Неўтаймоўная энергія

Названы імёны ўладальнікаў міжнароднай моладзевай прэміі “Садружнасць дэбютаў”, прысвечанай Году валанцёрскага руху ў СНД. На саісканне вылучалася дзевяць намінантаў з сямі краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Сярод лаўрэатаў — Павел Вандзееў, спецыяліст па арганізацыі мерапрыемстваў у сферы моладзевай палітыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Прэмія “Садружнасць дэбютаў” заснавана ў 2008-м Саветам па гуманітарным супрацоўніцтве і Міждзяр- жаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД. Узнагароду ўжо атрымлівалі паэты і ўрачы, педагогі і вучоныя, спецыялісты па ахове помнікаў гісторыі і культуры, папулярызатары кнігі і чытання. Цырымонія ўшанавання пераможцаў адбылася 14 мая ў Душанбэ на Форуме творчай і навуковай інтэлігенцыі СНД. 

— Стаць лаўрэатам гэтай прэміі — вялікі гонар. Такая значная падзея стымулюе працаваць у яшчэ больш высокім тэмпе, — прызнаецца Павел. Але, шчыра кажучы, тэмп, аб’ёмы і якасць яго работы і без таго ўражваюць! 

ЧАМУ БДУКМ?

Творчая гісторыя Паўла Вандзеева пачалася задоўга да паступлення ва ўніверсітэт: юны гімназіст быў актыўным удзельнікам калектыву народнага тэатра песні і музыкі “Прасторы” Цэнтра культуры “Віцебск”. Таленавітага юнака заўважыла галоўны рэжысёр Ірына Коўлена і запрасіла працаваць на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” — адразу вядучым нацыянальнага адбору на Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск”, потым і вядучым самога гэтага спаборніцтва. 

— Ужо тады ў мяне сфарміравалася перакананне, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў — менавіта тое месца, дзе варта працягнуць адукацыю, — распавядае Павел. — Паступіў на платнае аддзяленне, а на другім курсе за добрую вучобу і ўклад у грамадскае жыццё мяне перавялі на бюджэт. Узначальваў пярвічную арганізацыю БРСМ, гэта быў вельмі цікавы і карысны досвед. У цэлым у БДУКМ я атрымаў вялізны аб’ём ведаў, патрэбных у працы. Тут створана аптымальная сістэма навучання і выхавання, якая спрыяе раскрыццю і развіццю найлепшых здольнасцей студэнтаў. 

КАШТОЎНЫ НАБЫТАК 

Пасля заканчэння ВНУ выпускніку-выдатніку прапанавалі застацца ў альма-матар на пасадзе спецыяліста па арганізацыі мерапрыемстваў у сферы моладзевай палітыкі. На думку непасрэднага кіраўніка Паўла Вандзеева — начальніка аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце БДУКМ Людмілы Трусь, гэта было правільнае рашэнне. 

— Культурны, карэктны і камунікабельны чалавек, высокаматываваны спецыяліст, які па-сапраўднаму любіць сваю працу і адданы ёй. Гэта ўсё пра Паўла! — лічыць Людміла Пятроўна. — Заўжды ў яго на мэце бездакорны вынік. Паўлу як арганізатару, рэжысёру і грамадскаму дзеячу ўласцівыя сабранасць і пунктуальнасць, імкненне да наватарства, пошуку крэатыўных ідэй і рашэнняў, уменне эфектыўна спраўляцца са складанымі і з нестандартнымі сітуацыямі. І студэнты, і калегі з задавальненнем узаемадзейнічаюць з Пашам. 

Наш герой упэўнены, што яго асабістыя дасягненні звязаны з работай сфарміраванай каманды захопленых людзей: 

— Супрацоўнічаем з грамадскімі арганізацыямі ўніверсітэта: “пярвічкай” БРСМ, прафсаюзам, студэнцкім саветам, іншымі. Да нас часта прыходзяць юнакі і дзяўчаты, якія хочуць паўдзельнічаць у праектах, — навучаем, трэніруем. Падтрымка і сумесныя намаганні ствараюць атмасферу, у якой кожны здольны развівацца і дасягаць новых вышынь. 

ЗАДАЧЫ, ШТО НАТХНЯЮЦЬ 

У БДУКМ рэалізоўваецца шмат ініцыятыў, у тым ліку звязаных з арганізацыяй і правядзеннем дзяржаўных спецыяльных мерапрыемстваў. У партфоліа маладога чалавека такіх не адзін дзясятак. Напрыклад, Павел Вандзееў быў памочнікам рэжысёра пратакольнай часткі ўрачыстай цырымоніі ўручэння прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”. Наш герой працаваў і вядучым на дабрачынных хакейных матчах, канцэрце для Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. За прафесійныя заслугі спецыяліста летась накіравалі дэлегатам на Сусветны фестываль моладзі ў Сочы. У чэрвені Павел выступіў галоўным рэжысёрам IV Міжнароднага дабрачыннага фестывалю “Твае таленты так патрэбныя планеце”, а ў снежні — рэжысёрампастаноўшчыкам Рэспубліканскага навагодняга балю для моладзі ў Палацы Незалежнасці. 

Сярод найбуйнейшых сёлетніх падзей — рэжысура ўрачыстых цырымоній ушанавання пераможцаў XVII Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” Беларускага саюза жанчын і ўручэння пашпартоў у рамках Усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі”, а таксама інфармацыйна-асветніцкага праекта “Адкрытыя веды”, серыі канцэртных праграм БДУКМ у Першым нацыянальным гандлёвым доме. Павел быў галоўным рэжысёрам вясновага балю Акадэміі МУС і рэжысіраваў урачыстую прэзентацыю кнігі “Невядомыя старонкі вайны адкрываюць дэпутаты беларускага Парламента”, якая прайшла 22 красавіка ў сталічным кінатэатры “Перамога”. 

Май для Паўла Вандзеева не менш напружаны. Да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне малады чалавек шчыраваў над некалькімі маштабнымі праектамі. Таксама ён выступае галоўным рэжысёрам ІІ Рэспубліканскага фестывалю сем’яў “Разам”, які праводзіцца пад эгідай Беларускага саюза жанчын напрыканцы вясны. У рамках супрацоўніцтва з кампаніяй Belavia Павел арганізоўвае канцэртныя праграмы для інклюзіўных дамоў-інтэрнатаў. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва героя