Браслаў — Баранавічы — Клімавічы. Гэта найлепшы маршрут для вандроўкі ў канцы мая. Святы, што ладзяцца ў названых гарадах, прывабліваюць шмат гасцей: слава пра фэсты ў Віцебскай, Брэсцкай, Магілёўскай абласцях грыміць на ўсю краіну і далёка за яе межамі.
Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” — адно з найстарэйшых: яму — 58! Сёлетняя падзея прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі і сяброўству народаў Беларусі і Расіі. Разнастайныя імпрэзы праводзіліся з 23 па 25 мая. У ліку ключавых — “Браслаўская харавая асамблея”. Творчаму спаборніцтву больш за 10 гадоў. А конкурсу народнага танца “Паазерскія тапаткі” — 5. І ён не перастае здзіўляць прафесіяналізмам і яркасцю ўдзельнікаў.
Шэраг мерапрыемстваў ладзіўся да 960-годдзя Браслава і юбілеяў мясцовых устаноў: 30-годдзе адзначылі гімназія і Музей традыцыйнай культуры. Прайшлі выстава-дэгустацыя тартоў “Салодкая лічба — 960” і агляд-прэзентацыя “Мы — калісьці, мы — сёння!”.
Да гарадской круглай даты было прымеркавана і свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”, у якога таксама юбілей — 15 гадоў. Інтэрактыўнае дзейства па традыцыі разгарнулася на Замкавай гары, якая з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Для гасцей падрыхтавалі сем лакацый. У ваярскім табары прапанавалі пазнаёміцца з побытам воінаў і з даўнімі рамёствамі. У горадзе майстроў — купіць сувеніры і павучыцца ручной творчасці. На пляцоўцы лучнікаў — убачыць выступленні стралковага клуба, на дзіцячай — натхніцца пастаноўкай тэатра “Батлейка”. Лакацыя “Жывая археалогія” запрасіла сустрэцца з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Акадэміі навук, а “Сярэднявечная кухня” — пачаставацца стравамі. Яшчэ ў межах свята “Меч Брачыслава” праходзілі рыцарскія баі. Паглыбіцца ў старажытную атмасферу дапамагалі клубы гістарычнай рэканструкцыі.
Стракатасць у праграму “Браслаўскіх зарніц” дадалі тэматычныя вечарыны, моладзевыя ініцыятывы, гастранамічны фэст, творчы форум #МЫВМЕСТЕ, выступленне эстрадных выканаўцаў і феерверк на вадзе. Да мерапрыемстваў далучыліся калектывы з Беларусі, Казахстана, Кітая, Латвіі, Расіі.
V Міжнародны фестываль духавой музыкі “Беларускія фанфары” прайшоў 23—24 мая ў рамках свята горада “Баранавіцкая вясна”. Урачыстасці распачаліся з ушанавання ўладальнікаў ганаровага звання “Чалавек года”. Плошча Леніна напоўнілася духавымі кампазіцыямі — ад класікі і ваенных твораў да сучасных хітоў. Гэта было шоу з танцамі, песнямі і выступленнем яскравых мажарэтак. Сваё майстэрства прадэманстравалі тры расійскія аркестры з Санкт-Пецярбурга, Магадана, Істры. Святочны настрой падтрымалі сем айчынных калектываў: Баранавіцкі гарадскі канцэртны аркестр, моладзевы духавы аркестр Баранавіцкага музычнага каледжа, ансамбль Інстытута пагранічнай службы, узорна-паказальны аркестр унутраных войскаў МУС, аркестр духавой і эстраднай музыкі Пінскай гарадской канцэртнай залы, народны духавы аркестр “Віціны” Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, народны духавы аркестр Гродзенскага музычнага каледжа. Публіку таксама пацешылі найлепшыя мясцовыя харэаграфічныя аб’яднанні і вакалісты.
Яркім акордам прагучаў зводны аркестр. Творчая энергія розных калектываў злілася ў трыумф духавой музыкі. Былі выкананы “Майскі вальс” Ігара Лучанка, “Купалінка” ў аранжыроўцы, “Беларусь — гэта мы” Яўгена Алейніка. Не менш эмацыйнымі аказаліся і іншыя мерапрыемствы першага святочнага дня: дэфіле, марш-парад, музычныя імпрэзы, лазернае шоу. На другі — разгарнулася конкурсная праграма і прадоўжыліся канцэрты на трох пляцоўках. А на галоўнай сцэне яшчэ ўзнагародзілі лаўрэатаў фестывалю. Таксама прайшлі гала-канцэрт мясцовых зорак, выступленне Дзіяны Лугінай, шоу Германа Цітова і дыскатэка. Усе ўдзельнікі “Беларускіх фанфар” яскрава прадставілі свае таленты і падарылі гледачам безліч шчаслівых імгненняў.
XXIII Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” разгарнуўся ў Клімавічах з 29 мая па 1 чэрвеня. Гісторыя падзеі пачалася ў 1996-м. Тады гэта было рэгіянальнае мерапрыемства. У 2001-м яно атрымала статус міжнароднага, стаўшы адной з візітовак вобласці. Свята штогод прымяркоўваецца да Дня абароны дзяцей і з’яўляецца сімвалам паспяховай творчасці юных талентаў, гарантам міжнацыянальнага сяброўства і згоды на беларускай зямлі.
Сёлета гэтая ўнікальная пляцоўка сабрала каля 700 удзельнікаў з нашай краіны, Расіі, Узбекістана ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў. Хлопцы і дзяўчаты спаборнічаюць у дзевяці намінацыях, сярод якіх — народны і эстрадны вакал, сучасны, народна-сцэнічны і народна-стылізаваны танец, жывапіс і графіка.
Кожны дзень прысвечаны асобнай тэме: сяброўству, творчасці, дасягненням, абароне дзяцей. Акрамя конкурсных праглядаў, традыцыйна ладзіцца “Міс «Залатая пчолка»”, мастацкі пленэр. Разгарнуліся інтэрактыўныя пляцоўкі, забаўляльныя танцавальныя праграмы, майстар- класы, якія праводзяць работнікі ўстаноў культуры вобласці. Таксама ўдзельнікаў чакаюць канцэрт духавой музыкі да 80-годдзя Вялікай Перамогі, шэсце “Па дарозе з сонечным дзяцінствам”, конкурс малюнка на асфальце “Няхай заўсёды будзе мір”. Не абыдзецца без цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў і гала-канцэрта “Разам з пчолкай за марай!”. Без сумневу, клімавіцкі фестываль зноў стане сапраўдным святам дзяцінства, яскравым падарункам як для жыхароў, так і для гасцей горада.