Калі спявае душа…

“Вясновыя напевы” адшумелі ў Брэсце. Чым здзівіла гледачоў абласная выстава майстроў народнай творчасці? 

Ініцыятыва правесці такое мерапрыемства належыць сябрам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Задуму падтрымалі брэсцкія ўмельцы — тры дзясяткі чалавек. Было прадэманстравана больш за 200 работ. Сярод іх аўтараў — Таццяна Зданевіч, Святлана Вяль, Анатоль Туркоў, Марыя Кулецкая, Васіль Логвін, Наталля Ярмоцык, Ала Назарук ды іншыя. Яны прадстаўляюць не толькі горад над Бугам, але і рэгіёны. У кожнага рамесніка свой асаблівы почырк і паслужны спіс. 

Убачыць багацце і разнастайнасць вырабаў можна было ў выставачнай зале абласнога грамадска-культурнага цэнтра да 11 мая. 

Разьбяр Анатоль Туркоў з Каменца — шматразовы пераможца абласных, рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў. Аўтара натхняюць Белавежская пушча і яе насельнікі. Адмысловец больш за 40 гадоў займаецца разьбой па таніраваным фоне. Такое прыкладное мастацтва характэрнае менавіта для роднага рэгіёна Анатоля. Магутныя зубры-волаты, грацыёзныя ласі, Камянецкая вежа і ваколіцы паўстаюць у работах майстра ва ўсёй красе. 

Марыя Кулецкая з Пружанаў з 1970-х працуе ў тэхніцы роспісу па шкле. Такім чынам умеліца “занатавала” народныя абрады і святы, рэлігійныя сюжэты, мясцовыя архітэктурныя славутасці. А галоўнае — аднавіла згубленае беларускае рамяство. 

Васіль Логвін доўгі час папулярызуе чорнаглянцаваную кераміку. Вучыўся ў знакамітага майстра Антона Такарэўскага. З падатлівай гліны Васіль робіць не толькі традыцыйныя збаны, але і сучасныя чайныя сервізы, сувенірныя медалі ды многае іншае. Расказваць пра кожнага ўдзельніка можна бясконца... 

І ўсё ж многіх здзівіў Сяргей Сідаркевіч з Баранавічаў. Выкаваны ім са звычайнай сталі глушэц выглядае вельмі натуральна, вось-вось, здаецца, гучна пачне такаваць ці ўзляціць. Хаця майстар — самавук. Доўгі час працаваў зваршчыкам, а мастацкія вырабы стаў ствараць некалькі гадоў таму. Дарэчы, глушэц ужо знайшоў свайго пакупніка. Зараз энтузіяст шчыруе над новай істотай — гэта сава ў натуральную велічыню. Увогуле, серыю птушак адкрыў арол… Фігуры выкананы з душой, у кожнае пёрка ўкладзена любоў. Сяргей прызнаецца: іншы раз ломіць зробленае, пачынае ўсё з нуля, калі нешта не падабаецца. Сюжэты і кампазіцыі часцяком прыходзяць аўтару ў сне. Доўгі час працу спыняў страх белага ліста, умелец не ведаў, за што ўзяцца, сумняваўся: ці вартая яго справа ўвагі спецыялістаў? Паступова няўпэўненасць атрымалася пераадолець. Зараз рамеснік марыць паехаць на “Славянскі базар у Віцебску”, паказаць там нешта незвычайнае. А галоўнае, здольнасці Сяргея ацанілі калегі — прызнаныя майстры. 

Менавіта гэтую місію выставы адзначыла старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Таццяна Зданевіч. Яна народны майстар Рэспублікі Беларусь, які займаецца ткацтвам і пляценнем паясоў, мастацкім роспісам. 

— Праект “Вясновыя напевы” дазваляе дакрануцца да нашых традыцыйных рамёстваў, духоўнай спадчыны Беларусі, падмацаваць сілы энергетыкай творчасці і любоўю да яе, — падкрэсліла Таццяна Мікалаеўна. — Мэта выставы — адраджэнне, захаванне і развіццё нацыянальнай культуры, аўтэнтычнага народнага мастацтва. Таксама гэта цудоўная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з нашымі паважанымі майстрамі. 

У экспазіцыі было прадстаўлена больш за 200 работ у разнастайных тэхніках: вышыўка і ткацтва, выцінанка, салома- і лозапляценне, валенне, ганчарства… І назва “Вясновыя напевы” праекту вельмі пасуе — адлюстроўвае пару, калі ўсё навокал прыгажэе, ажывае, гучыць. Калі ўсё радуе! А сапраўднаму майстру хочацца тварыць не толькі для сябе, але і на радасць іншым. 

У чым яшчэ адметнасці выставы? На ёй кожны аўтар — асоба. І практычна ўсе маюць вучняў — прадаўжальнікаў справы. Традыцыі народнай культуры жывуць тады, калі іх ёсць каму пераймаць, каму перадаваць. 

Да таго ж “Вясновыя напевы” — добры знак узаемадзеяння Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама. Падчас мерапрыемства былі ўручаны памятныя дыпломы і пасведчанні новых сяброў грамадскага аб’яднання. Гэтым разам да арганізацыі далучыліся Вера Волчык і Марына Пунько. 

Дарэчы, іх, а таксама іншых выбітных умельцаў запрасілі прадставіць свае вырабы на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”, які разгорнецца 24 мая ў Мінску. І там брэсцкім творцам будзе чым здзіўляць! 

Сяргей МОШЧЫК 

Фота аўтара