Традыцыйна і інавацыйна

Апублiкавана: 23 мая 2025 Стужка Традыцыі Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Так мусіць прайсці рэспубліканскае свята “Купалле”, якое разгорнецца 5 ліпеня ў Александрыі. Пытанні падрыхтоўкі і правядзення падзеі абмеркавалі на пасяджэнні аргкамітэта ў Доме Урада.

Гэты фестываль карыстаецца заслужанай любоўю не толькі беларусаў, але і замежнікаў, якія з задавальненнем штогод збіраюцца на Шклоўшчыне. Свята мае традыцыі, прываблівае адметнай сяброўскай атмасферай, арганічна спалучае спадчыну і сучасныя дасягненні, аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў. Ідэя адзначаць Купалле ў Александрыі пры падтрымцы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі была ўвасоблена ў 2010-м. За 15 гадоў фэст істотна павялічыў колькасць мерапрыемстваў і гасцей, зрабіўшыся адной з візітовак краіны. 

Сёлета перад арганізатарамі пастаўлена задача — беражліва захаваць традыцыі і арганічна ўвесці свежыя падыходы. Мэта — здзівіць гасцей, злучыўшы правераныя прыёмы і новыя тэхналогіі, пры гэтым падтрымаць самабытнасць купальскай ночы. На свяце прадставяць кожную вобласць рэспублікі. Плануецца знаёмства як з прадпрыемствамі, так і з культурнымі і кулінарнымі звычаямі. Свой уклад у праграму ўнясе беларуска-расійская творчая каманда: на галоўнай сцэне адбудзецца канцэрт “Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі”. 

— Наша задача — адысці ад шаблонаў. Захаваць усё найлепшае, што ёсць у фестывалі, сяброўскую, цёплую атмасферу, але пры гэтым арганічна ўплесці нейкія новыя ноткі, сучасныя тэхналогіі, каб людзі ўсіх узростаў знайшлі нешта цікавае для сябе. Даць магчымасць усім рэгіёнам прадэманстраваць як традыцыі, так і дасягненні. Спадзяюся, што мы парадуем новымі творчымі нумарамі, лакацыямі, інтэрактыўнымі пляцоўкамі для таго, каб фестываль быў не толькі традыцыйным, але і вечна маладым, — падсумаваў Уладзімір Каранік.