Бабруйская эстрадная студыя “Росы” сёлета адзначае 25-годдзе. Галоўны крытэрый паспяховасці і нагода для гонару — выхаванцы, якія ярка праяўляюць сябе на шматлікіх міжнародных конкурсах і фестывалях, тэатральных і здымачных пляцоўках Беларусі і замежжа. Пра творчыя будні, дасягненні і планы заслужанага калектыву распавяла яго кіраўнік Святлана Аўрамчык.
— Святлана Рыгораўна, як з’явіліся “Росы”?
— Сваю гісторыю эстрадная студыя пачала ў 2000 годзе. Заснавала яе Юлія Гаўрылкіна пры Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт”, які аб’яднаў сотні маладых людзей. У 2014-м пад кіраўніцтвам выбітнага педагога юныя артысты дамагліся ганаровага звання “Заслужаны”. А праз чатыры гады “Росы” ўзначаліла я.
Святлана Аўрамчык
— Хто вашы выхаванцы?
— У складзе калектыву — 48 удзельнікаў ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў. Многія з іх наведваюць студыю ўжо даўно, але кожны раз з задавальненнем бягуць на заняткі, быццам бы робяць гэта ўпершыню. Некаторыя праз нейкі час спрабуюць рэалізавацца ў іншай сферы: дзяцінства — час пошуку сябе.
— А як знаходзіце юныя таленты?
— Па традыцыі ладзім праслухоўванне ў пачатку кожнага навучальнага года. Часам дзеці прыходзяць у калектыў і пасля асноўнага адбору. “Росы” з цеплынёй прымаюць усіх і заўсёды, галоўнае — жаданне старанна займацца і неабходны ўзровень вакальных здольнасцей.
— Чым, акрамя адукацыйнага складніка, вабіць студыя?
— Справа ў асаблівай атмасферы цеплыні, утульнасці і дабрыні, якая ахутвае нашых салістаў. “Росы” — вялікая дружная сям’я, дзе кожны прыйдзе на дапамогу, падтрымае і дасць патрэбную параду ў няпростай сітуацыі.
— А як арганізаваны заняткі?
— Іх колькасць і працягласць залежыць ад узроставай катэго- рыі. Малодшыя групы, напрыклад, займаюцца ў тыдзень каля трох гадзін, а старэйшыя — каля дзевяці. Асноўны ўпор робім на развіццё пеўчых навыкаў. Рэпертуар уключае кампазіцыі фальклорнай накіраванасці, ваеннапатрыятычнай тэматыкі і іншыя яркія творы беларускай і замежнай эстрады.
Падчас святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Бабруйску, 2021
Акрамя гэтага дзеці атрымліваюць каштоўныя веды па сцэнічным, акцёрскім майстэрстве і харэаграфіі. Майстар-класы для жаночай часткі калектыву праводзяць запрошаныя візажысты. Яны расказваюць пра важныя аспекты канцэртнага макіяжу.
— Не дзіўна, што выпускнікі студыі часта звязваюць сваё далейшае жыццё з творчасцю…
— Многія знаходзяць сябе ў акцёрскім мастацтве. Гэта, у прыватнасці, Вікторыя Гаўрылкіна, якая працуе ў некалькіх маскоўскіх тэатрах, вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, Дар’я Алыпава, вядомая па расійскіх фільмах і серыялах “Цяжкія падлеткі”, “Выпадковы кадр”, “Жукі”, Дар’я Пазнякова, гераіня кінастужак “Алігатар”, “Сакрэт знічкі” і іншых, выпускніца Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута культуры Ксенія Шулякевіч.
Канцэрт "Нам 20", прысвечаны юбілею калектыву, 2021
Яшчэ адна наша зорачка, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Крысціна Бяспалава, працуе педагогам па вакале, актыўна развіваецца як сольная выканаўца. Выхаванцы Таццяна Святцава, Алена Дабравольская, Ангеліна Багдановіч, Сандра Юсцюнел, Крысціна Скудная працуюць у мінскіх палацах культуры і тэатрах. Бязмерна ганарымся фіналістам “Х-фактару” і буйнога расійскага конкурсу “Зорны шлях” Віталём Дробам. Цяпер ён — саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга.
— Красамоўна гавораць аб поспехах і шматлікія ўзнагароды…
— За апошнія два гады артысты студыі яскрава праявілі сябе ў такіх маштабных беларускіх і расійскіх спаборніцтвах, як “Ветразі мары”, “Юныя таленты Беларусі”, “Жар-птушка Расіі”, “Скрыжаванні”. Плённа пачаўся для нас і 2025-ы: у Адкрытым рэспубліканскім разнажанравым конкурсе “Жарынка” ўзялі два гран-пры і два дыпломы І ступені, Міжнародны шматжанравы фестываль “Дняпроўскія хвалi” прынёс два гранпры, дыплом І ступені і ажно тры дыпломы ІІ ступені, а на Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет!” нашы выхаванцы занялі першае месца. Яшчэ адна значная падзея — удзел саліста Уладзіслава Зотава ў Рэспубліканскім адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў “Беларускія таленты”, дзе юнака намінавалі на гранпры. Кожны поспех — гэта вялікі гонар і для мяне, кіраўніка калектыву, і для выканаўцаў студыі.
— Акрамя фестывальных пляцовак, дзе яшчэ можна пачуць “Росы”?
— Мерапрыемствы роднага горада — заўсёды ў цэнтры нашай увагі. З вялікім задавальненнем выступаем на сцэнах устаноў адукацыі, віншуем адмыслоўцаў розных дзяржаўных арганізацый з прафесійнымі святамі, падтрымліваем сваёй творчасцю спартыўныя каманды, сацыяльна значныя ініцыятывы і праекты. А ў хуткім часе прадставім у Бабруйску праграму да Дня Перамогі.
На дзіцячым фестывалі-конкурсе "Хачу стаць зоркай" у Жлобіне, 2022
— Чаго чакаць ад калектыву ў будучыні?
— Калі казаць пра гэты год, то насычана і запамінальна мусім адзначыць юбілей у лістападзе. Падрыхтоўка, дарэчы, ужо ідзе поўным ходам. А ўвогуле ў планах не спыняцца на дасягнутым, пастаянна і ўпэўнена рухацца да новых вышынь, радуючы публіку якаснымі і эфектнымі выступленнямі. Дакладна ведаю, што ў нашай зладжанай каманды ўсё найлепшае наперадзе.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні