Дзівосныя сюжэты, яркія колеры, гірлянды кветак… Але адваротны бок візуальнай ідыліі — незайздросны лёс мастака, тулягі і аўтсайдара. Гэта характэрныя штрыхі жыццярысу аўтараў маляванак — скажам, Язэпа Драздовіча і Алены Кіш. Распісныя дываны даўно асацыююцца з гэтымі двума імёнамі. Але неўзабаве да іх можа далучыцца і трэцяе...
Інсітная мастачка са Смаргоншчыны Ніна Бохан пры жыцці персанальных выстаў не мела. Рупліўцы змаглі сабраць яе спадчыну толькі праз чатыры дзесяцігоддзі пасля смерці. Вынікам стаў грунтоўны праект гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”. На выставе “Ніна Бохан. Уратаваныя краскі” гэтая неардынарная постаць была ўпершыню раскрытая настолькі поўна і выразна, каб пра яе загаварылі як пра з’яву беларускай культуры.
Яшчэ гадоў пяць таму пра Ніну Бохан не ведаў ніхто. Хіба толькі старажылы з вёсак Смаргоншчыны ды суседніх раёнаў згадвалі дзівакаватую кабету ў даўгім паліто, якая хадзіла з хаты ў хату, прапаноўваючы ўпрыгожыць інтэр’еры сваімі маляванкамі або роспісамі.
Дзякуючы этнаграфічным экспедыцыям — і асабліва руплівай даследчыцкай працы журналісткі смаргонскай газеты “Светлы шлях” Галіны Антонавай — імя творцы было літаральна вернутае з нябыту. Увага да яго стала своечасовай: праз лічаныя гады і ўспаміны пра мастачку, і яе творы маглі б кануць у Лету. Час ідзе няўмольна, і тыя, хто заспеў Ніну Бохан, маюць ужо вельмі сталы век…
Дзве галоўныя біяграфічныя даты, што акрэсліваюць зямны шлях мастачкі, дакладна невядомыя дасюль. Нарадзілася яна падчас Першай сусветнай у эвакуацыі, памерла на пачатку 1980-х у смаргонскім шпіталі, куды патрапіла з цяжкай хваробай. Магілу знайсці пакуль не ўдалося…
— Як і вядомая ўсім Алена Кіш, гэтая мастачка не была ўпісаная ў тагачасныя сацыяльныя стандарты грамады, — кажа навуковы супрацоўнік музея-запаведніка Генадзь Сівохін. — Ніна Бохан жыла без пашпарта (хаця і працавала нейкі час у сельскім клубе), сваёй сям’і не стварыла, і хавалі яе за кошт дзяржавы.
Паралелі з лёсам Алены Кіш тут узнікаюць непазбежна: абедзве мастачкі бадай усё жыццё былі самотныя ды туляліся з вёскі ў вёску, не маючы свайго кута. Хаця перасякацца ім не даводзілася ані геаграфічна, ані нават часава. Яны жылі ў розных рэгіёнах Беларусі, прычым Бохан маладзейшая за Кіш амаль на 30 гадоў і належыць ужо да іншага пакалення саматужных вандроўных мастакоў — пакалення апошняга.
Але ж пры гэтым іх жыццёвыя дарогі надзвычай падобныя — і адданасцю мастацтву, і той вялікай цаной, якую давялося за яе заплаціць.
На выставе прадстаўленыя амаль усе вядомыя і атрыбутаваныя творы Ніны Бохан. Назбіралася іх крыху болей за тузін. Не выпадае сумнявацца, што гэта толькі нязначная частка яе наробку за тры з лішкам дзесяцігоддзі.
Як распавёў Генадзь Сівохін, многія дываны былі літаральна ўратаваныя: энтузіясты выносілі іх з дамоў, якія ішлі пад знос. А некаторыя працы захаваліся толькі на фота. Болей за 10 гадоў таму этнографаў зацікавіла закінутая хата пад Астраўцом, сцены якой былі ці не спрэс распісаныя сюжэтнымі фрэскамі. І ўжо потым, пасля таго як хата была знесеная, выявілася, што аўтарка — Ніна Бохан.
