Майстар народных мастацкіх рамёстваў філіяла “Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва” Веткаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Людміла Кавалёва ўдастоена нагруднага знака Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
Людміла Васільеўна — народны майстар Рэспублікі Беларусь, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Вырабы аўтара дэманструюцца на выставах, упрыгожваюць музейныя калекцыі ў нашай краіне і за яе межамі. Сярод знакавых прац — 30-метровы тканы ручнік-абярэг “Кола жыцця”, які 26 красавіка 2016 года, у 30-я ўгодкі катастрофы на ЧАЭС, уручылі Прэзідэнту Беларусі. Прымаючы артэфакт, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Найлепшы падарунак, у Палацы Незалежнасці яму быць!”
Між тым лёс мог скласціся зусім інакш…
У Неглюбку Людміла Кавалёва патрапіла 44 гады таму: яе муж Уладзімір адсюль родам.
— Вёска была небагатай, падворкі сціплыя, людзі апраналіся акуратна, але проста. Затое ўсё мянялася падчас свят! На Вялікдзень завітаеш у якую хату, а там быццам музей: такімі ручнікамі і посцілкамі ўпрыгожана — вачэй не адвесці. Я сама з Брагіншчыны, дзе жанчыны таксама ткалі, але тут гэта ўзведзена ў ранг сапраўднага мастацтва, — успамінае Людміла Васільеўна. — У вёсцы працаваў ткацкі цэх Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў, куды пасля дэкрэтнага водпуску мяне ўзялі вучаніцай. Вышываць і вязаць я ўмела, а вось прамудрасці ткацтва пераймала ад дасведчаных настаўніц. Мы шчыравалі над посцілкамі і фіранкамі, ручнікамі і абрусамі, накідкамі на крэслы і канапы — уся прадукцыя была вельмі запатрабаванай.
Так Людміла змяніла атрыманую раней у Рэчыцкім вучылішчы нафтавікоў прафесію слесара кантрольнавымяральных прыбораў на творчую. Жартуе, што магла б стаць нафтавым магнатам, але дадае:
— Я не хачу іншы лёс. Улюбёная ў сваю справу.
У 1990-м па ініцыятыве дырэктара мясцовага саўгаса пры сельскім Доме культуры адкрылі гурток па ткацтве “Ніток”. Майстрыха з задавальненнем узяла дзяцей пад крыло. Спачатку сумяшчала кіраўніцтва з асноўнай працай, а калі цэх праз нерэнтабельнасць закрылі, перайшла ў Неглюбскі сельскі клуб — рэарганізаваны саўгасны ДК. Пасля ўстанова яшчэ раз змяніла статус — зараз гэта Неглюбскі цэнтр ткацтва.
Адмыслоўцы цэнтра валодаюць старажытным рамяством, якому мінімум тры сотні гадоў, — беражліва захоўваюць неглюбскую народную тэкстыльную традыцыю. У 2016-м яна была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Асноўныя прыкметы вырабаў — разнастайнасць тэхнік ткацтва і вышыўкі, складаная паліхромія, вялікі арнаментальны фонд.
— Сярод беларускіх ручнікоў неглюбскія — найбагацейшыя, — заўважае майстрыха. — Яны выконваюцца ў бела-чырвонай і бела-чырвона-чорнай гамах, а ў адным можна налічыць да 25 адценняў. Высокі мастацкі ўзровень уласцівы таксама шматкаляровым посцілкам, настольнікам (абрусам), фіранкам, накутнікам, іншым прадметам інтэр’ера.
Уражваюць неглюбскія вырабы і колькасцю геаметрычных і раслінных арнаментаў — іх больш за 120. Кожны мае сваю назву і асаблівасці. Ёсць, напрыклад, “яблыкі”, “крывулі”, “павукі”, “мышыная сцежка”. Узор “васьмірожка” сімвалізуе сям’ю, а адзін з самых вядомых — “кручча” — абазначае новы ўраджай. І, на думку Людмілы Кавалёвай, хаця арнаментызм уласцівы культурам розных краін, неглюбскія ўзоры ні з якімі іншымі не зблытаеш.
Неглюбскае ткацтва — унікальная з’ява беларускай культуры.
Дзіўна, як ткачыхі спалучаюць арнаменты. Падбіраюць іх інтуітыўна: вось гэтыя павінны размяшчацца побач, а тыя — упрыгожваць краі вырабу. І майстрыхі не памыляюцца — усё выглядае вельмі гарманічна!
— Я і пакупнікам, якія прыязджаюць па нашы ручнікі, раю: калі нейкі асабліва спадабаўся, смела бярыце — значыць, сэрца падказала. І будзе ён доўгія гады для вас абярэгам, — распавядае адмысловец.
Людміла Васільеўна робіць свае шэдэўры на старажытным драўляным ткацкім станку. У Неглюбцы такія называюць “стовы” (замест звыклага “кросны”). Пражу выкарыстоўвае ад айчынных вытворцаў — гродзенскую (чырвоную, чорную і белую) і каляровую пінскую.
— Святочны ручнік, абавязковы атрыбут пры сустрэчы дарагіх гасцей ці маладых (на ім звычайна падаюць хлеб-соль), тчом у шырыню сантыметраў 38—40, а ў даўжыню — ад паўтара да чатырох метраў. Такі выглядае багата, — дзеліцца асаблівасцямі вытворчасці майстрыха. — Спачатку робім аснову са швейных белых нітак. Затым шчыльна пераплятаем яе ўтком, каб не прасвечвала: на кожным сантыметры асновы ўточную нітку пракідваем туды-назад 20 разоў, пастаянна прыбіваючы яе бёрдам. Стовы запраўляем метраў на 50, каб хапіла на некалькі ручнікоў. Так выходзіць больш рэнтабельна.
Неглюбскія ткачыхі выкарыстоўваюць браную, пераборную, выбарную, закладную і шматнітовую тэхнікі. Гэта значна пашырае асартымент, бо адзін і той жа арнамент, выкананы па-рознаму, выглядае асабліва. Разнастайнасць залежыць і ад нітак, і ад таго, хто тчэ, і нават ад настрою майстра. Таму аднолькавых ручнікоў тут не знойдзеш. Людміла Кавалёва параўноўвае гэта з музыкай: нот сем, а колькі песень і мелодый!
— Самая вялікая ўзнагарода для мяне — чуць падзяку ад неглюбскіх ткачых за тое, што працягваю іх справу, — кажа Людміла Васільеўна. Народны майстар, няйначай!
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва гераіні