Міністэрства культуры запланавала больш за 150 мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Адным з прыярытэтаў у рабоце ўстаноў культуры, як адзначыла кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Надзея Аўдзей, з’яўляецца патрыятычнае выхаванне — важны фактар фарміравання беларускага грамадства.
Падчас адкрыцця выставы "Рарытэты музея"
— Сярод намечаных мерапрыемстваў — святочны канцэрт ад Саюзнай дзяржавы 9 мая, рэспубліканская акцыя “Беларусь памятае”, канферэнцыі і семінары з удзелам спецыялістаў у галіне гістарыя- графіі Вялікай Айчыннай вайны. Працягваем арганізоўваць дні памяці ў знакавых месцах. У перспектыве адкрыццё стацыянарных і перасоўных выстаў, што ахопяць многія гарады Беларусі.
Шэраг праектаў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі, рэалізоўваецца Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Вядучая скарбніца краіны — прыклад таго, як розныя фарматы і ідэі могуць арганічна спалучацца і працаваць на дасягненне агульнанацыянальных мэт.
Сярод значных ініцыятыў — міжнародны форум “Памяць і інавацыі. Гісторыя Вялікай Перамогі ў сучасных мультымедыя”. Мерапрыемства, што ладзілася 14 сакавіка, аб’яднала 17 экспертаў у галіне тэхналогій, прадстаўнікоў беларускіх і расійскіх устаноў культуры, а таксама студэнтаў і выкладчыкаў айчынных ВНУ.
Дзякуючы праекту спецыялісты абмеркавалі сённяшнія падыходы да музейнай справы, адукацыйных праграм і інтэрактыўных экспазіцый, намецілі перспектывы супрацоўніцтва ў мэтах якаснай і дакладнай дэманстрацыі гістарычных матэрыялаў.
Акрамя таго, у рамках форуму была прэзентавана пляцоўка “Свет танкаў”, дзе наведвальнікі пратэсціравалі свае гульнявыя навыкі і пазнаёміліся з узнаўленнем ваеннай тэхнікі ў віртуальным асяроддзі. Вялікую цікавасць выклікалі заняткі і віктарыны ў прасторы “Музей для дзяцей”, выстава “QR-гід”, што паказвала магчымасці віртуальных экскурсій. Важны складнік праграмы — ушанаванне пераможцаў конкурсу “Памяць і інавацыі”, у якім паўдзельнічалі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Паспяховы праект, дарэчы, абяцае вярнуцца ў сакавіку 2026 года, калі музей зноў збярэ адмыслоўцаў для абмеркавання новых пады- ходаў да захавання гістарычнай памяці.
Яшчэ адзін крок да праслаўлення Вялікай Перамогі — часовая экспазіцыя “Рарытэты музея” і адкрыты конкурс дзіцячай вакальнай творчасці “Сэрца спявае — Перамога жыве”, што распачаўся 26 сакавіка. — На выставе дэманструюцца ўнікальныя прадметы з фондавых калекцый — сімвалы подзвігу, які выратаваў свет ад фашызму, — распавяла загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Кацярына Катлоўская. — У студзені наведвальнікі пазнаёміліся з пісталетам-кулямётам ТМ-44, зробленым майстрамі партызанскага атрада імя Р.І. Катоўскага, у лютым — з рукапісным выданнем партызанскай брыгады “Полымя” Мінскай вобласці, выпушчаным у 1943 годзе. Гэты экспанат мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь катэгорыі 1. А ў сакавіку мы выстаўлялі абразок-абярэг “Прападобная Еўфрасіння Полацкая”. Яго ўсю вайну ў кішэні гімнасцёркі пранасіў беларускі мастак-франтавік Яўген Ражкоў.
Сярод рарытэтаў, што будуць паказвацца далей, — ордэн, які прайшоў доўгі шлях ад палёў Савецкафінляндскай вайны да цяперашняй экспазіцыі, самаробны партызанскі медаль з манеты, а таксама пасведчанне да медаля, якое ўручалі ўдзельнікам Парада Перамогі, іншыя прадметы.
На форуме "Памяць і інавацыі. Гісторыя Вялікай Перамогі ў сучасных мультымедыя"
Што да конкурсу, яго мэта — развіццё творчага патэнцыялу моладзі і фарміраванне ўважлівага стаўлення да айчыннай гісторыі і культуры. Спаборніцтва праводзіцца ў намінацыях “Сольны спеў” і “Малыя формы” ў трох узроставых катэгорыях — 8—9, 10—12 і 13—15 гадоў. Яно адкрыта для юных талентаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Галоўная ўмова — выкананне кампазіцый, у тым ліку аўтарскіх, на ваенную тэматыку. Пераможцаў чакаюць дыпломы і памятныя прызы, а таксама ўдзел у гала-канцэрце музея. Заяўкі, дарэчы, прымаюцца да 13 красавіка.
Працягвае падарожжа перасоўная экспазіцыя “Наш абавязак — памятаць!”, дзякуючы чаму каштоўныя сюжэтныя здымкі, копіі дакументаў, плакатаў, рэпрадукцыі карцін, фотапартрэты Герояў Савецкага Саюза становяцца даступнымі нават жыхарам самых аддаленых куткоў.
— У найбліжэйшых планах — наведаць усе населеныя пункты, узнагароджаныя вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Праект стартуе 11 красавіка, і першы прыпынак — Брэст, — расказала Кацярына Катлоўская. — А на 23 красавіка прызначана канферэнцыя “Подзвігу народа жыць у вяках”. Да ўдзелу прыцягнем партнёраў з Расій- скай Федэрацыі: Музей Перамогі, калінінградскі Музей Сусветнага акіяна. Зладзім таксама сумесныя семінары і яркія выставы. Сачыце за нашымі навінамі!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