Як прыклад подзвігу

Апублiкавана: 14 красавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 красавіка падпісаў Указ № 144 “Аб узнагароджанні вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны»”. 

У сувязі са святкаваннем 80-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама ў мэтах увекавечання подзвігу байцоў Чырвонай арміі, працоўных, партызан і падпольшчыкаў, здзейсненага пры абароне і вызваленні Беларусі, Прэзідэнт пастанавіў узнагародзіць шэсць гарадоў нашай краіны. У іх ліку — Кобрын, Рэчыца, Слонім, Сянно, Слаўгарад і Смалявічы. 

У гэтых населеных пунктах на ўсіх этапах вайны былі ачагі баявога супраціўлення нямецка-фашысцкім захопнікам. Актыўны ўдзел прымалі мясцовае партыйна-камсамольскае і патрыятычнае падполле, партызанскія фарміраванні і сілы народнага апалчэння, якія ўзаемадзейнічалі з падраздзяленнямі рэгулярнай Чырвонай арміі. Названыя гарады — прыклад подзвігу і ўсенароднага супраціўлення ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Указ № 144 накіраваны на ўвекавечанне і захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа. Гэта паспрыяе патрыятычнаму выхаванню насельніцтва. 

Уручэнне вымпелаў плануецца прымеркаваць да Дня Перамогі. Усяго ў рэспубліцы такой узнагароды ўдастоены 36 гарадоў і населеных пунктаў.