Прыгожа і пазнавальна

Апублiкавана: 20 красавiка 2025 Стужка Харэаграфія Мінск Падзеі

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Фінал IV Адкрытага рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Час танцаваць” пройдзе 5 красавіка ў канцэртнай зале “Мінск”. На сцэну выйдуць каля 900 удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Кітая.

“Час танцаваць” — маштабны сацыяльна-значны праект, арганізатарам якога з’яўляецца Рэспубліканскі культурна-асветніцкі цэнтр Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Місія праекту — папулярызацыя харэаграфічнага мастацтва, далучэнне людзей розных узростаў да багатай культурнай спадчыны краіны і захаванне пераемнасці танцавальных традыцый сярод маладога пакалення — рэалізуецца з прыкметнымі поспехамі. Так, за 2022—2024 гады дзякуючы конкурсу аб сваім таленце заявілі больш за 2500 танцораў з 24 гарадоў Беларусі і замежжа. 

РАЗМАХ УРАЖВАЕ 

Сёлета, па словах дырэктара РКАЦ Аляксандра Сідарэнкі, паступіла больш за 100 заявак.

— Па выніках адборачнага туру атрымалася 85 нумароў — практычна на 20 больш у параўнанні з 2024-м. Гэтыя лічбы сведчаць: цікавасць да праекта з году ў год расце, — адзначыў кіраўнік цэнтра. — На сцэну выйдуць амаль 40 калектываў у шасці ўзроставых катэгорыях практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі. Заяўлены ўдзельнікі з Расійскай Федэрацыі, у прыватнасці гарадоў Барнаул і Арол, нумары “Радзіма” і “Дзяўчына Дай у дажджлівы дзень” салістаў з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Пераможцаў вызначаць у пяці намінацыях: класічны, сучасны, эстрадны, бальны і народны танец, апошні — нязменны лідар па колькасці нумароў. Высокая папулярнасць напрамку падштурхнула арганізатараў заснаваць спецыяльны прыз “За захаванне і развіццё традыцый народнага танца”, які адзначыць выдатныя намаганні ў справе зберажэння харэаграфічнай спадчыны. 

Дадатковая ўзнагарода таксама чакае найлепшага балетмайстра і танцораў, чый нумар найбольш высока і кранальна ўвасобіць тэму 80-годдзя Вялікай Перамогі — яшчэ адно значнае новаўвядзенне. Лаўрэаты I, II і III ступеняў і пераможцы ў пяці намінацыях атрымаюць дыпломы і кубкі, а ўладальнік гран-пры — грашовы прыз у памеры 200 базавых велічынь. 

Ацэньваць канкурсантаў будуць сапраўдныя аўтарытэты ў свеце айчыннай харэаграфіі: заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская — старшыня камісіі; суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, педагог вышэйшай катэгорыі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Аляксей Кісялёў; заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ігар Музалеўскі; народны артыст Беларусі Канстанцін Кузняцоў; выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, уладальнік Гранд-прэміі спецыяльнага Фонду Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Сабіна Мазгавая.

Зрэшты, склад журы амаль не мяняецца. Такая практыка дазваляе экспертам бачыць важныя тэндэнцыі развіцця харэаграфічнага мастацтва ў Беларусі, даваць ім грунтоўную адзнаку. 

Разглядаецца не толькі тэхнічны аспект выступлення, але і акцёрскае майстэрства, касцюм, тэма і ідэя твора, агульная арганічнасць. 

ДАСКАНАЛА, НАТХНЁНА 

Неад’емны элемент спаборніцтва — насычаная адукацыйная праграма, накіраваная на павышэнне прафесійнага ўзроўню танцораў і балетмайстраў. 

— За тры конкурсныя гады праведзены два буйныя семінары, апошні з якіх аб’яднаў каля 50 педагогаў, а яшчэ амаль 10 тэарэтычных і практычных заняткаў, — расказаў дырэктар цэнтра. 

Цяпер запланаваныя два майстар-класы: “Сучасны танец і раскрыццё сваіх здольнасцей”, і “Розныя скокі — ды ва ўсе бокі”. Апошні — ад старшага выкладчыка кафедры харэаграфіі БДУКМ Любові Новік. 

— Доўгі час я была рэпетытарам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”. Гэты конкурс — выдатная пляцоўка для перадачы каласальнага досведу, атрыманага падчас шматлікіх гастроляў. Прыемна, што другі год запар арганізатары спаборніцтва запрашаюць мяне ў якасці педагога, — заўважыла Любоў Новік. — Так, мінулы майстар-клас пазнаёміў удзельнікаў з рознымі аспектамі карагоднага танца. Сёлетні ж прысвечаны тым узорам народнага танца, якія шырока вядомыя сучаснаму гледачу, прызнаныя ім. Заняткі раскрыюць яго глыбіню і шматграннасць, высокую сувязь з нацыянальным культурным кодам беларусаў. Прыярытэтная задача — абвергнуць стэрэатып аб тым, што народна-сцэнічны танец страчвае актуальнасць, саступае па папулярнасці эстраднаму, сучаснаму і іншым напрамкам. 

ДЛЯ ЗАЦІКАЎЛЕНЫХ 

Грандыёзны і яркі фінал могуць наведаць усе ахвочыя: падрабязная праграма маштабнага канцэрта размешчана на афіцыйным сайце канцэртнай залы “Мінск”. 

— “Час танцаваць” — унікальная магчымасць за адзін дзень убачыць вялізную колькасць творчых калектываў і разнапланавых нумароў. Кожны канкурсант пакажа лепшыя навыкі, прадэманструе ўсю сілу і прыгажосць харэаграфічнага мастацтва, а гледача накрые цэлая бура станоўчых эмоцый, — падкрэсліў Аляксандр Сідарэнка. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з архіва конкурсу