Ды­хаць, ад­чу­ваць, на­тхняць

Ансамбль народных інструментаў “Свая ігра” Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа — унікальны сінтэз традыцыйнай музычнай культуры і сучасных творчых ідэй. Калектыў вядомы як у родным рэгіёне, так і далёка за яго межамі. Пра самабытны шлях распавёў кіраўнік гурта — кампазітар і дырыжор Леанід Маліноўскі.

“Свая ігра” пачала працу ў 2015-м, адразу зарэкамендаваўшы сябе як яркі і адметны калектыў. У 2016-м яго ўзначаліў Леанід Уладзіміравіч Маліноўскі, і з таго часу ансамбль пастаянна папаўняе рэпертуар, развівае выканальніцкае майстэрства, знаходзіць свежыя формы самавыяўлення. Пацвярджэнне гэтаму — ганаровае званне “Народны”, якое калектыў атрымаў у 2021-м. 

— Мы аб’ядналіся, каб не толькі захаваць народную музыку, але і адкрываць яе новыя грані, спалучаючы традыцыйныя матывы з актуальным мастацкім бачаннем, — падкрэслівае дырыжор. 

У складзе “Сваёй ігры” — выкладчыкі каледжа, якія вылучаюцца высокім прафесіяналізмам і адданасцю справе: Аляксандр Казарэўскі (баян, гармонік), Ніна Іванова (фартэпіяна, клавішныя), Марына Гардзеева (домра альтовая), Людміла Крукава (домра малая), Ірына Свірыдзенка (балалайка), Сяргей Брыцікаў (ударныя інструменты) і Герман Седзін (балалайка кантрабас). Апошні працягвае справу папярэдніка, Уладзіміра Слабадзенюка, які аддаў ансамблю амаль 10 гадоў творчай дзейнасці. Шматграннасць таленту кожнага ўдзельніка прыносіць канцэртам адметную глыбіню. 

ГЕАГРАФІЯ ПРЫЗНАННЯ 

Гастрольная карта гурта ахоплівае як беларускія, так і замежныя гарады. За гады выступленняў “Свая ігра” заваявала мноства ўзнагарод на прэстыжных форумах. 

— З пачатку шляху асабліва запомніўся Між- народны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік — 2017”, дзе калектыў стаў лаўрэатам II ступені, а наша ўдзельніца Ірына Свірыдзенка атрымала дыплом I ступені ў намінацыі “Саліст ансамбля”, — згадвае Леанід Уладзіміравіч. — Сярод іншых значных дасягненняў можна вылучыць перамогу ў конкурсе баяністаў-акардэаністаў AccoPremium-2018 у Рэчыцы, а таксама гран-пры на Dream Team Fest — 2019 у Мінску. У 2021-м калектыў стаў лаўрэатам міжнароднага конкурсу “Музычнае світанне” ў Маскве і здабыў галоўны прыз на Grodno Star. А ў 2023-м “Свая ігра” заваявала гран-пры III Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах Musica del Мondo, які праходзіў у Казані. 

Сёлета ансамбль удастоіўся гран-пры на адкрытым конкурсе вакалістаў і інструменталістаў “Музычны кінематограф” у Барані, а таксама стаў лаўрэатам I ступені Міжнароднага конкурсу на найлепшае выкананне віртуознага твора Brilliante (Масква). 

Гурт не толькі ўдзельнічае ў творчых спаборніцтвах, але і актыўна выступае з аўтарскімі праграмамі — на яго рахунку больш за 60 сольных канцэртаў. Асаблівую вядомасць атрымалі традыцыйныя мерапрыемствы ў Цэнтры культуры Наваполацка і беларускім Сафійскім саборы. Ансамбль таксама супрацоўнічае з Полацкім дзяржаўным універсітэтам, Віцебскай дзіцячай школай мастацтваў імя А. Багатырова ды іншымі навучальнымі ўстановамі. 

