XXXI Міжнародны кінафестываль “Лістапад” разгорнецца ў беларускай сталіцы з 31 кастрычніка па 7 лістапада.
Праграма форуму будзе ўключаць конкурсныя паказы ігравых, неігравых і анімацыйных фільмаў, карцін для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі, стужак рэжысёраў-пачаткоўцаў у катэгорыі “Кіно маладых” і прадстаўнікоў нацыянальных школ. Яркае новаўвядзенне сёлетняга фестывалю — спаборніцтва для аўтараў кароткаметражных работ працягласцю ад 26 да 52 хвілін.
— Гэта вельмі важна для маладых рэжысёраў, якія не маюць рэсурсаў для стварэння поўнага метра. Працы ўбачыць і ацэніць міжнароднае журы, — расказала начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Ірына Дрыга.
Галоўныя пляцоўкі форуму — найстарэйшыя сталічныя кінатэатры. Паказы фільмаў зладзяць і ў абласных ды раённых цэнтрах, каб жыхары ўсіх рэгіёнаў Беларусі змаглі адчуць дачыненне да маштабнай падзеі.
Па традыцыі павінны адбыцца культурна-асветніцкія мерапрыемствы. У прыватнасці, гэта Дні нацыянальнага кіно краін — членаў і назіральнікаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў рамках года старшынства Рэспублікі Беларусь у ЕАЭС, круглы стол “Перспектывы развіцця кінаіндустрыі на постсавецкай прасторы” і іншыя.
— Запланаваны таксама цікавыя сустрэчы і майстар-класы для студэнтаў творчых ВНУ сталіцы. На студыі “Беларусьфільм” пройдзе дзень адчыненых дзвярэй, — расказала начальнік аддзела па кінематаграфіі.
Больш падрабязная праграма, па словах Ірыны Уладзіміраўны, з’явіцца восенню: заяўкі для ўдзелу ў конкурсных паказах прымаюцца да 1 верасня. Міністэрства культуры зараз актыўна прыцягвае з усіх куткоў свету выбітных дзеячаў, якія стануць ганаровымі членамі журы і спікерамі на творчых сустрэчах.
— Лісты-запрашэнні ўжо накіраваны калегам з Расійскай Федэрацыі, краін Еўразійскага эканамічнага саюза і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, — распавяла Ірына Дрыга. — Імкнёмся сабраць на “Лістападзе” як мага больш прафесіяналаў кінагаліны дзеля прадуктыўнага абмену думкамі і наладжвання дзелавых і творчых кантактаў.