Партрэт і пейзаж — жанры розныя. Гэта ведае кожны шкаляр. Аднак бываюць рэдкія выпадкі, калі краявіды, зафіксаваныя пэндзлем мастака, адпавядаюць галоўнаму крытэрыю партрэта — здольнасці перадаваць самыя выразныя рысы характару.
Выстава Міхася Карпука “Партрэт роднай зямлі” ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва — акурат такі прыклад нязмушанага “наслаення” жанраў.
Міхась Карпук (1930—1989) займеў вядомасць найперш як мастак кіно і тэлебачання. Ён прыклаў руку да стварэння такіх знакавых стужак, як “Уся каралеўская раць”, “Апошняе лета дзяцінства”, “Парашуты на дрэвах”… Аднак меў і другую іпастась, вядомую шырокай публіцы меней: ці не ўсё сваё доўгае жыццё ён маляваў краявіды.
— Гэта той выпадак, калі чалавек проста не мог не маляваць, — распавядае сын мастака Андрэй Міхайлавіч. — Тата згадваў, як у маленстве ён вугаль з печкі цягаў: алоўкі ж тады на вёсцы былі раскошай. І крэмзаў дзе мог, за што атрымліваў кухталёў… У бацькі цягам жыцця былі дзве жарсці: корпацца на градах (і тут ён меў талент: у яго нават палка магла зацвісці) і маляванне. Другая жарсць урэшце перамагла. Падлеткам ён рушыў у напаўзруйнаваны Мінск 1940-х — і з першага разу паступіў у мастацкую вучэльню, якая размяшчалася тады ў будынку Опернага тэатра.
Карціна "Старабарысаўскі тракт"
Патрапіўшы ў вялікі свет, Міхась Карпук заўсёды захоўваў асаблівы сентымент да роднай вёскі Мыкшыцы, што пад Высокім — на самым захадзе Беларусі. Імкнуўся туды і фізічна, калі здараліся паўзы сярод здымак.
І гэта прытым што, як запатрабаваны мастак- пастаноўшчык, падарожнічаў ён шмат: кіношнікі тады шукалі натуру па ўсіх кутках Саюза. Бывала, мяняць кліматычныя зоны даводзілася па некалькі разоў на дзень, пераскокваючы з самалёта на самалёт і ледзь паспяваючы паміж рэйсамі зрабіць неабходныя справы. Мастак бачыў безліч прыродных дзівосаў. Але ж маляваў выключна беларускія краявіды. Іншыя не натхнялі…
— Бацькаў сябра, знакаміты тэатральны мастак Яўген Чамадураў, казаў: “Я ўвесь свет аб’ездзіў і магу ўпэўнена сцвярджаць, што неба паўсюль рознае! Не патлумачу чаму, але… паверце на слова. Скажам, у Аргенціне яно зусім не такое, як у Паўднёвай Афрыцы. А ў працах Міхася неба — менавіта беларускае!” — згадвае словы мэтра Андрэй Карпук.
Карціна "Красавіцкія воды"
Пейзаж — жанр не экзатычны. Ды і някідкія, пазбаўленыя “сенсацый” беларускія ландшафты, здавалася б, не надта спрыяюць арыгінальнаму раскрыццю творчай самасці…
На выставе Карпука — пераважна самыя “звычайныя” вясковыя краявіды: палі, пагоркі, рэкі, сціплыя царкоўкі… Выбраўшыся з “каменных джунгляў”, кожны можа ўбачыць падобнае. Папулярны сёння тэг а-ля “нечаканая Беларусь” да гэтых твораў наўрад ці дапасавальны. Аўтар і не імкнуўся здзівіць гледача, адшукаўшы нечаканы аб’ект ці ракурс.
Не было ў яго і намеру ідэалізаваць або прыхарошваць тутэйшыя ландшафты. Нават замалёўваючы такі пазнавальны помнік спадчыны, як Барысаглебская царква ў Навагрудку, ён ці не наўмысна прыхапіў заадно і сціплую хаціну, што прытулілася да велічнага старадаўняга храма.
Карціна "Далі Полаччыны"
Здзіўляе ён зусім не штучнаватай статычнай дасканаласцю. Хаця пейзаж прадугледжвае застыласць, Міхась Карпук напаўняе яго дынамікай і нават драматызмам — прычым зусім не “прыдуманымі”, не прыўнесенымі штучна. Мастак асабліва ахвотна фіксуе памежныя з’явы ў прыродзе: адлігу, чаканне навальніцы, прыход вясны… Або і проста — “Вечар дагарае”. Ён нібы падкрэслівае той несупынны і немітуслівы рух, які заўжды ёсць у прыродзе. І тым самым дазваляе адчуць няспешны і мудры ход падзей.
Міхась Карпук нібыта міжволі задае фундаментальнае для сучаснага мастацтва (і, зрэшты, вечнае) пытанне: а што ж ёсць хараством? Што вартае ўвагі, а што не? Ці можа быць хараством паўсядзённасць? І наколькі на гэтыя градацыі ўплывае погляд сузіральніка?
Пейзажы на выставе дапаўняюць партрэты. Пераважна гэта блізкія мастаку людзі: бацька, маці, дзядзькі… Малюнкі ўражваюць непрыдуманай, нетэатральнай выразнасцю: позіркаў, паставы, нават зморшчын...
— Мой дзядуля Андрэй — чалавек няпросты, — распавядае Андрэй Карпук. — Ён спяваў у царкоўным хоры, меў сваю бібліятэку. Памятаю, я знайшоў у ёй прыжыццёвае выданне Пушкіна — і гэта ў вяскоўца! Разам з братамі ён меў 22 гектары зямлі — і не наймалі парабкаў, бо самі ўсё рабілі…
Адносіны да кожнага з герояў праяўляюцца ў кожным штрышку мастака, і кожны з іх з любоўю ўвасабляе характар. Таму суседства партрэтаў з пейзажамі падаецца не выпадковым: паміж тварамі ды ландшафтамі ёсць нешта агульнае.
— Праца ў кіно накладала адбітак і на пейзажы майго бацькі, — перакананы Андрэй Карпук. — У дакамп’ ютарныя часы мастак мусіў маляваць кожны кадр, кампанаваў на аркушы дэкарацыі. Гэта неверагоднае ўмельства, адбітак якога мы можам бачыць і на гэтай выставе. Бо пейзажы тут — нібы выбудаваныя кінакадры.
Карціна "Вячэрні настрой"
Зрэшты, каштоўнасць гэтых твораў не толькі ў кампазіцыі. Углядаючыся ў іх, разумееш: перад табою — зусім не проста той заканамерны плён, які мае для мастака выезд на пленэр. Гэта адбіткі сузірання беларускай зямлі, досвед занурэння, свайго кшталту ўчытвання ў нашыя краявіды. І памкненне іх усвядоміць — ці, дакладней, успрыняць, зрабіць блізкімі да сэрца.
Углядаючыся ў “Старабарысаўскі тракт”, я бачыў універсальны вобраз шляху, бадай скразны для беларускай культуры. Хаця не выпадае сумнявацца, што на палатне выяўлена канкрэтнае месца. Як і на карцінах слыннага папярэдніка Фердынанда Рушчыца, пейзаж тут стаецца метафарай — прычым візуальна не змяняючыся.
І ў гэтай някідкасці, нязмушанасці творчага метаду — сапраўднае майстэрства мастака.
Ілья СВІРЫН