“Славянка-2025”: і традыцыі, і навацыі

Чым парадуе і здзівіць XXXIV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”,  асказаў генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск” Глеб Лапіцкі.

ЦІКАВЫЯ ЗМЕНЫ 

Сёлета памяняецца фармат выступлення ўдзельнікаў XXXIV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”: 12 ліпеня ў першым аддзяленні канцэрта канкурсанты выканаюць сусветны хіт у суправаджэнні фанаграмы “-1” і шоу-балетаў. У другім — з жывым канцэртам выступіць зорка расійскай сцэны Сяргей Лазараў. Наступны дзень спаборніцтваў, дзе ўдзельнікі праспяваюць славянскія хіты ў суправаджэнні аркестра, арганізатары вырашылі сумясціць з канцэртам урачыстага закрыцця фестывалю. 

— Канкурсантаў падтрымаюць папулярныя артысты, зоркі першай велічыні: будуць выступаць самі і даваць парады. У выніку партфоліа маладых папоўніцца бясцэнным вопытам, — растлумачыў Глеб Лапіцкі. 

Па яго словах, сёлета значна пашырылася геаграфія патэнцыйных удзельнікаў, паміж імі ўзнікла больш вострая канкурэнцыя. Гэта дапаможа абраць цікавейшае, найбольш яркае, запамінальнае. 

Таксама змяніліся ўмовы для выканаўцаў у XXIII Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе. У першы дзень яны выканаюць саўндтрэк з мультфільма, папулярнага ў іх краіне. 

— Спачатку мы хацелі, каб хлопчыкі і дзяўчынкі звярнулі ўвагу на нацыянальную анімацыю. Але, высветлілася, што не ўсюды на постсавецкай прасторы такія стужкі здымалі. Каб выключыць няроўнасць паміж удзельнікамі, мы прыбралі з умоў краінавую прыналежнасць мультфільма. Цяпер распрацоўваем варыянты, як можна абыграць песні на сцэне. 

Незвычайным будзе і другі дзень спаборніцтва: дзеці праспяваюць на адной са славянскіх моў твор славянскіх аўтараў. Прычым у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга! 

— Такім чынам у кожнага юнага спевака з’явіцца магчымасць папрацаваць са знакамітым аркестрам. А яшчэ гэты крок адпавядае галоўнай задумцы фестывалю — дзяліцца культурай. У песню можна будзе дадаць нацыянальны каларыт сваёй краіны, — заўважыў Глеб Аляксандравіч. 

Акрамя таго, арганізатары вырашылі зрабіць для юных канкурсантаў падарунак — 10 ліпеня ў іх будзе вольны дзень, каб стаць удзельнікамі ўрачыстага адкрыцця, паглядзець выступленні славутасцей ці проста прасякнуцца атмасферай фестывальнага Віцебска. 

БЕЛАРУСЬ ПАМЯТАЕ 

Тэме Вялікай Айчыннай вайны на фестывалі прысвечана некалькі праектаў. На думку Глеба Лапіцкага, у маладога пакалення Дзень Перамогі часцей асацыюецца са святам і песняй Льва Лешчанкі. Так, гэта вялікая радасць. Але ж лёсавызначальнаму дню папярэднічалі гады жудасных выпрабаванняў, якія выпалі на долю беларусаў. І наш народ з гонарам іх вытрымаў. І перамог! 

— Мы пастараемся паказаць моладзі ўсе грані Вялікай Перамогі. І не проста канстатаваць факты, але данесці іх так пранікліва, каб гледачы адчулі, што такое подзвіг і што такое бязлітаснае злачынства. І каб ведалі: варварства мы больш не дапусцім, — падкрэсліў Глеб Аляксандравіч. 

РАЗАМ! 

На працягу ўсяго “Славянскага базару” будзе праходзіць праграма Саюзнай дзяржавы. Самы буйны праект — гала-канцэрт, які аб’яднае вядучых майстроў мастацтваў Беларусі і Расіі. Прадоўжыцца і традыцыя “Саюзная дзяржава — дзецям”, якая зарадзілася летась. Для юных гледачоў падрыхтавалі сямейны мюзікл “Летуценнікі”, беларуска-расійскі праект. На адзін з паказаў запросяць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія выхоўваюцца ў інтэрнатных установах, і шматдзетныя сем’і. 