Некаторыя творы выяўленыя зусім нядаўна — меней за год таму. Можна спадзявацца, што знаходак будзе большаць — па меры росту ўвагі да творчасці мастачкі. Аднак многія яе дываны і роспісы мы ўжо, на жаль, не ўбачым. Апытаныя даследчыкамі сяляне часта так і казалі, маўляў, былі ў нас некалі маляванкі, потым выкінулі… На выставе можна пачуць і яшчэ адну, бадай, трагікамічную гісторыю: маляваны абрус памылі ў пральнай машыне — і фарба паплыла.
— Аднак важна, што стаўленне да гэтай праявы нашай культурнай спадчыны мяняецца на вачах, — кажа Генадзь Сівохін. — Заклік Галіны Антонавай у смаргонскай “раёнцы” быў пачуты, да пошукаў далучыліся энтузіясты, часта зусім не датычныя да сферы культуры. Стала зразумела, што перад зносам закінутай хаты не лішне будзе яе агледзець. Менавіта так адзін з дываноў Ніны Бохан і быў знойдзены.
Расшукваючы па вёсках творы мастачкі, рупліўцы часам чулі ад гаспадароў: “Былі ў нас роспісы на сценах, але мы іх шпалерамі заклеілі”. Некаторыя нават дазвалялі тыя шпалеры аддзерці, каб зрабіць здымак. Хаця адна гаспадыня адмовілася пасунуць лядоўню, каб можна было поўнасцю сфатаграфаваць маляванку. Таму на здымку ў музеі тая жаночая постаць з катамі напаўзакрытая ад старонніх вачэй.
Гэта сёння выраз “хэнд-мэйд” выклікае павагу. А зусім нядаўна творы Ніны Бохан былі для сялян не болей чым даступным спосабам аздобіць свае інтэр’еры. Насценныя роспісы атрымліваліся куды таннейшымі за фабрычныя шпалеры — пагатоў мастачка пагаджалася на вельмі сціплыя ганарары.
У біяграфіі Ніны Бохан, па драбніцах сабранай энтузіястамі, ёсць цікавы эпізод. Як быццам мастацкую кар’еру яна пачала… з малявання фальшывых грошай, за што па даносе свайго кавалера патрапіла на Калыму.
Зрэшты, наведаўшы выставу, ты атрымліваеш нагоду ў праўдзівасці гэтага эпізоду ўсумніцца. Справа ў тым, што капіісткай Ніна Бохан была… так сабе. Тэхнічная выверанасць малюнка — яўна не яе моцны бок. Гэта вытлумачальна: хутчэй за ўсё, Ніна не мела нават базавай мастацкай адукацыі.
Перамаляваць слынную карціну Васняцова з трыма асілкамі (шырокай публіцы яна вядомая дзякуючы аднайменнаму шакаладу) у Бохан атрымалася… вельмі па-свойму. Адпаведна, сфальсіфікаваныя ёю купюры наўрад ці хоць нехта мог успрыняць за “чыстую манету”.
Таму не варта выключаць, што гісторыю з фальшыўкамі прыдумала сама мастачка. Магчыма, гэта не факт з біяграфіі, а частка аўтарскай міфалогіі. Многія імпазантныя творчыя асобы яе старанна вакол сябе культывуюць.
А ў тым, што Ніна была асобай імпазантнай, сумнявацца не выпадае. Сялянам яна запомнілася “багемнасцю”. Моднае паліто (хай сабе і паношанае), ярка нафарбаваныя вусны, цыгарка… У кансерватыўным вясковым асяроддзі яна выглядала белай варонай.
Урэшце, пра Бохан захавалася і яшчэ адна вартая ўвагі гісторыя. Апрача сялянскіх інтэр’ераў, мастачка аздобіла сваімі кветкамі… каляску матацыкла “Іж”. Здарылася гэта на пачатку 1980-х, калі пра цюнінг і стайлінг ніхто ў нашых ваколіцах не ведаў.
