Вялікая Перамога і захаванне памяці аб ёй — частка нашай нацыянальнай ідэі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў напярэдадні свяшчэннай даты на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод заслужаным прадстаўнікам розных сфер.
Урачыстасць адбылася ў Палацы Незалежнасці 5 мая. Звяртаючыся да герояў цяперашняга часу перад 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, лідар прыгадаў падзеі доблеснага мінулага.
— Дзякуючы беспрэцэдэнтнай мужнасці і адзінству савецкага народа завяршылася самая страшная, самая крывавая і маштабная вайна ў гісторыі чалавецтва. Завяршылася поўным разгромам фашызму. Для Беларусі гэтая Вялікая Перамога і захаванне памяці аб ёй — частка нашай нацыянальнай ідэі. Акупаваная, скатаваная ворагам, але непакораная рэспубліка-партызанка, рэспубліка-падпольшчыца заплаціла за сваё мірнае неба велізарную цану. Страціўшы кожнага трэцяга, — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў: подзвіг герояў назаўсёды застанецца найвялікшым прыкладам беззапаветнай любові да Радзімы, прыкладам, на якім выхоўваюць дзяцей, прадаўжаючы традыцыі, атрыманыя ў спадчыну ад пакалення пераможцаў.
Сярод запрошаных на цырымонію — прадстаўнікі сілавога блока, кіраўнікі рэгіёнаў, вядомых айчынных прадпрыемстваў, перадавых гаспадарак, ветэраны працы. Адзначаны і работнікі творчай сферы.
Так, дырэктар Палаца Рэспублікі Максім Прыхадоўскі ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Медаля Францыска Скарыны ўдастоены дырэктар ТАА “Музычная медыякампанія” Андрэй Гузель і генеральны прадзюсар Ганна Лукашэнка.
Аўтару і выканаўцу песень, салістцы групы “Аўра” Юліі Быкавай прысвоена ганаровае званне заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь. Такі ж тытул атрымалі вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Пётр Ламан, начальнік ансамбля — мастацкі кіраўнік Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Дзмітрый Навумовіч, артыст-вакаліст (саліст) — вядучы майстар сцэны Магілёўскай абласной філармоніі Павел Усовіч.
Ганаровым званнем заслужанага дзеяча культуры ўшанаваны выкладчык па класе ўдарных інструментаў Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы Мікалай Нярэзька.
— Атрымліваючы ўзнагароды напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі, памятайце пра тых герояў, дзякуючы якім мы жывём, — заклікаў Прэзідэнт і пажадаў рупліўцам новых здзяйсненняў на карысць Радзімы.