— Парадуе гасцей і наш вулічны праект, які правядзём на Пушкінскай плошчы. Сёлета прысвячаем яго культуры казацтва, — расказаў Глеб Лапіцкі. — У Віцебскай абласной філармоніі адбудзецца канцэрт-спектакль “Майстар і Мандаліна” — музычна-драматычная фантазія, дзе несмяротныя вобразы і радкі культавага рамана Булгакава “Майстар і Маргарыта” стануць пунктам адліку для разважанняў аб каханні, прыгажосці, прыродзе творчасці, каштоўнасці быцця. 

Там жа пройдзе канцэрт грузінскага гурта Bravo Metehi; выступіць спявачка, кампазітар і актрыса Этэры Берыяшвілі. Не пакіне нікога абыякавым канцэрт маскоўскага ансамбля танца “Аланія”. Хуткі рытм і запал напоўняць залу філармоніі падчас канцэрта расійскага музычнага праекта “Этна-фламенка”. 

ЗОРКІ 

Сёлетні фестываль будзе рэкордным па колькасці задзейнічаных аркестраў. Гледачы пачуюць Прэзідэнцкі аркестр, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга, убачаць рок-шоу “Nikamuza”. Пётр Ялфімаў дасць сольны канцэрт у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.І. Жыновіча. Па словах Глеба Лапіцкага, у аркестравай творчасці адбудзецца аб’яднанне, якога ў краіне яшчэ не было. 

— Мы адзначым шэраг юбілеяў выдатных дзеячаў культуры і мастацтваў, сярод якіх Юрый Антонаў, Ларыса Доліна, Васіль Раінчык, Кім Брэйтбург. Успомнім геніяльных творчых людзей, якіх, на жаль, ужо няма сярод нас, — праз іх кампазіцыі, якія выконвае сучасная моладзь, — паведаміў гендырэктар. 

АБЯЦАЛІ І ВЫКАНАЛІ 

Склалася раскошная тэатральная праграма фестывалю. 

— Мы калісьці ўзялі на сябе абавязацельства прывозіць рэпертуарныя спектаклі тытулаваных тэатраў са знакамітымі артыстамі, — нагадаў Глеб Аляксандравіч. — Так, сёлета Тэатр-студыя кінаакцёра пакажа “Радавых” Аляксея Дударава. Прой- дуць спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача, маскоўскіх драматычнага тэатра “Сфера” і тэатра Росту ў Царыцыне. Адбудзецца прэм’ера містычнага трылера “Мёртвыя душы”, які паставіў у Тэатры на Паўднёвым Захадзе Міхаіл Беляковіч. 

ЭКСПЕРЫМЕНТУЕМ! 

— Наш фестываль грунтуецца на захаванні найлепшых традыцый. Таму штогод пакідаем асноўныя, стрыжневыя мерапрыемствы. Але зараз плануем насыціць праграму і эксперыментальнай творчасцю маладых, каб паказаць: “Славянскі базар” — пляцоўка, на якой могуць рэалізавацца розныя творчыя асобы! — падкрэсліў Глеб Лапіцкі. — Будзе пашыраны не толькі забаўляльны напрамак, але і адукацыйны. Апроч апрабаваных вакальнай і тэатральнай лабараторый, зараджаецца новы праект — “Тэрыторыя стАРТу” на базе Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І.І. Салярцінскага, накіраваны на акадэмічную і творчую моладзь. Прапановы ўжо разасланы ў ВНУ краіны. У іх агаворка: неабходна заявіць нешта асаблівае. 

Паводле слоў гендырэктара, рыхтуецца адноўлены фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, будзе ўзмоцнены праект “Славянскі дабравест” у кафедральных саборах Віцебска для дэманстрацыі харавога майстэрства. 

ЗАПЫТ ПУБЛІКІ 

На сёлетняй “Славянцы” з’явіцца новая пляцоўка — у цэнтральным спартыўным комплексе. 

— Ад гледачоў ёсць запыт на пашырэнне праграмы. Але павялічваць тэрміны правядзення фестывалю мы не плануем, вось і шукаем іншыя магчымасці, — растлумачыў Глеб Лапіцкі. — Стадыён ЦСК змесціць такую ж колькасць гледачоў, як і Летні амфітэатр, — 6 тысяч чалавек. Для нас гэта няпросты эксперымент. Цяпер тэхнічная служба працуе ў праліку гукавых і светлавых патокаў, каб бачнасць і чутнасць у розных сектарах была добрай. Калі водгукі аб праведзеных тут канцэртах будуць станоўчымі, не выключаем магчымасці зрабіць гэтую пляцоўку сталай для нашага культурнага форуму. 