На першы погляд можа падацца, нібы майстэрства — гэта зусім не пра Ніну Бохан (як і не пра многіх іншых інсітных аўтараў). Аднак намесніца дырэктара музея-запаведніка Ксенія Сямашка прапануе з такімі высновамі не спяшацца ды звяртае ўвагу на тое, што мастачка, у адрозненне ад сваіх папярэднікаў, выкарыстоўвала для дываноў не даматканую тканіну, а фабрычную, прычым самага рознага кшталту. У большасці выпадкаў такія матэрыялы былі не надта прыдатныя для творчасці.
— Мастакі, якія нас кансультавалі, казалі, што маляваць на байкавай коўдры вельмі цяжка: тканіна ўбірае фарбу, — распавядае Ксенія Сямашка. — Прычым малюнак жа наносіўся без грунтоўкі! Часам матэрыял для дывана ўжо сам па сабе меў тэкстуру, якую аўтарцы трэба было ўлічваць.
Ды выбіраць не даводзілася: Ніна малявала на тым, што давалі гаспадары: на прасцінах, пакрывалах, нават на дзіцячай коўдры… І, адпаведна, умела выкарыстоўваць уласцівасці кожнага матэрыялу.
Выставу адкрывае здымак інтэр’ера царквы ў вёсцы Ручыца, што на Вілейшчыне. Яе аздабленнем займаўся бацька Ніны Сцяпан, і частка зробленых ім роспісаў ацалела, хаця многія фрэскі пазней былі забеленыя. Мяркуючы па ўсім, тата і дачку навучыў асновам малявання.
На думку Ксеніі Сямашка, маляванкі па сваёй эстэтыцы шчыльна спалучаныя з народным іканапісам. Скажам, адна з яркіх адметнасцяў народных абразоў — яркія кветкі, якія часта сустракаюцца і на дыванах. У нечым такія повязі тлумачаць тое, што многія “багамазы” ў савецкі час перакваліфікаваліся ў ідэалагічна нейтральныя дываны.
Дарэчы, на выставе дэманструюцца і абразы пэндзля самой Ніны Бохан, намаляваныя на замову адной шчырай каталічкі. Раскошныя ружы ды іншыя кветкі прысутнічаюць і тут.
Ксенія Сямашка звяртае ўвагу, што кветкавы бардзюр, які наогул уласцівы дыванам-маляванкам, Ніна Бохан выкарыстоўвае бадай паўсюдна. Часам атачэнне красак мае два-тры слоі, займаючы ладную частку кампазіцыі. А часам і ўвесь дыван займаюць кветкі.
Паралелі паміж маляванкамі і сакральным мастацтвам маюць не толькі фармальны характар. Яны тычацца і сюжэтаў многіх твораў. Як і Алена Кіш, Ніна часцяком малявала рай — такім, якім ён уяўляўся. Найперш прыгадваюцца радкі з прарока Ісаі, якія адлюстроўваюць гармонію усяго жывога — насуперак уласцівым дзікай прыродзе харчовым ланцужкам. Вось і тут тыгры ды львы мірна суіснуюць з зайцамі ды аленямі. Прастора аднаго з дываноў літаральна запоўненая разнастайнай жыўнасцю, якая з цікаўнасцю вітае госця, што зазірнуў у іх свет, — чалавека. Але ж далей ідылія апынаецца пад пагрозай: той чалавек — паляўнічы...
Многія мастакі маюць свой неад’емны атрыбут, такі ж пазнавальны, як вусы славутага каталонца. У выпадку з Нінай гэта драўляная самаробная валізка.
— Сяляне часта яе згадвалі і казалі, што Боханіха ніколі з ёю не расставалася, цягаючы з сабою ад хаты да хаты, — распавядае Ксенія Сямашка. — Там быў ці не адзіны яе скарб — пэндзлі і фарбы. У той валізцы яна несла радасць і прыгажосць у вясковыя хаты.
