З гонарам і пашанай да подзвігу

Апублiкавана: 10 мая 2025 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: Аўтары

ІІІ Рэспубліканскі тэатральны фестываль “Перамога” распачнецца 12 мая ў Мінску.

Сёлета афіша фестывалю “Перамога”, які працягнецца да 29 мая, утрымлівае 13 спектакляў розных тэатраў. Апроч сталічных, гэта калектывы Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Маладзечна, а таксама з Санкт-Пецярбурга, якія пакажуць свае творчыя працы на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Адкрые форум Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа з Віцебска сваім прачытаннем вядомай п'есы У.Гуркіна “Саня, Ваня, з імі Рымас”. Закрые — Купалаўскі тэатр, які прапануе прэм’еру “Брамы неўміручасці” К. Крапівы, а днямі раней — драму “А зоры тут ціхія”. Удзельнічаюць Тэатр-студыя кінаакцёра са сваімі “Радавымі” А. Дударава, РТБД з “Хатыняй”, Маладзёжны тэатр эстрады з меладрамай “Без тэрміну даўнасці”. 

Сцэна са спектакля "А зоры тут ціхія"

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прывязе сваю версію “Трыбунала” А. Макаёнка. Дарэчы, 2 мая там адбылася прэм’ера яшчэ аднаго ваенна-патрыятычнага спектакля — “Вера” па п’есе брэсцкай пісьменніцы, паэткі і драматурга Зінаіды Дудзюк. Ажыццявіў абедзве пастаноўкі заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Аляксандр Козак. Увогуле гістарычных спектакляў у гэтага калектыву хапае. Пяць гадоў у рэпертуары — драматычная балада “Не пакідай мяне”, што стала адным з найлепшых увасабленняў гэтай п’есы А. Дударава. Больш за дзесяцігоддзе, але на камернай сцэне — яшчэ адна драматычная балада “Пайсці і не вярнуцца”, дзе ў адпаведнасці з аповесцю В. Быкава аўтар інсцэніроўкі і пастаноўшчык Валянціна Янавец дэталёва распрацавала псіхалогію герояў. Летась там жа ў таго ж рэжысёра з’явілася “Дзікае паляванне караля Стаха”, што пачынаецца як чытка і паступова ператвараецца ў паўнавартасны спектакль, дазваляючы добра адчуць літаратурны стыль У. Караткевіча. А 1 мая Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі вазіў у Брэст свой “Патэтычны дзённік памяці”, паказаўшы яго ў Брэсцкай крэпасці. 

Дзве пастаноўкі прыедуць з Гродна. Драматычны тэатр пакажа сваю версію “Не пакідай мяне”. Тэатр лялек — прэм’ернага “Сымона-музыку”, задума якога ўзнікла ў Алега Жугжды 12 гадоў таму. Акурат столькі, колькі працаваў над паэмай сам Якуб Колас. 

Два спектаклі мы ўбачым і з Маладзечна. Драматычны тэатр прэзентуе зусім свежую прэм’еру — “Сем трафеяў радавога Шапкіна” па п’есе Васіля Ткачова ў пастаноўцы Рамана Цыркіна. Тэатр лялек “Батлейка” — музычна-патрыятычную кампазіцыю “Помнячы герояў Перамогі!”, прэм’ера якой адбылася летась. А сёлета калектыў выпусціў да свята прыпавесць “Пераможцы”: трэба спадзявацца, праз год яна таксама патрапіць на фестываль. 

Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр, патэлефанаваўшы з 1942 года ў 1972-і, змесціць гледачоў “Па-за часам”. 

Сёлета на фестывалі “Перамога” шмат чаго ладзіцца ўпершыню. Удзельнічае Расія — з монаспектаклем “Блакадны дзённік Александрынкі”. Апроч уласна спектакляў, у праграме — некалькі майстар-класаў, творчая сустрэча, круглы стол, што пройдзе ў прэс-клубе медыяхолдыга “Культура і мастацтва”. Кожны калектыў атрымае дыплом удзельніка, а найлепшыя будуць адзначаны ў розных намінацыях.