Сёлета там пройдуць чатыры праекты. Сярод іх — эксперымент мінулага года “Зоркі ЦікТока” на “Славянскім базары ў Віцебску”. Адбудзецца і аўтографсесія з артыстамі. Каб сфатаграфавацца з кумірам, неабходна купіць білет на канцэрт і сачыць за навінамі ў сацсетках фестывалю. 

ДАРОГУ МАЙСТРАМ 

Як і ў мінулыя гады, сёлета на “Славянцы” прадставяць свае вырабы шматлікія майстры народнай творчасці. 

— Хочам крыху размежаваць напрамкі завадскога, масавага тыражавання і індывідуальнага. Магчыма, з’явіцца нейкая асобная вуліца, дзе будуць выстаўляцца менавіта рамеснікі. Майстры — самастойныя, самадастатковыя ўдзельнікі, якія могуць паўнавартасна аб сабе заявіць, — лічыць Глеб Аляксандравіч. 

ЦІ ЁСЦЬ БІЛЕЦІК? 

У гэтым годзе назіраецца беспрэцэдэнтны попыт гледачоў на фестывальны кантэнт. З лютага была ўведзена бронь квіткоў на класічныя цырымоніі без аб’яўлення дат. І калі стартаваў продаж, многіх ужо не было. Глеб Лапіцкі растлумачыў: 

— Браніруючы, людзі нават не пыталіся, у які дзень пройдзе тое ці іншае мерапрыемства, — проста заказвалі “100 білетаў”. Вось гэта, думаю, і ёсць вынік інвестыцый нашай дзяржавы ў развіццё фестывальнай культуры! Дарэчы, калі забраніраваныя білеты не выкупляюцца на працягу пяці дзён, яны вяртаюцца ў свабодны продаж. 

ПАМОЧНІКІ — ПОБАЧ 

Набор валанцёраў пачнецца ў маі, умовы прапішуць на сайце фестывалю. Але заявак ужо паступіла больш, чым у мінулыя гады. Павялічыцца квота для іншагародніх валанцёраў, для іх прадугледзяць больш месцаў для пражывання. 

— Валанцёры — наша “навігацыйная служба”, якая арыентуе людзей па горадзе. Яны будуць дапамагаць і з сустрэчай, адпраўкай удзельнікаў і гасцей. Многіх задзейнічаем у фэсце “На сямі вятрах”, — распавёў Глеб Лапіцкі. — Частка ўвойдзе ў рэжысёрскія пастановачныя групы, іншыя — у гаспадарчыя, і я лічу гэта карысным: творчаму чалавеку, асабліва калі ён хоча звязаць жыццё са сферай культуры, трэба і каробкі панасіць, і касцюмы паперавешваць. Тады зразумееш, якая яна, будучая прафесія.

АДКАЗНЫЯ ЗА БАЗАР 

Рэжысёрам цырымоніі адкрыцця і Дзён Саюзнай дзяржавы выступае Агата Мацко, дарослага конкурсу і цырымоніі закрыцця — Марына Раманоўская. Дзіцячы конкурс бярэ пад крыло Ірына Коўлена. 

— Гэта людзі, якія на “Славянскім базары” — як у сябе дома, і адказваюць за базар у прамым сэнсе! — падкрэсліў Глеб Лапіцкі. — Пералік можна працягваць: кіраўнікі беларускага штаба Ірына Нікіфарава і расійскага Мікалай Крывенка; ветэран фестывальнага руху Сяргей Пятроў, малады рэжысёр Дзяніс Клясуноў і яшчэ вялізная колькасць нашых калег. Плён іх працы радуе, але за ім стаіць неверагодна складаная справа і “баявое зладжванне” ў творчым плане, якое патрабуе ад кожнага максімальнай сканцэнтраванасці і найвышэйшай адказнасці: яны ствараюць брэнд, які ўвасабляе нашу краіну. 

Аб’яднаўчай і каардынуючай сілай фестывалю з’яўляецца зацверджаны распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Арганізацыйны камітэт, які ўзначальвае намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік. Гэта той працоўны орган, куды мы можам звярнуцца па параду і дапамогу ў любы час — і ніводнае пытанне не застанецца без адказу. Дзякуючы ўвазе, якую аказваюць фестывалю Кіраўнік нашай дзяржавы і ўрад, атрымліваецца зрабіць “Славянскі базар у Віцебску” маштабным, цікавым і сапраўды ўнікальным. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і Ульяны КАСЦЮНІНАЙ (з архіва “К”)