БАГАТАЯ ПАЛІТРА 

Рэпертуар “Сваёй ігры” ахоплівае шырокі дыяпазон — ад народных мелодый да джазавых аранжыровак і саўндтрэкаў. У ім — аўтарскія перакладанні рускай і замежнай класікі, арыгінальныя аркестравыя п’есы, рамансы, фальклор розных народаў і сучасныя хіты. Асобнае месца займае музыка Леаніда Маліноўскага — глыбокая, эмацыйная, свежая. 

— Кожнае новае творчае рашэнне — гэта спроба знайсці адметнае гучанне, якое аб’ядноўвае эпохі і стылі, — дзеліцца сакрэтамі поспеху кіраўнік калектыву. 

Жаданне эксперыментаваць з формай і стылем знаходзіць водгук у гледачоў і крытыкаў, а кан- цэрты ансамбля нязменна радуюць яркасцю і эмацыйнай насычанасцю. 

ГАДАВАННЕ ТАЛЕНТАЎ 

Адна з найважнейшых місій гурта — педагагічная і асветніцкая. Артысты рэгулярна праводзяць майстар-класы, уваходзяць у склад журы конкурсаў і фестываляў, аказваюць метадычную дапамогу выкладчыкам музычных школ. 

— Мы не проста працуем над рэпертуарам, а стараемся перадаць досвед моладзі. Сумесныя выступленні з дзецьмі заўсёды натхняюць нас на новае, — распавядае Леанід Уладзіміравіч. 

Узаемная павага паміж удзельнікамі, адкрытасць да дыялогу і стыль кіраўніцтва Леаніда Маліноўскага нараджаюць атмасферу сапраўднага творчага супрацоўніцтва. Менавіта яна аб’ядноўвае не толькі інструменты, але і сэрцы. 

ГАНАРЫМСЯ АЎТАРСКІМ 

Асаблівая старонка ў гісторыі ансамбля — кампазітарская дзейнасць Леаніда Маліноўскага. Больш за 200 яго работ увайшлі ў рэпертуары вядучых беларускіх і расійскіх калектываў: Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча, ансамбля цымбалістаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Арлоўскага муніцыпальнага аркестра народных інструментаў ды іншых. 

— Для мяне кожны канцэрт — гэта не проста выступленне, а магчымасць стварыць нешта новае, выйсці за рамкі звыклага, — адзначае кіраўнік “Сваёй ігры”. — Галоўнае — каб музыка жыла і кранала сэрцы слухачоў. 

Леанід Маліноўскі ўдастоены звання “Чалавек года горада Наваполацка” (2017), мае шмат ганаровых грамат гарадскога і абласнога выканаўчых камітэтаў. У 2021-м кампазітару была аб’яўлена Падзяка міністра культуры Рэспублікі Беларусь за шматгадовы ўнёсак у падрыхтоўку творчай моладзі. Таксама Леанід Уладзіміравіч атрымаў спецыяльны дыплом “За найлепшую аўтарскую работу” на Міжнародным конкурсе ансамбляў і аркестраў народных інструментаў “Прынашэнне маэстра”, прысвечаным 160-годдзю з дня нараджэння В.В. Андрэева. 

ПОГЛЯД У БУДУЧЫНЮ 

Ансамбль працягвае дынамічнае развіццё: пашырае праграму выступленняў, актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці рэгіёна, падтрымлівае і выхоўвае маладых талентаў, працуе над арыгінальнымі творамі і знаходзіць новыя шляхі да сэрцаў слухачоў. 

— Музыка — гэта жывы арганізм. Яна павінна дыхаць, адчуваць і натхняць. І я шчаслівы, што ствараю нешта новае разам з такімі цудоўнымі выканаўцамі, — падсумоўвае Леанід Уладзіміравіч. 

“Свая ігра” даказвае: народная мелодыя можа не толькі захоўваць аўтэнтычнасць, але і набываць сучаснае гучанне, аб’ядноўваючы людзей розных пакаленняў і культур. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва калектыву