Ці тое яшчэ будзе

Апублiкавана: 03 мая 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Канцэртам “Ці тое яшчэ было...” адзначылі 85-гадовы юбілей Эдуарда Ханка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 

Урачыстасць, што праходзіла 25 красавіка, аб’яднала сотні прыхільнікаў творчасці народнага артыста Беларусі, у тым ліку мноства выбітных айчынных дзеячаў культуры. 

Перадусім прагучала віншаванне Прэзідэнта, якое зачытаў міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. 

“Сваёй плённай дзейнасцю Вы зрабілі значны ўклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнай музычнай культуры. Ваш творчы багаж уражвае разнапланавасцю пры нязменна высокім прафесійным узроўні. Сімфанічныя, камерныя творы, музыка да спектакляў і кінафільмаў набылі шырокую вядомасць, прынеслі славу айчыннаму мастацтву далёка за межамі Беларусі”, — гаворыцца ў адрасе. 

Руслан Іосіфавіч падзякаваў юбіляру за легендарныя кампазіцыі, якімі, па ўласным прызнанні міністра, ён захапляецца з юнацтва, і пажадаў моцнага здароўя. Эдуард Сямёнавіч у адказ падзякаваў Прэзідэнту Беларусі і кіраўніку культурнага ведамства за цёплыя словы і падтрымку. 

У працяг святкавання са сцэны прагучалі знакавыя творы мэтра, сярод якіх — “Малінаўка”, “Завіруха”, “Ці тое яшчэ будзе…”. Іх выконвалі салісты Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Крамко, салісты ўзорнага тэатра эстраднай песні “Сябрынка” і многія іншыя яркія музыканты. Песнямі “Брэст”, “Застольная” і “Самурай” парадаваў публіку і сам юбіляр. 

Фота з Telegram-канала Міністэрства культуры