Мудрасць і душэўная глыбіня аўтэнтычнага гучання: ансамбль “Асалода” ўжо амаль 20 гадоў дорыць эстэтычнае задавальненне прыхільнікам беларускай спадчыны. Сёння гэты калектыў — неад’емная частка творчага жыцця Іванаўшчыны і сапраўдны гонар Палесся. Як жыве і развіваецца спеўны гурт з культурнай сталіцы — 2025, расказаў яго мастацкі кіраўнік Васіль Гарох.
Свой шлях ансамбль пачаў у 2007-м на базе кампаніі “Белсолад”. Ініцыятарам стварэння калектыву стаў генеральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Кенда, які актыўна спрыяў развіццю: было выдзелена памяшканне, закуплены касцюмы і апаратура, падабраны першы склад артыстаў.
— Мы пачыналі з ідэі. Хацелі заснаваць не проста гурт, а аб’яднанне людзей, якія шчыра любяць народную песню. Назва “Асалода” з’явілася адразу. Галоўнае, да чаго мы імкнуліся, — каб песня даставала да сэрца. Каб кожны слухач адчуваў яе смак, глыбіню, атрымліваў душэўную асалоду, — успамінае першыя крокі ансамбля Васіль Гарох.
Каманда была сфарміравана хутка і якасна: сам Васіль Віктаравіч узначаліў калектыў як мастацкі кіраўнік, яго жонка Людміла Пятроўна стала рэжысёрам, сын Віктар заняўся гукавым суправаджэннем, харэаграфію ж прыдумвала жонка Віктара, Марына. Атрымалася не проста сямейная справа, а сапраўдная творчая супольнасць, дзе кожны адказваў за сваю “дзялянку”, але ўсе разам працавалі на адзіную гармонію.
Ужо праз тры гады — у 2010-м — ансамбль здабыў ганаровае званне народнага. А з 2014-га “Асалода” дзейнічае пры Іванаўскім раённым Цэнтры культуры і народных традыцый, дзе мае пастаянную рэпетыцыйную базу і магчымасць сістэмна развівацца.
Сёння ў гурце — 13 удзельнікаў. Гэта людзі розных узростаў і прафесій, ад студэнтаў да ветэранаў працы. Аднак усе аб’яднаны любоўю да песні, традыцый і сцэнічнага мастацтва.
— Вельмі важна кожны твор прапусціць праз сябе. Мы не спяваем проста так. Пакуль ён не зазвоніць у душы ўсіх удзельнікаў — у праграму не трапляе. Спачатку самі павінны адчуць, пражыць песню. Толькі тады зможам перадаць яе слухачу, — падкрэслівае Васіль Віктаравіч.
Рэпертуар “Асалоды” багаты і разнастайны. Ён уключае больш за сотню твораў — ад традыцыйных беларускіх і палескіх да аўтарскіх. У тым ліку — кампазіцыі самога кіраўніка. Напрыклад, “Родная Беларусь”, “Кружыць белы бусел”, “Пралеска” на словы нашых паэтаў сталі сапраўднай візітоўкай ансамбля. Калектыў ужо выдаў тры музычныя дыскі — кожны змяшчае па 25 песень — і цяпер працуе над чацвёртым.
Асаблівасць гурта — спалучэнне вакалу, інструментальнай музыкі і харэаграфіі. Спевы суправаджаюцца аўтэнтычным танцам, уласцівай рэгіёну пастаноўкай рухаў і выкарыстаннем народных строяў.
— Вельмі ўважліва ставімся да выбару рэпертуару. Не толькі таму, што хочацца якасці, але і таму, што нясём адказнасць: мы прадстаўляем беларускую культуру. Жадаем, каб яна гучала годна, — адзначае Васіль Гарох.
Геаграфія канцэртаў “Асалоды” шырокая: калектыў выступаў на міжнародных і рэгіянальных фестывалях, на сцэнах у розных кутках Беларусі, у тым ліку ў санаторыях. Асаблівае месца сярод здабыткаў гурта займае ўдзел у міжнародным кулінарным фестывалі з песнямі і танцамі “Мотальскія прысмакі”, форуме “З любоўю да песні”, традыцыйным свяце “Фальклор без межаў”, дзе ансамбль рэгулярна прадстаўляе нумары.
Адной з самых яркіх і запамінальных падзей для артыстаў на ранніх этапах творчага шляху стаў беларуска- расійскі праект “Марафон мужнасці — 2013”, што адбыўся ў Санкт-Пецярбургу.
— Калі мы выйшлі на сцэну ў спарт- комплексе “Юбілейны” — а там было больш за 6000 гледачоў, — я адчуў гонар. Гонар за тое, што мы прадстаўляем Беларусь. Нашы песні гучалі ў Дзяржаўнай акадэмічнай капэле, а потым мы атрымалі столькі добрых водгукаў! Нас вылучылі за нацыянальны каларыт, самабытнасць, шчырасць і прафесійнае выкананне, — прыгадвае Васіль Віктаравіч.
Творчая актыўнасць — неад’ емная частка жыцця “Асалоды”. Кожны канцэрт — новы вопыт, новая сустрэча з публікай, новы выклік. Ансамбль пастаянна рухаецца наперад: рэгулярна папаўняецца рэпертуар, сцэнічныя нумары ўдасканальваюцца, ствараюцца свежыя пастаноўкі.
— Мы хочам, каб моладзь бачыла: народнае — гэта не архаіка. Гэта сіла, энергія, сапраўднасць. Мы імкнёмся перадаць такое разуменне ад пакалення да пакалення, — падкрэслівае кіраўнік гурта.
“Асалода” — ужо не проста калектыў, а культурны феномен, які з гонарам прадстаўляе Іванаўшчыну ў краіне і за яе межамі. У ансамблі — сэрца Палесся, яго спеў, яго душа. І пакуль гучыць гэты спеў — будзе жыць народная традыцыя і тая самая асалода, што робіць усіх бліжэйшымі да каранёў.
Ганна КАЛІНІНА
Фота з архіва калектыву