За моцную сям’ю!

Апублiкавана: 21 мая 2025 Стужка Кіно Мінск

Аўтар: Аўтары

Рэспубліканская акцыя “Разам — за моцную і здаровую сям'ю” крочыла па краіне: з 12 па 17 мая праект ахапіў адукацыйнымі, культурніцкімі, спартыўнымі і сацыяльнымі ініцыятывамі ўсе рэгіёны. 

Сярод агульнарэспубліканскіх мерапрыемстваў адбыўся міжнародны форум “Сям’я — аснова дэмаграфічнага патэнцыялу дзяржавы” і адзіны дзень кансультавання, фінал конкурсу маладых сем’яў ваеннаслужачых “Сям’я – крышталь грамадства” і фотачэлендж “Сям’я — гэта...”, а таксама рэспубліканскае сямейнае свята ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага ў Мінску з канцэртамі і актыўнасцямі. 

У рэгіёнах праходзіла ўшанаванне “залатых” і “срэбных” юбіляраў сямейнага жыцця, спартландыі “Сям’я на старце” для сем’яў з дзецьмі-інвалідамі, выставы творчых работ “Мама, бабуля і я — рукадзельная сям’я”. У школах праводзіліся ўрокі пра сямейныя каштоўнасці і конкурсы твораў. У ВНУ — моладзевыя форумы аб сучаснай сям’і. У паліклініках — кансультацыі па рэпрадуктыўнаму здароўю. Свае праекты прадставілі грамадскія арганізацыі: “Татазала” для ўмацавання бацькоўскай ролі ў сям’і, фестываль шматдзетных сем’яў і конкурс “Уладар сяла”… 

Багата цікавінак падрыхтавала і наша галіна. Так, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” запрашала кінасеансы для ўсёй сям’і ў кінатэатрах і ўстановах культуры краіны. У акцыі ўдзельнічалі ўпадабаныя гледачамі стужкі, што прапагандуюць духоўныя, маральныя і сямейныя каштоўнасці: гульнявыя “Ліст чакання”, “Кіношнікі” і “Культурны код”, анімацыйныя “Песня Сірын”, “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар свят”, “Тошка і яго сябры. Дапоўненая рэальнасць. Перазагрузка” і дакументальныя “Птушка Фенікс Аляксея Талая” і “Абіцель святой Еўфрасінні”. Бясплатныя паказы ладзіліся для шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. 

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа з 14 па 16 мая прадставілі спектаклі, у якіх адлюстроўваюцца сямейныя каштоўнасці або, наадварот, сітуацыі, якіх варта пазбягаць для шчаслівага жыцця. Дзеці і бацькі змаглі разам паглядзець класічныя чароўныя казкі “Беласнежка і сем гномаў” і “Кот у ботах”. Дарослых чакалі трагікамедыя “Пахавайце мяне за плінтусам” паводле аповесці Паўла Санаева і драматычная камедыя “Шлюб па-італьянску” па п’есе Эдуарда дэ Філіпа “Філумена Мартурана”. Свае праекты да Дня сям’і падрыхтавалі і іншыя ўстановы культуры.