Фестываль-свята «Танцуем па-даўнейшаму» разгарнуўся 24 мая ў Дзiтвянскiм Доме культуры Лідскага раеннага цэнтра культуры і народнай творчасці. Праект накіраваны на адраджэнне і захаванне народнага танца, традыцыямі якога славіцца Гродзеншчына.
– Прыемна, што мясцовая моладзь з ахвотай пераймае вопыт і майстэрства ад носьбітаў беларускіх побытавых танцаў. Ёсць упэўненасць, што наш культурны код будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, – адзначыла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.
Аматары беларускага традыцыйнага харэаграфічнага мастацтва з усёй вобласці з’ехаліся ў аг. Дзітва, каб прадэманстраваць лепшыя ўзоры беларускіх народных парных танцаў у чатырох узроставых катэгорыях ад 6 да 50 і больш гадоў з захаваннем мясцовага адметнага выканальніцкага стылю.
На працягу свята адбыўся конкурс беларускіх парных побытавых танцаў, майстар-класы па побытавых танцах, флэшмоб “Танцуем разам”, а таксама выступленні лепшых фальклорных калектываў Гродзеншчыны. Для ўдзельнікаў працавала выстава вырабаў майстроў народнай творчасці, на якой можна было набыць сабе падарункі і сувеніры на любы густ і інтэрактыўныя пляцоўкі з гульнямі,квэстамі і фотазонамі.
Без сумневу, кожны адпачыў душою, уволю павесяліўся, пазнаёміліся ў мудрагелістых танцавальных фігурах.
Напрыканцы фестывалю-свята кожны прысутны мог далучыцца да агульнай справы, дзякуючы флэшмобу «Танцуем разам!». Удзельнікі мерапрыемства са сваіх ручнікоў выклалі адзін вялікі «Ручнік творчасці». А пасля мясцовыя танцоры ізноў кінуліся ў скокі. Як быццам і не стаміліся зусім, а наадварот, напоўніліся нейкай цудоўнай энергіяй самабытнага беларускага мастацтва.