Год добраўпарадкавання, які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Указам № 1, набірае абароты: на 12 красавіка намечаны адзін з двух запланаваных сёлета рэспубліканскіх суботнікаў. Зрэшты, навядзенне парадку на роднай зямлі — вартая традыцыя беларусаў, якую падтрымлівае Кіраўнік дзяржавы.
Малая радзіма мае асаблівае значэнне для кожнага чалавека. І невыпадковая ўвага Аляксандра Лукашэнкі да месцаў, дзе прайшло яго дзяцінства. У 2013-м Прэзідэнт даручыў аднавіць легендарную Трафімаву крыніцу, першыя згадкі якой адносяцца да 1917 года. Вада ў ёй чыстая і ўнікальная па сваіх уласцівасцях.
Пры аднаўленні і рэканструкцыі крыніцы былі знойдзены крыж, элементы драўлянага зруба, прадметы абрадавага прызначэння — сведчанні аб тым, што месца асвячона. Па ўспамінах старажылаў, падчас Першай і Другой сусветных войнаў мужчыны перад адпраўкай на фронт прыходзілі сюды абмыцца святой вадой і памаліцца. Многія з іх вярталіся пасля смяротных баёў цэлымі.
Вядома, што гэты куточак у Аляксандра Лукашэнкі з дзяцінства — адзін з самых любімых. З крыніцай звязана сямейная гісторыя Кіраўніка дзяржавы. Калісьці мясціну добраўпарадкаваў дзед Прэзідэнта — цясляр Трафім. У гонар гэтага чалавека яе і сталі называць.
Калі Аляксандр Лукашэнка з сынамі шчыраваў ля Трафімавай крыніцы на рэспубліканскім суботніку ў 2018 годзе, то заўважыў: “Для мяне незвычайнае тут усё. Гэта мая радзіма. Тут няма квадратнага метра, дзе я ў свой час не хадзіў басанож. Або кароў пасвілі — тут быў свабодны луг, ён зарос у наш час, тут мы нарыхтоўвалі дровы. Кожны метр стаптаны маімі дзіцячымі нагамі. Таму для мяне тут усё дагэтуль незвычайнае і ў той жа час звыклае”.
Цяпер побач з Трафімавай крыніцай разбіты клумбы, пастаўлены альтанкі, лаўкі і пабудавана купель. Пад яе скляпеннямі як знак міжканфесійнай згоды ў Беларусі знаходзяцца сімвалы чатырох рэлігій — праваслаўя, каталіцтва, мусульманства, іўдаізму. На сцяне ўнутры — надпіс на беларускай мове: “Помыслам Божым і рукамі чалавека створана гэтая жыватворная крыніца, якая дадзена людзям для ўмацавання здароўя і духу”. Месца стала папулярным сярод турыстаў і паломнікаў з усіх куткоў нашай краіны і з-за мяжы.