VI Нацыянальны форум “Музеі Беларусі” праходзіў у Мінску з 28 па 30 мая. Унікальная пляцоўка аб’яднала больш за 80 дзяржаўных музеяў і галерэй, тураператараў, прадстаўнікоў экспертнай супольнасці і дзелавых колаў.
У вітальным слове да ўдзельнікаў форуму першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін адзначыў, што адной з архіважных задач, якія стаяць перад музейнай супольнасцю Беларусі, з’яўляецца будаўніцтва новага Нацыянальнага гістарычнага музея. У яго залах мусіць адбівацца тысячагадовая гісторыя краіны. Гэта будзе самая буйная экспазіцыя ў гісторыі суверэннай дзяржавы.
“Музеі Беларусі” — адна з найважнейшых пляцовак для абмену досведам і развіцця музейнай справы. Першы форум прайшоў у 2012 годзе ў Гродне, другі — у 2014-м у Гомелі, трэці — у 2016-м у Магілёве, чацвёрты — у 2019-м у Брэсце, пяты — у 2022-м у Мінску.
Тэма сёлетняга форуму — “Музей — тэрыторыя гістарычнай памяці”, ён прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы разгарнуліся ў знакавых месцах сталіцы — на базе Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА