Месца сустрэчы музеяў, навукі і бізнесу

Апублiкавана: 05 чэрвеня 2025 Стужка Музеі Мінск Падзеі

Аўтар: РУДАК Антон

VI Нацыянальны форум “Музеі Беларусі” прайшоў у Мінску з 28 па 30 мая. Унікальная пляцоўка аб’яднала больш за 80 дзяржаўных музеяў і галерэй, тураператараў, прадстаўнікоў экспертнай супольнасці і дзелавых

ВАЖНАЯ ПАДЗЕЯ 

“Музеі Беларусі” — адна з найважнейшых пляцовак для абмену досведам і развіцця музейнай справы. Першы форум прайшоў у 2012 годзе ў Гродне, другі — у 2014-м у Гомелі, трэці — у 2016-м у Магілёве, чацвёрты — у 2019-м у Брэсце, пяты — у 2022-м у Мінску. На іх музеі з розных куткоў краіны прэзентавалі свае найлепшыя экспазіцыйна-выставачныя і культурна-адукацыйныя праекты, а таксама новыя формы работы з наведвальнікамі. Форум зрабіўся важнай падзеяй у культурным жыцці краіны. 

НАЙЛЕПШЫЯ ЛАКАЦЫІ 

Тэма сёлетняга форуму — “Музей — тэрыторыя гістарычнай памяці”, ён прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. 

Мерапрыемствы разгарнуліся ў знакавых месцах сталіцы — на базе Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. Важныя складнікі парадку дня — дзелавая і прэзентацыйная часткі, скіраваныя на папулярызацыю дзейнасці музеяў, кансалідацыю музейнай супольнасці, пашырэнне кантактаў паміж арганізацыямі з іншых галін прафесійнай дзейнасці. Праграма багатая і на іншыя цікавыя падзеі. 

У вітальным слове да ўдзельнікаў форуму першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін адзначыў, што адной з архіважных задач, якія стаяць перад музейнай супольнасцю Беларусі, з’яўляецца будаўніцтва новага Нацыянальнага гістарычнага музея. У яго залах мусіць адбівацца тысячагадовая гісторыя краіны. Гэта будзе самая буйная экспазіцыя ў гісторыі суверэннай дзяржавы.

ДЗЕНЬ ПЕРШЫ 

Стартаваў форум з урачыстай цырымоніі адкрыцця, якая прайшла ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У рамках мерапрыемства адбылося ўскладанне кветак да стэлы “Мінск — горад- герой”, азнаямленне з экспазіцыяй “Гэты дзень мы набліжалі...”, прадстаўленай Расійскім нацыянальным музеем музыкі. Папаўдні распачалася дэманстрацыйная праграма, у рамках якой былі прэзентаваныя музейныя ўстановы і іх экспазіцыйныя ды культурна- пазнавальныя праекты. 

ДРУГІ І ТРЭЦІ… 

Частка мерапрыемстваў прайшла на базе Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. Удзельнікі наведалі выставу “Дарога да Перамогі”, прымеркаваную да 80-годдзя заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Таксама адбыліся навукова-практычны семінар “Вялікая Перамога ў кантэксце музейнай справы” і семінар па пытаннях выяўлення, выкарыстання і ўвядзення ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. Дзелавая праграма прадоўжылася работай секцый. 

30 мая у рамках форуму прайшоў круглы стол па пытаннях развіцця гісторыка-культурнага турызму. Таксама адбылося ўрачыстае закрыццё і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства ў намінацыях “За навацыі ў музейнай дзейнасці”, “За найлепшы музейны праект”, “За найлепшую культурна-адукацыйную праграму” і “За найлепшае музейнае выданне”. 

НІЗКА ВЫСНОЎ 

Хто аказаўся ў ліку лідараў музейнай справы? Іх імёны неўзабаве з’явяцца на старонках нашай газеты. А пакуль — некаторыя вынікі “Музеяў Беларусі”, на думку арганізатараў і ўдзельнікаў. 

Форум з’яўляецца адной з важных пляцовак для прэзентацыі музеяў і музейнай справы як найважнейшага адукацыйнага і выхаваўчага рэсурсу грамадства. Ён прыцягвае ўвагу наведвальнікаў, сродкаў масавай інфармацыі і прадстаўнікоў дзелавых колаў да музейнай справы. 

Падчас дзелавой праграмы традыцыйна абмяркоўваюцца тэмы патрыятычнага выхавання, захавання гістарычнай памяці і спадчыны, а таксама культуры і побыту беларусаў. Значная ўвага надаецца спецыфіцы арганізацыі музейнай работы з дзецьмі і людзьмі з інваліднасцю, прымяненню новых тэхналогій і прамоцыі музеяў у сацыяльных сетках. 

У рамках адзначэння 80-годдзя Перамогі ў дакладах удзельнікаў форуму ўздымаліся тэмы прадстаўлення музейнымі ўстановамі падзей і рэалій перыяду Вялікай Айчыннай вайны і гітлераўскай акупацыі Беларусі, удзелу музеяў у пошукавай рабоце і дзейнасці вайскова-патрыятычных аб’яднанняў. 

Музеі прадставілі свае найлепшыя праекты, рэалізаваныя на працягу апошніх гадоў. Прэзентацыі адзначыліся інтэрактыўным падыходам і актыўным удзелам ды зваротнай сувяззю ад гасцей форуму. Мерапрыемства прыцягнула ўвагу многіх мінчукоў і гасцей сталіцы з іншых гарадоў нашай краіны. Удзельнікі форуму атрымалі цудоўную магчымасць скласці ўражанне аб найлепшых музеях Беларусі і запланаваць візіты ў найбольш упадабаныя ўстановы. 

Антон РУДАК 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА