Беларусам будучыні

Апублiкавана: 19 красавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Нацыянальны гістарычны музей стане сапраўднай скарбніцай бязмежнага багацця нашай зямлі. Аб гэтым гаворыцца ў пасланні Прэзідэнта Беларусі будучым пакаленням. Капсулу са зваротам да нашчадкаў Аляксандр Лукашэнка заклаў у камень на месцы ўзвядзення знакавага аб’екта падчас рэспубліканскага суботніка.

Кіраўнік дзяржавы 12 красавіка працаваў на будаўнічай пляцоўцы Нацыянальнага гістарычнага музея і парку Народнага Адзінства, дзе арганізавалі ўрачыстую цырымонію закладкі капсулы з пасланнем будучым пакаленням.

“Дарагія нашчадкі! Пачынаючы ўзвядзенне новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі, мы завяшчаем вам свята захоўваць памяць аб нашых вытоках, пройдзеным шляху да дзяржаўнасці і вялікай цане свабоды. Мы ўпэўнены, музей будзе сапраўднай скарбніцай бязмежнага багацця беларускай зямлі, — гаворыцца ў звароце. — На працягу стагоддзяў папярэднія пакаленні цаглінка за цаглінкай будавалі наш агульны дом — бяспечную і незалежную краіну, супрацьстаялі цяжкім выпрабаванням, спробам знішчыць нас як народ і як нацыю. Нам ёсць чым ганарыцца. Гісторыя Беларусі ведае нямала слаўных імёнаў святых, творцаў, асветнікаў, дзяржаўных дзеячаў і палкаводцаў. Іх перамогі натхняюць нас на новыя дасягненні”.

У пасланні Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на геапалітычную трагедыю — распад вялікай савецкай дзяржавы, беларусы змаглі выстаяць і здзейсніць сапраўдны подзвіг — стварыць суверэнную і міралюбную краіну.

“Тры дзесяцігоддзі самастойнага шляху сталі часам сапраўднай барацьбы за праўду і адзінства. Пераадолеўшы ўсе нягоды, мы вынеслі найважнейшыя ўрокі і лічым сваім абавязкам падзяліцца гэтым вопытам з вамі — беларусамі будучыні. Сёння кожны разумее, што незалежнасць даражэйшая за ўсё. Каб стаць на ногі і прымаць вывераныя палітычныя рашэнні, трэба многа і сумленна працаваць, разлічваць толькі на сябе. Мы ўсвядомілі: павага да гісторыі і дасягненняў мінулага робіць нас куды больш моцнымі, паспяховымі, усяляе веру ва ўласныя сілы”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

“Будзьце, як і мы, адданымі Радзіме, шануйце нацыянальныя духоўна-культурныя каштоўнасці і традыцыі, памнажайце поспехі суайчыннікаў! Беражыце нашу Беларусь! Беражыце мір і народнае адзінства! Будзьце годныя сваіх папярэднікаў”, — такім заклікам завяршаецца пасланне Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля цырымоніі Прэзідэнт разам з брыгадамі студэнтаў высадзілі алею з 80 чырваналістых дубкоў. Яны сімвалізуюць 80 юбілейных гадоў, што мінулі з Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 

Першае дрэўца на месцы парку Народнага Адзінства пасадзіў асабіста Кіраўнік дзяржавы. Заадно ён правёў майстар-клас — паказаў моладзі, як гэта правільна рабіць. Разам з Аляксандрам Лукашэнкам працаваў і яго малодшы сын Мікалай. 

У завяршэнне ўдзелу ў рэспубліканскім суботніку Прэзідэнт адзначыў: людзям трэба паказваць, што беларусы — не Іваны без роду і племені, а народ з тысячагадовым лёсам. Як падкрэсліў лідар, асабліва важна даносіць гэта да моладзі. Нацыянальны гістарычны музей дазволіць цікава і даступна раскрыць усё багацце нашай мінуўшчыны.