Незвычайныя сустрэчы, цікавыя забавы і яркія ўражанні. Акцыя “Ноч музеяў” зноў склікае дапытлівых: 17—18 мая да штогадовай міжнароднай ініцыятывы далучаюцца айчынныя скарбніцы.
Нацыянальны мастацкі музей акрэсліў тэму “Ночы” — “Жураўлі над Беларуссю”. Гэтыя птушкі здаўна лічыліся сімвалам шчасця і дабрабыту, а іх вяртанне з выраю — знакам абнаўлення жыцця. Дзякуючы песні на вершы Расула Гамзатава ў выкананні Марка Бернеса жураўлі зрабіліся сімвалам мужнасці і неўміручасці народнага подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне, які набывае асаблівае гучанне ў 80-ы год Перамогі. У аснове музейнай канцэпцыі — удзячнасць папярэднікам за мірнае неба над галавой. Новыя экспазіцыі, тэатральныя замалёўкі, харэаграфічныя пастаноўкі, светлавыя і мультымедыйныя інсталяцыі, вакальная і інструментальная музыка, інтэрак- тыўныя пляцоўкі і квэсты з падарункамі дазволяць наведвальнікам паглыбіцца ў гісторыю і мастацтва Беларусі, натхніцца культурнай спадчынай краіны.
Дзяржаўны літаратурны музей Я. Купалы запрашае на інтэрактыўную праграму “100 і 1 ноч”, прысвечаную 100-годдзю надання песняру звання народнага паэта Беларусі і 120-годдзю пачатку творчай дзейнасці. Для гасцей падрыхтаваны квэсты, экскурсіі, майстар-класы, розыгрышы. А яшчэ — вечарынка з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Я. Купалы: артысты прадставяць урывак спектакля “Паўлінка”, прадэкламуюць вершы класіка. Чакаецца і выступленне гурта “Церніца” з батлеечным спектаклем “Купальская містэрыя”, паказ рэтракіно з фондаў скарбніцы.
У Літаратурным музеі Петруся Броўкі распрацавалі праграму “Ноч музеяў — 2025: Час адпачынку!” і прысвяцілі яе таму, як бавілі вольны час пры жыцці аўтара. У дрэс-кодзе арганізатары зрабілі акцэнт на… расслабленасці, каб разам з гасцямі ствараць атмасферу ўтульнасці і нязмушанасці. Акрамя займальных лекцый, інтэрактываў і савецкіх настольных гульняў, запланаваны майстар-клас “Пляцём авоську” і паказ стужкі “Каханая” (“Беларусьфільм”, 1965). Кіно дазволіць прагуляцца па старых мінскіх вуліцах, якія памятаюць рытм ранейшага жыцця.
“Ноч музеяў” у Нясвіжскім палацы таксама абяцае стаць незабыўнай. Тэатралізаваная экскурсія-анімацыя “Трафейны век” перанясе наведвальнікаў у свет княжацкіх паляўнічых традыцый. Госці сустрэнуцца з гістарычнымі персанажамі, спусцяцца ў падзямелле, пабываюць на бастыёнах і адкрыюць для сябе мноства таямніц княжацкай сям’і. У двары замка разгорнуцца інтэрактыўная рыцарская пляцоўка і кірмаш рамеснікаў. Музычна-харэаграфічную праграму прадставіць Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”.
Замкавы комплекс “Мір” прапануе асаблівую экскурсію, якая пазнаёміць удзельнікаў не толькі з экспазіцыямі, але і з “закуліссем” музея. Госці зазірнуць у нумар гатэля, канферэнц-залу, більярдную, саўну, іншыя прывабныя месцы, каб убачыць усе магчымасці ўстановы.
Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей распачне акцыю, прэзентаваўшы экспазіцыю “8 крокаў да Перамогі”. Таксама пройдуць майстар-клас па стварэнні партрэтаў “Героі партызанскага краю”, тэматычны песенна-танцавальны марафон.
У Касцюковіцкім краязнаўчым музеі святочным вечарам выступяць выхаванцы мясцовага Цэнтра дзіцячай творчасці. “Начную” эстафету падхопяць умельцы раённага Дома рамёстваў — зладзяць майстар-класы і кірмаш. Разгорнуцца квэсты, гульні. Будуць працаваць дзіцячая “Пляцоўка добрага настрою”, фотазона і “Савецкі буфет”.
Дарэчы, да акцыі “Ноч музеяў” далучацца амаль усе скарбніцы краіны. У многіх прадугледжаны бонусы для шматдзетных сем’яў.