Платформа для сумесных праектаў

XVIII Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД “Садружнасць Незалежных Дзяржаў: новыя гарызонты супрацоўніцтва” прайшоў 14—15 мая ў Душанбэ. Асноўныя мерапрыемствы разгарнуліся на базе Нацыянальнай бібліятэкі Таджыкістана.

ВАЖНАЯ СУСТРЭЧА 

Для ўдзелу ў форуме, арганізатарамі якога выступілі Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД і Нацыянальная акадэмія навук Рэспублікі Таджыкістан, з’ехалася каля 200 прадстаўнікоў краін Садружнасці. Гэта дзеячы навукі, культуры і адукацыі, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі міждзяржаўных структур, міжнародных арганізацый, СМІ, грамадскіх і творчых аб’яднанняў. 

Форумы навуковай і творчай інтэлігенцыі СНД праходзяць з 2006 года і з’яўляюцца найбуйнейшымі штогадовымі гуманітарнымі мерапрыемствамі на прасторы Садружнасці. На такіх сустрэчах абмяркоўваюцца планы сумесных дзеянняў, выпрацоўваюцца рэкамендацыі па найбольш актуальных пытаннях узаемадзеяння ў галіне навукі, адукацыі, культуры, інфармацыі, турызму, спорту, работы з моладдзю, а таксама фарміруецца агульная платформа для рэалізацыі сумесных праектаў.

СВЯТАЯ ПАМЯЦЬ 

Перад пачаткам форуму ўдзельнікі ўсклалі вянок да помніка заснавальніку першай таджыкскай дзяржавы — Шаху Ісмаілу Самані і азнаёміліся з навуковымі дасягненнямі і вынікамі работы навуковадаследчых устаноў НАН Таджыкістана. 

Ва ўрачыстым адкрыцці і пленарным пасяджэнні паўдзельнічалі намеснік Генеральнага сакратара СНД Нурлан Сейцімаў, Старшыня Праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва Палад Бюльбюль-аглы, спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве, сустаршыня Праўлення МФГС Міхаіл Швыдкой, іншыя высокапастаўленыя асобы. 

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі накіраваў удзельнікам форуму прывітальны адрас. Яго зачытала дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс. У прывітанні падкрэслівалася, што Беларусь падтрымлівае пашырэнне культурнага супрацоўніцтва: праз яго будуюцца трывалыя масты сяброўства паміж народамі — гэта пацвярджае гісторыя. Адзначалася, што важна бараніць традыцыйныя погляды, маральныя прынцыпы, выхоўваць моладзь на сапраўдных каштоўнасцях, што памяць аб Вялікай Айчыннай вайне — непарушная і святая. Гаварылася і аб тым, як у Беларусі адзначаецца 80-годдзе Вялікай Перамогі, праводзяцца шматлікія патрыятычныя мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне гістарычнай праўды і памяці. 

Менавіта гэтай тэме — укладу народаў Садружнасці ў Вялікую Перамогу — была прысвечана панэльная дыскусія форуму. Праз усе выступленні чырвонай ніткай прайшла думка: дзякуючы гераізму і згуртаванасці савецкага народа ўдалося абараніць Радзіму. Важна гэта памятаць і перадаваць наступным пакаленням, каб трагедыя ніколі не паўтарылася.

УЗНАГАРОДЖАНЫ

Кульмінацыяй форуму стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў галоўнай Міждзяржаўнай прэміі СНД “Зоркі Садружнасці”. Яна прысуджаецца за выдатныя дасягненні ў сферы гуманітарнай дзейнасці, якія адпавядаюць узроўню сусветных дасягненняў і садзейнічаюць развіццю як кожнай з краін — удзельніц СНД, так і Садружнасці ў цэлым. Сёлета ганаровай зоркі ўдастоена кампазітар, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Алена Атрашкевіч. 

Свае ўзнагароды атрымалі і лаўрэаты маладзёжнай прэміі СНД “Садружнасць дэбютаў”. Сярод іх — спецыяліст па арганізацыі мерапрыемстваў у сферы маладзёжнай палітыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Павел Вандзееў.

ДЫЯЛОГ АДМЫСЛОЎЦАЎ

Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі паўдзельнічалі ва ўсіх дыскусійных пляцоўках: “Традыцыі і інавацыі ў культуры краін Садружнасці”, “Сучасныя тэндэнцыі ў навуцы і адукацыі на прасторы Садружнасці” і “Магчымасці СМІ для развіцця гуманітарнай прасторы Садружнасці”. Гэтыя тэмы адлюстроўвалі імкненне творчай і навуковай інтэлігенцыі знайсці баланс паміж захаваннем культурнай спадчыны і ўкараненнем сучасных тэхналогій і падыходаў. 

Дырэктар РВУ “Культура і мастацтва” Наталля Кузняцова прадставіла інтэрактыўны праект “За дзень наступны ўсяе зямлі”, які спалучае творы мастацтва, анімацыю і тэхналогію дапоўненай рэальнасці. Праект выклікаў вялікую цікавасць, удзельнікі дыскусіі назвалі яго перспектыўным, былі намечаны шляхі пашырэння ініцыятывы. 

Начальнік аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Хачкова выступіла з дакладам “Культурны код нацыі. Традыцыі, якія аб’ядноўваюць беларускі народ і робяць яго ўнікальным”. 

У ходзе форуму генеральны дырэктар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Ганна Сенькавец і дырэктар Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя У.У. Маякоўскага ў Душанбэ Муніра Дадаева падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж тэатрамі.

РАЗАМ! 

Форум завяршыўся прыняццем рэзалюцыі. Прадстаўнікі дэлегацый выказаліся за ўмацаванне шматвяковых духоўных сувязей і сумесны пошук новых адказаў на сучасныя выклікі і пагрозы. На іх думку, важна знаходзіць падыходы для захавання гістарычнай памяці, сродкамі кіно, тэатра, літаратурнай, мастацкай і іншых відаў творчасці адлюстроўваць уклад нашых народаў у агульную Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, развіваць практыку фарміравання міжнародных творчых калектываў і калабарацый у розных сферах мастацтва, падтрымліваць і ініцыяваць сумесныя праекты. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота аўтара