Сімвалічным стаў паказ канцэрта-спектакля “Лінія памяці. Код вайны” на ІV Рэспубліканскім конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Дэнс кангрэс”: танцавальны форум праходзіў у Мінску напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі.
“Лінія памяці. Код вайны” — пранізлівы патрыятычны канцэрт-спектакль, што нясе глабальны маральны меседж: кожнаму новаму пакаленню мы павінны перадаваць думку аб недапушчальнасці вайны. Дзясяткі таленавітых людзей, чатыры сцэнічныя пляцоўкі, якаснае гукавое і светлавое суправаджэнне, цікавы відэакантэнт — маштабы пастаноўкі ўражваюць.
Гэты праект Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў удастоены прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”. Аўтар — дацэнт кафедры харэаграфіі Вольга Наўроцкая, задума якой была рэалізавана ў 2023 годзе дзякуючы гранту Кіраўніка дзяржавы ў навуцы, адукацыі, ахове здароўя і культуры.
У спектаклі задзейнічаны выкладчыкі і студэнты кафедры харэаграфіі спецыяльнасцей “Эстрадны танец” і “Сучасны танец”, а таксама артысты, якія асвойваюць тэатральнае і інструментальнае майстэрства, аматарскія дзіцячыя калектывы — лаўрэаты шматлікіх харэаграфічных конкурсаў.
Асноўныя эпізоды апавядання — “Вайна”, “Трасцянец”, “Красны Бераг”, “Тры сястры”, “Дзіцячыя чаравікі”, “Лічбы на сэрцы”, “Хатынь” — перамяжоўваюцца і дапаўняюцца дзіцячымі маналогамі і дыялогамі, лічбамі і фактамі аб генацыдзе беларускага народа.
— Думаю, што гэты праект для маладых танцораў — свайго роду майстар-клас. Дзякуючы пастаноўцы яны бачаць, якімі харэаграфічнымі сродкамі можна адлюстроўваць такія сур’ёзныя і трагічныя тэмы, — заўважыла рэктар універсітэта Наталля Карчэўская.
З году ў год конкурс “Дэнс кангрэс” адкрывае новыя гарызонты для дзясяткаў юных талентаў нашай краіны. Не стала выключэннем і сёлетняе творчае спаборніцтва, якое прайшло напрыканцы красавіка.
Заснавальнікі форуму — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, адзін з вядучых цэнтраў развіцця айчыннай харэаграфіі.
Мэта праекта — падтрымка таленавітай прафесійна арыентаванай моладзі краіны. І ў рэалізацыі гэтай місіі, па словах Наталлі Карчэўскай, ёсць прыкметныя поспехі.
— Пераможцы мінулых гадоў актыўна ўдзельнічаюць у канцэртах па Беларусі. Для лаўрэатаў адкрыты найлепшыя пляцоўкі — найважнейшае дасягненне спаборніцтва, — падкрэсліла рэктар. — Да прыкладу, Карына Мятлікава з Рагачова, прызёр 2024-га, выступіла на заключным гала-канцэрце рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства”. Дзяўчына трапіла ў шэраг выканаўцаў трагічнай мініяцюры “Хані” — аднаго з самых шчымлівых і кранальных нумароў. Істотна і тое, што “Дэнс кангрэс” адпавядае ўсім крытэрыям для атрымання заахвочванняў спецфонду Прэзідэнта.
Конкурс праводзілі ў дзвюх намінацыях: “Сучасны танец” (катэгорыі “Сола”, “Дуэт”, “Калектыў”) і “Беларускі танец: традыцыя і навацыя” (катэгорыя “Калектыў”). На сцэну выйшлі 124 танцоры з розных рэгіёнаў нашай краіны.
Удзельнікаў ацэньвалі сапраўдныя аўтарытэты ў сферы айчыннай харэаграфіі. Гэта, у прыватнасці, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч — старшыня журы, народны артыст Беларусі Юрый Траян — намеснік старшыні, іншыя выдатныя прадстаўнікі галіны.
— Камісія заўсёды разглядае цэласнасць мастацкай выявы, сукупнасць усіх якасцей, уласцівых танцору. Ацэньваецца не толькі тэхнічны бок, але і акцёрскае майстэрства, узровень балетмайстарскай работы, — расказала Наталля Карчэўская.
У выніку творчага змагання гран-пры заваяваў мінскі калектыў ORIGAMI пад кіраўніцтвам Кацярыны Паўлавай. Летась аб’яднанне паспела здабыць спецыяльную прэмію “Дэнс кангрэса” за найлепшую харэаграфію і дыплом лаўрэата І ступені.
— Самую высокую ўзнагароду сёлета прынёс нумар “Мир, дружба, жвачка”, працаваць над якім пачалі больш за год таму, — адзначыла Кацярына Паўлава. — Перамога не была мэтай нумар адзін. У першую чаргу мы імкнуліся падзяліцца творчымі здабыткамі, атрымаць асалоду ад выступлення.
Спецыяльны прыз “За новы погляд на беларускі танец” прысудзілі харэаграфічнаму калектыву Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, а ўзнагародай за найлепшую балетмайстарскую работу ўганаравалі дацэнта кафедры харэаграфіі БДУКМ Вольгу Наўроцкую.
З моманту заснавання “Дэнс кангрэс” займеў славу выдатнай пляцоўкі для абмену вопытам і павышэння выканальніцкага майстэрства. Так, у рамках сёлетняга форуму адбыўся круглы стол, што аб’яднаў арганізатараў, членаў журы, кіраўнікоў творчых калектываў, іх падапечных, салістаў.
Пасля насычаных конкурсных дзён танцоры атрымалі ўнікальную магчымасць падзяліцца меркаваннямі, пачуць каштоўныя рэкамендацыі ад экспертаў, узняць актуальныя пытанні пастаноўкі і выканання нумароў, выбару тэматыкі і стылістыкі. У атмасферы ўзаемаразумення і дыялогу ўдзельнікі форуму шукалі і знаходзілі натхненне для далейшага прафесійнага росту.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з Telegram-канала БДУКМ