго рамках пройдзе фінал XXIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск- 2025”. Гэта мерапрыемства накіравана на выяўленне і падтрымку адораных дзяцей і таленавітай моладзі, развіццё іх творчых здольнасцей і павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства. У фінале ўдзельнікі ў адзін дзень прадставяць саўндтрэк з папулярнага мультфільма або мастацкага фільма дзіцяча-юнацкай тэматыкі. А ў іншы выканаюць песню славянскага аўтара ў суправаджэнні аркестра.
Наогул май для Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі выпаў надзвычай насычаным. Калектыў актыўна ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях і мерапрыемствах, прымеркаваных да 80-годдзя Вялікай Перамогі: толькі 9 мая прайшлі два канцэртныя выступленні ў Мінску. Гэта былі абсалютна розныя арыгінальныя праграмы.
Акрамя таго, калектыў падрыхтаваў адмысловую канцэртную праграму “Музыка памяці”, якая складзена з твораў беларускіх кампазітараў на тэму вайны. У ёй чырвонай ніткай праходзіць напамін пра жахі, што выпалі на долю нашага народа. Музычнымі сродкамі перадаецца галоўны пасыл: кожная вайна — гэта трагедыя. Менавіта з пакут прарастае подзвіг. — Наша праграма “Музыка памяці” перадае сталы смутак беларускага народа і напамін пра тое, што больш ніколі не павінна паўтарыцца на нашай зямлі, — кажа Максім Расоха. — У ёй выкарыстаныя малавядомыя або зусім не вядомыя раней творы айчынных аўтараў. У прыватнасці, Уладзіміра Дарохіна, Віктара Войціка, Эдуарда Казачкова, Яўгена Глебава і Ігара Лучанка. Кожны з іх адлюстраваў свае асабістыя эмоцыі і перажыванні. Калі слухаеш гэту музыку, усярэдзіне ўсё пераварочваецца, быццам сам перажыў жах вайны. Для мяне гэтая праграма асабліва каштоўная, бо я даўно хацеў яе зрабіць — і ўдалося нарэшце сабраць унікальны матэрыял. Многія творы былі толькі ў рукапісных варыянтах. Яны напісаныя 50, а то і 60 гадоў таму. Але пра іх амаль ніхто не ведаў. Мы іх знайшлі, аб’ядналі ў праграму і выконваем. Такая музыка знаходзіць жывы водгук у сэрцах слухачоў…
Віктар ГАЎРЫШ
Фота з архіва аркестра і Telegram-канала Міністэрства культуры