Свята спорту і культуры

28 камандаў, 8 відаў спорту і безліч станоўчых эмоцый — такія агульныя вынікі XVIII Рэспубліканскай летняй спартакіяды работнікаў культуры і мастацтва. Што датычыцца падрабязнасцей, то…

Традыцыйныя спаборніцтвы разгарнуліся 17 і 18 мая ў Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”. Заяўкі на ўдзел падалі зборныя з усіх абласцей краіны і горада Мінска, а таксама каманды ўстаноў культуры рэспубліканскага падпарадкавання. Сярод іх — Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, Беларуская дзяржаўная філармонія, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета ды іншыя. 

Спартакіяду адкрыў міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. У прывітальным слове кіраўнік ведамства заклікаў каманды не проста ўдзельнічаць, а перамагаць. Актыўнасці і бадзёрасці з нагоды Дня фізкультурніка пажадаў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Міхаіл Партной. Галоўным суддзёй спаборніцтваў стаў суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі Вадзім Ліхута. 

На працягу двух дзён работнікі нашай галіны з запалам сапернічалі ў васьмі відах спорту: міні-футболе, валейболе, гіравым спорце, дартсе, настольным тэнісе, фігурным ваджэнні веласіпеда і лёгкаатлетычным кросе. Асаблівая атмасфера панавала падчас эстафеты “Дружная сям’я”. 

У агульнакамандным заліку Рэспубліканскай летняй спартакіяды работнікаў культуры і мастацтва Віцебская вобласць аказалася на трэцяй прыступцы, Мінская — на другой, на першую ўзнялася Гомельская. Былі вылучаны найлепшыя ў асобных відах спорту. Акрамя прызоў ад Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, усе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі зарад бадзёрасці і пазітыву. 

Фота з Telegram-канала Міністэрства культуры