Валізку Ніны Бохан адшукаць не ўдалося, але для музейнай інсталяцыі зрабілі падобную. Адтуль вылятаюць фантастычныя жывёлы, птушкі, кветкі… Да экспазіцыі выставы куратары аднесліся надзвычай уважліва і творча. Працы мастачкі дапаўняюць інсталяцыя, фотаздымкі і эфектны жывапісны партрэт Ніны Бохан, створаны ўжо ў наш час.
“Іканапісцы” з народа часцяком бралі за ўзор прафесійныя абразы, трохі іх перайначваючы. Тое самае тычыцца і аўтараў маляванак. Пагатоў варта нагадаць, што Ніна Бохан жыла ўжо ў век тэлебачання, газет і часопісаў, а таксама рэпрадукцый, якія тыражаваліся мільёнамі асобнікаў…
Прататыпы некаторых яе дываноў знайсці не складана. Мяркуючы па ўсім, замоўца прасіў скапіраваць нейкі хрэстаматыйны твор. Аднак мастачка гэта рабіла па-свойму — нешта дадаючы ад сябе. І вось постаці трох багатыроў раптам дапаўняюцца ідылічным краявідам з лебедзямі і палацам на заднім плане.
— Тут спалучаныя адразу некалькі жанраў і крыніц уплыву, — кажа Ксенія Сямашка. — Гэты дыван — нібы сюжэт апавядання. І падчас нашых экскурсій дзятва прыдумляла цікавыя гісторыі пра асілкаў, якія прыйшлі на край зямлі і пабачылі там зачараваных прынцэс…
Маляванкі вельмі добра абуджаюць фантазію гледачоў. А Ніна Бохан наогул стварала на сваіх дыванах сапраўдныя казкі.
Традыцыйныя для дываноў сюжэты ў пару яе творчасці не губляюць актуальнасці, але ж павевы часу цяжка не заўважыць. Вось, напрыклад, класіка жанру — закаханыя. Часта такія маляванкі былі падарункам на вясковым вяселлі. Рыцар, як і належыць, прыехаў да сваёй дамы на кані, але ж апрануты гэты фацэт па тагачаснай “гарадской” модзе.
Падчас экскурсіі па выставе адна з наведвальніц уголас выказала сваё прыемнае здзіўленне: дываны кшталту тых, якія некалі віселі ў хаце яе бабулі, сёння ўспрымаюцца як каштоўная культурная з’ява і экспануюцца ў музейнай прасторы! І сапраўды, рэваларызацыя інсітнага мастацтва адбылася даволі хутка. Асабліва ўражвае пераацэнка каштоўнасці такіх позніх прадстаўнікоў гэтай з’явы, як Ніна Бохан.
Чаму ж жыхар цяперашняга свету выяў, знаёмы з 3D і 4K, захапляецца гэтымі наіўнымі творамі? Думаецца, увага да іх вытлумачальная. У век, калі “тэхнічна дасканалыя” вобразы штучны інтэлект фабрыкуе за лічаныя секунды, каструбаватыя маляванкі, зробленыя рукамі самавукаў, дзівяць непасрэднасцю, як цяпер кажуць, “да слёз”. Так бы мовіць, на кантрасце…
А на малой радзіме мастачкі яе працы па-сапраўднаму жывуць. У адным з дзіцячых садкоў Смаргоні створана цэлая калекцыя адзення на аснове вобразаў Ніны Бохан, яны з’явіліся і на майках у выглядзе прынтоў.
Здавалася б, розных самавітых гісторыка-культурных адметнасцей на Смаргоншчыне і так процьма — ад мядзведзяў з абаранкамі да знакамітага паланэза. Ды не выпадае сумнявацца, што творчасць адметнай інсітнай мастачкі зойме сярод іх належнае месца. Бо лішніх брэндаў не бывае…
Ілья СВІРЫН