На абароне правоў працоўных

Напярэдадні 1 Мая — размова са старшынёй Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Сяргеем Крысенкам. Як ФПБ дапамагае ўмацоўваць карпаратыўную салідарнасць, вырашаць надзённыя бытавыя, вытворчыя і сацыяльныя пытанні? Адказы — у актуальным інтэрв’ю.

— Сяргей Рыгоравіч, на чым канцэнтруецца ваша прафсаюзная структура? 

— Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, як і іншыя структуры ФПБ, мае некалькі асноўных функцый. Гэта абарона правоў працоўных, выкананне заканадаўства аб працы і аб ахове працы. Кантралюем і праблемныя пытанні, такія як своечасовасць і правільнасць выплаты заработнай платы. Па зваротах грамадзян у выпадку парушэння іх правоў наймальнікамі прадстаўляем інтарэсы заяўнікаў у судах. Таксама вядзём турыстычную і санаторна-курортную аздараўленчую дзейнасць. Акрамя таго, прафсаюзы па традыцыі актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці краіны. 

Дзяржава сёння робіць шмат. І прафсаюзы дапамагаюць.

— У розны час у прафсаюзаў на кантролі былі розныя задачы. Гэта выкананне заканадаўства пры заключэнні кантрактаў з работнікамі, своечасовая аплата працы... Якія цяпер надзённыя пытанні ў сферы культуры? 

— Адразу скажу: тэма аховы працы для нас у меншай ступені актуальная. Культура — менш траўматычная галіна. Але сутыкаемся з парушэннямі пры заключэнні кантрактаў з работнікамі. Наш галоўны прававы інспектар адсочвае сітуацыю і перыядычна выязджае ва ўстановы, каб аказаць кансультатыўную дапамогу ў вырашэнні праблем. Часам тэлефануюць кіраўнікі і просяць растлумачыць заканадаўства ў частцы афармлення працоўных адносін з работнікамі. 

Другі важны напрамак — калектыўныя дагаворныя адносіны. У нас падпісаны пагадненні з галоўным упраўленнем культуры Мінаблвыканкама і ўпраўленнем культуры Мінгарвыканкама. Ганарымся, што тарыфным пагадненнем 2023 года для работнікаў культуры ўстаноўлена надбаўка па кантракце, не меншая за 30 %. На 2025-ы яна складае ўжо 50 %. І гэтыя паказчыкі выкананы ўсімі ўстановамі культуры Мінска і рэгіёна!

— У рэспубліцы існуе пытанне замацавання маладых спецыялістаў. А што ў сталіцы? 

— У Мінску і вобласці адміністрацыі ўстаноў культуры клапоцяцца аб прафесійным станаўленні і замацаванні маладых спецыялістаў. І мы з боку прафсаюзаў бачым: такой увагі да моладзі, як цяпер, не было раней. Гэта і меры прамога матэрыяльнага стымулявання — розныя надбаўкі, і забеспячэнне жыллём на льготных умовах, і сістэма настаўніцтва… Дзяржава сёння робіць шмат. І прафсаюзы дапамагаюць. Патрэбная і ініцыятыўнасць мясцовай улады. Да прыкладу, на Смалявіччыне кіраўніцтва райвыканкама прыняло рашэнне даваць магчымасць долевага будаўніцтва жылля маладым спецыялістам са сфер медыцыны, адукацыі, культуры. Такі шанц абзавесціся ўласным жыллём на льготных умовах для многіх стане сур’ёзным аргументам, каб звязаць будучыню з месцам размеркавання. 

— А як вырашаецца пытанне з забяспечанасцю жыллём у Мінску? 

— Ёсць комплекс арэнднага жылля “Магістр”. Гэта асобны квартал, дзе работнікі культуры па ўказе Прэзідэнта атрымліваюць арэнднае жыллё. Карыстаючыся ім, людзі захоўваюць права на паляпшэнне жыллёвых умоў і могуць працягваць стаяць у адпаведнай чарзе. 

Рэспубліканскі камітэт нашага прафсаюза ініцыяваў будаўніцтва дамоў для работнікаў сферы культуры долевым спосабам у Смалявічах. Жыллёвыя камісіі ва ўстановах працуюць. У раёнах больш магчымасцей для рашэння такіх пытанняў. І тут кожны спецыяліст сам вызначае, як і дзе будаваць прафесійную кар’еру.

— Чым яшчэ адметная дзейнасць галіновага прафсаюза ў сталічным рэгіёне? 

— Тут шмат устаноў маюць, па сутнасці, рэспубліканскі статус. Але прафсаюзная сістэма працуе аднолькава. Усяго ж у вобласці членамі нашага прафсаюза з’яўляюцца каля 8 тыс. работнікаў культуры. У Мінску — каля 15 тыс. Толькі ў Вялікім тэатры працуе амаль 800 чалавек. Гэта моцная арганізацыя. Яна самастойна вырашае многія пытанні. Да прыкладу, членам прафсаюза даюць зніжкі на шынамантаж і стаматалагічныя паслугі. 

Мы зараз вядзём перамовы аб скідках для членаў гарадской арганізацыі на наведванне аквапарку “Лебядзіны”. У членаў прафсаюза ёсць магчымасць атрымаць зніжку 25 % на санаторна-курортнае абслугоўванне ў санаторыях ФПБ. 

— Якія вашы планы на майскія святы? 

— Паклічам мінчан і гасцей сталіцы ў парк Перамогі — свае інтэрактыўныя пляцоўкі разгорнуць усе 15 галіновых прафсаюзаў. Мы ж прадставім нашу традыцыйную культуру. Гэта вельмі цікава і дарослым, і дзецям. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота з архіва героя