Адзін з прыярытэтаў на пяцігодку

Апублiкавана: 31 мая 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Найбольш актуальныя пытанні жыцця нашых людзей: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 мая правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў.

Перад пачаткам грунтоўнай размовы Аляксандр Рыгоравіч нагадаў аб сутнасці пасяджэння. 

— Гэта традыцыйнае мерапрыемства, на якім мы разглядаем найбольш актуальныя пытанні жыцця нашых людзей. Таму мы і праводзім на ўзроўні Прэзідэнта падобныя нарады, — адзначыў беларускі лідар. — Рашэнні па дадзеных пытаннях прымаюцца Прэзідэнтам у выглядзе ўказа або распараджэння, а прапрацоўваюцца спецыялістамі, членамі Урада. 

У парадак дня былі ўключаны самыя істотныя задачы, па якіх, як заявіў Аляксандр Лукашэнка, неабходна прыняць узважаныя рашэнні. Першы пункт датычыўся арэнднага жылля. 

— Пытанне, якое павінна стаць адным з прыярытэтаў на пяцігодку, — лічыць Кіраўнік дзяржавы. — Налета мы выйдзем да беларусаў з праектам прагра¬мы сацыяльна-эканамічнага развіцця, які будзе разгледжаны на Усебеларускім народным сходзе. Да гэтай сустрэчы трэба дакладна і зразумела адрэгуляваць усе палажэнні: дзе, хто, наколькі хутка і на якіх умовах можа прэтэндаваць на арэнднае жыллё. І з часам набыць яго па жаданні ва ўласнасць. Прычым нават у растэрміноўку. 

Паводле слоў Прэзідэнта, гэта важна перадусім для невялікіх населеных пунктаў (да 20 тысяч чалавек) і будзе добрым стымулам для грамадзян. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рашэнні павінны быць сістэмнымі і аднолькава прымальнымі для людзей і эканомікі рэгіёна, асабліва ў кантэксце замацавання кадраў. Кіраўнік дзяржавы абазначыў шэраг прапаноў ад насельніцтва, якія патрабуюць прадуманага падыходу. 

— Можа, дом мэтазгодна маладому спецыялісту дзесьці ў мядзведжым куце, як у нас кажуць (хаця ў Беларусі ўжо такіх няма), і падарыць. Дарам аддаць. Магчыма, у некага ёсць альтэрнатыўнае меркаванне, давайце пагаворым, — заклікаў лідар. 

Выступаючы з дакладам, Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын распавёў, што на працягу двух-трох месяцаў плануецца завяршыць інвентарызацыю арэнднага жылля, якое не выкарыстоўваецца, у цэлым па краіне. Гэта жыллё не толькі камунальнай формы ўласнасці, але і рэспубліканскай, ведамаснай прыналежнасці. Будуць сфарміраваны прапановы, што рабіць з названым масівам: нешта адрамантаваць, знесці, прадаць, дзесьці пабудаваць новы дом. “А дзесьці, магчыма, і перадаць людзям бясплатна”, — сказаў Аляксандр Турчын. 

Таксама сярод тэм, якія разглядаліся падчас нарады, былі ігральны бізнес, стварэнне ў краіне ўласнага касмічнага агенцтва, пытанні жывёлагадоўчай галіны.

Падрабязнасці — на сайце president.gov.by