Сінтэз навуковага і творчага падыходаў — галоўны метад работы Аляксандры Дзятлавай. Выстава-рэтраспектыва вядомай мастачкі, прафесара, загадчыцы кафедры дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прадстаўлена ў Мінску.
Персанальная выстава “Шляхі натхнення” заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандры Дзятлавай працуе ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. У экспазіцыі — работы з калекцыі аўтара і Нацыянальнага мастацкага музея.
Аляксандра Дзятлава нарадзілася ў 1954 годзе ў Алма-Аце, у 1976-м скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, у 1976—1994-х была вядучым мастаком Камбіната прыкладнога мастацтва ў Барысаве. З 1979 года працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: прафесар, загадчык кафедры дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва і касцюма, выкладчык дысцыплін “Мастацкае праектаванне вырабаў з керамікі”, “Канструяванне”, “Праца ў матэрыяле”, “Кампазіцыя ў шкле і метале”. Ужо больш за 40 гадоў Аляксандра Дзятлава шчыруе ў галіне мастацкай керамікі і перадае свой досвед маладому пакаленню, творча працуе ў дэкаратыўна-прыкладным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, займалася распрацоўкай эталонаў для ўкаранення ў вытворчасць, выкананнем дзяржаўных заказаў па архітэктурнай кераміцы для інтэр’ераў грамадскіх устаноў, стварэннем арт-калекцый.
Сярод асноўных работ, выкананых мастачкай па дзяржаўных заказах, — серыя дэкаратыўных пано “Зямля Палеская” для рэстарана “Мінск” у Патсдаме (1978), дэкаратыўная пластыка “Формы” і рэльефы “Поры года” ў гасцініцы “Планета” ў беларускай сталіцы (1980), дэкаратыўныя пано і пластыка “Зямля Радзімы” ў раённай бальніцы ў Рагачове (1981), дэкаратыўны рэльеф “Мінск” у фае гасцініцы “Кастрычніцкая” (1981), дэкаратыўныя кампазіцыі “Работніца” і “У майстэрні мастака” ў інтэр’еры фірменнай крамы Мінскага фарфоравага завода “Шкло-фарфор” (1989)… Працы Аляксандры Дзятлавай захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў, Мастацкай галерэі ў Полацку, Мастацкай галерэі ў Шпіцы ў Швейцарыі, а таксама ў прыватных калекцыях па ўсім свеце.
Выстава “Шляхі натхнення” ўяўляе сабой рэтраспектыву творчага шляху мастачкі. Яе дыяпазон надзвычай шырокі, што адбіваецца ў тэматыцы і тэхнічным выкананні. У экспазіцыі прадстаўлены аб’ёмныя кампазіцыі малых форм і фотапланшэты з выявай манументальна-дэкаратыўных твораў, а таксама відэаматэрыялы аб многіх іншых работах Аляксандры Дзятлавай і яе вучняў — студэнтаў і выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Сярод мноства работ Аляксандры Дзятлавай, якія ўпрыгожвалі інтэр’еры грамадскіх і культавых будынкаў Мінска, захаваліся гарэльеф “Дабравешчанне” ў Мінскім епархіяльным упраўленні, выкананы ў 1980-я, афармленне фіта-аптэкі №88 у Траецкім прадмесці (1990-я), а таксама створаныя ў 2000—2010-х у інтэр’ерах Дома міласэрнасці, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
У афармленні аптэкі №88, размешчанай у гістарычным цэнтры сталіцы, інтэр’ерная пластыка, выкананая ў керамічных матэрыялах, перадае каларыт і прызначэнне памяшкання, пагружае наведвальніка ў мінулае гэтага месца і асяроддзя. На выставе можна ўбачыць стылізаваны посуд, распрацаваны на аснове вывучэння ўзораў старажытнага аптэчнага начыння. Сам інтэр’ер аздоблены роспісам на кафляных плітках з выявай жывёл, пудзілы якіх былі антуражам сярэднявечных аптэк. Роспісы ў выглядзе букетаў травяных збораў дапоўнены лацінскімі найменнямі лячэбных раслін.
Тэатральная тэма прадстаўлена творамі, зробленымі для Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Скульптурныя кампазіцыі “Партрэт Вацлава Ніжынскага ў ролі Фаўна” і “Партрэт Наталлі Труханавай у ролі Пэры” з фае Вялікага тэатра выкананы паводле сцэнаграфіі вядомага мастака пачатку ХХ стагоддзя Льва Бакста, які быў удзельнікам тэатральна-мастацкіх праектаў Сяргея Дзягілева. А кампазіцыя “Тэатральная сюіта” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ўключае вазы “Музы” і “Танец наяд”, зробленыя з каляровага бісквітнага фарфору ў спалучэнні з латуневым дэкорам, якія адсылаюць да тэатральнага мастацтва Старажытнай Грэцыі. Важнае месца ў творчасці Аляксандры Дзятлавай таксама займае хрысціянская тэма — мастачка ўзнагароджаная медалём Экзархата Беларусі “У падзяку за работы па будаўніцтве Дома міласэрнасці ў Мінску”.
Антон РУДАК
Фота аўтара