Летась Бабруйскі краязнаўчы музей наведала больш за 32 тысячы чалавек. І папулярнасць экспазіцый, экскурсій, іншых культурнаадукацыйных мерапрыемстваў працягвае расці. Усяго іх, дарэчы, у 2024 годзе было арганізавана больш за 800!
— Асаблівасць працы ўстановы на сучасным этапе — пашырэнне грамадзянска-патрыятычных мерапрыемстваў, — расказвае дырэктар музея Наталля Арцёмчык. — Мы задаліся мэтай данесці да моладзі аб’ектыўную інфармацыю аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў і зрабіць уклад у барацьбу з рэабілітацыяй нацызму. На аснове архіўных дакументаў, прадстаўленых пракуратурай горада Бабруйска, і матэрыялаў з уласных фондаў музея створаны тэматычныя выставы. Распрацаваны гісторыка-краязнаўчы праект “Шлях у неўміручасць”, які ўключае ўрокі мужнасці, гадзіны памяці, відэапрэзентацыі, пешаходныя экскурсіі, прымеркаваныя да 80-годдзя вызвалення Бабруйска і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, да іншых знакавых гістарычных падзей і важных дат. Паспяхова рэалізоўваецца праект “Урок у музеі”, які прапануе ўнікальныя адукацыйныя магчымасці для школьнікаў.
Асноўны фонд музея ўключае амаль 19 тысяч прадметаў, з якіх сфарміравана 29 калекцый
— Да 80-годдзя Вялікай Перамогі мы стварылі настольную краязнаўчую стратэгічную гульню “Асноўнае заданне”, звязаную з дзейнасцю бабруйскіх падпольшчыкаў у часы вайны, — дапаўняе малодшы навуковы супрацоўнік музея Анастасія Хмялёва. — Гульнявое поле зрабілі на аснове карты-плана горада 1943—1944-га, намаляванай падпольшчыкам. У дадатак надрукавалі буклет, дзе размясцілі інфармацыю аб героях-бабруйчанах. А ўвогуле мы арганізоўваем мерапрыемствы ў самых розных формах. Запатрабаваны сярод наведвальнікаў тэматычныя квэсты, падчас якіх дзеці і дарослыя знаёмяцца з экспазіцыяй музея і асобнымі прадметамі, даведваюцца пра мінуўшчыну краю і традыцыі бабруйчан.
Амаль чвэрць стагоддзя прысвяціла рабоце ва ўстанове старшы навуковы супрацоўнік, аўтар шматлікіх праектаў і пешаходных экскурсій Іна Аўсейчык.
— Наш музей знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, які сфарміраваўся падчас узвядзення Бабруйскай крэпасці. Да сёння захавалася мноства старадаўніх будынкаў. Але каму яны належалі, што ў іх размяшчалася ў былыя часы? Хто архітэктары? Захацелася ў гэтым разабрацца, — распавядае Іна Вячаславаўна. — Дзіўныя падрабязнасці аб тутэйшым жыцці ў мінулым стагоддзі адкрылі занальны дзяржаўны архіў у Бабруйску і Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Вывучала я і перыядычны друк пачатку ХХ стагоддзя. Аб’явы ў газетах даводзілася часам разгадваць, як рэбусы... Так нарадзіўся музейна-турыстычны анлайн-праект “Стары дом”. Сабраныя звесткі дапамаглі і ў даследаванні цэлага комплексу будынкаў, якім у лістападзе 2022 года пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
На аснове праекта распрацаваны пешаходныя экскурсіі, прысвечаныя знакамітым ураджэнцам Бабруйска, архітэктуры, медыцыне і легендарным урачам, многаму іншаму. Маршруты вельмі папулярныя сярод мясцовых жыхароў і гасцей горада.
Багаты матэрыял пакладзены ў аснову кнігі аб старым Бабруйску. Над ёй зараз працуе Іна Вячаславаўна.
У музеі ёсць унікальны шлем з тысячагадовай гісторыяй — прадмет элітнага ўзбраення старажытнарускага перыяду тыпу “Чорная магіла”, аналагаў якому ў свеце — адзінкі. Артэфакт знайшлі ў затоцы правага берага Бярэзіны ў красавіку 2019 года. Шлему прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другой катэгорыі.
Ахвотных патрапіць на экскурсіі Іны Аўсейчык заўсёды шмат
А ў студзені фонды ўстановы папоўніліся калекцыяй, якая атрымала назву “Бабруйская”. Гэта лунніцы, званочкі, падвеска “Конік”, кольцы, спражкі, шмат розных крыжоў, у тым ліку энкалпіёнаў, свінцовыя пячаткі, абразы. Цяпер з рарытэтаў, сярэдні ўзрост якіх — тысяча гадоў, афармляецца экспазіцыя.
Скарбніца актыўна супрацоўнічае з турыстычнымі фірмамі і агенцтвамі, спрыяючы развіццю ўнутранага і ўязнога турызму. Наладжана ўзаемадзеянне з калектывам гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”. З музеем “Смаленская крэпасць” вядзецца сумесная работа па прасоўванні беларуска-расійскай фартыфікацыйнай спадчыны. Устаноўлены канструктыўныя адносіны з краязнаўчым музеем Сызрані, горада-пабраціма Бабруйска.
Шлем, датаваны X—XI стст., мае нацыянальнае значэнне з пункту гледжання гісторыі, археалогіі, мастацтва і культуры
У 2024-м за прафесійнае майстэрства і дасягненні ў галіне культуры калектыў Бабруйскага краязнаўчага музея быў адзначаны Падзякай Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і за шматгадовую плённую дзейнасць па развіцці і папулярызацыі нацыянальнай культуры — Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
— Люблю сваю працу. Яна дазваляе развівацца, дзяліцца назапашанымі ведамі і атрымліваць новы вопыт, — кажа Наталля Арцёмчык. — Наш калектыў — дружная творчая сям’я энтузіястаў, аднадумцаў, дзе ўсе адчуваюць сябе запатрабаванымі, дзе адносіны будуюцца на прынцыпах узаемапавагі, адказнасці кожнага за даручаную справу. Мы перакананы, што мінулае — найлепшы падарунак для будучыні.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва музея