Гучная спадчына Палесся

Іванава — культурная сталіца Беларусі — распачала насычаны творчы сезон, і сярод галоўных дзейных асоб — народны хор “Агні Ясельды”. Пра яго гісторыю, поспехі і планы распавёў кіраўнік калектыву Віталь Лінік.

ВЯРТАННЕ ДА КАРАНЁЎ 

Хор “Агні Ясельды” быў заснаваны ў 1972 годзе Іванам Дынейкам, добра вядомым на Іванаўшчыне кампазітарам і музыкантам. Ад самага пачатку дзейнасці хор радаваў слухачоў аўтэнтычнымі народнымі мелодыямі Палесся — і зарэкамендаваў сябе як адзін з вядучых калектываў у рэгіёне. На яго чале заўсёды стаялі выбітныя дзеячы мастацтва, у тым ліку Міхаіл Каспяровіч, які адыграў ключавую ролю ў творчым развіцці: у 1981-м хор атрымаў званне “Народны”. 

З 2013 года “Агні Ясельды” ўзначаліў Віталь Лінік — таленавіты вакаліст і спецыяліст у галіне народнага харавога спявання. Родам з Украіны, ён прыехаў у Іванава, каб адкрыць новую старонку ў гісторыі творчага аб’яднання. 

— На момант, калі я прыйшоў, у калектыве працяглы час не было кіраўніка, нотнага матэрыялу таксама было недастаткова, і рэпертуар давялося адраджаць амаль з нуля. Ужо ў наступным годзе трэба было пацвердзіць званне “Народны”, і гэта патрабавала сур’ёзнай працы, — успамінае Віталь Сяргеевіч. 

Пераезд у Іванава і адаптацыя да іншага культурнага асяроддзя сталі для кіраўніка сур’ёзным выклікам. 

— Было няпроста. Новы горад, новая краіна, праблемы з камунікацыяй. Каб разумець песні, давялося вучыць мову. З цягам часу асвоіўся, нават неаднаразова перакладаў тэксты з украінскай на беларускую. Цяпер яшчэ выконваю абавязкі намесніка дырэктара Іванаўскага раённага Цэнтра культуры і народных традыцый, на базе якога і знаходзіцца калектыў “Агні Ясельды”, — распавядае наш суразмоўца. 

Сёння ў рэпертуары хору — беларускія, рускія і ўкраінскія народныя песні, творы айчынных кампазітараў, а таксама ўнікальныя фальклорныя ўзоры Палесся, сабраныя падчас экспедыцый. Калектыў спявае ў трох-, чатырох- і пяцігалоссях, ствараючы насычанае і разнастайнае гучанне.

НАТХНЕННЕ РОДНАГА КРАЮ 

Народны хор “Агні Ясельды” — пастаянны ўдзельнік прэстыжных фестываляў і конкурсаў. У 2024 годзе калектыў прадэманстраваў сваё майстэрства на VIII Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, стаў удзельнікам справаздачнага гала-канцэрта Брэсцкай вобласці “Мы створаны нашай зямлёй”, які праходзіў у Палацы Рэспублікі ў рамках фестывалю “Беларусь — мая песня”, а таксама прыняў удзел у Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства” ў Пінску, Баранавічах, Брэсце ды іншых значных мерапрыемствах. 

Высокі ўзровень выканаўчага майстэрства калектыву пацверджаны шматлікімі ўзнагародамі. Акрамя падзяк і дыпломаў за ўдзел у вышэйназваных фестывалях і акцыях найбольш значныя за мінулы год — гран-пры I Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Без межаў” (г. Валгаград), гран-пры Міжнароднага конкурсу мастацтваў “На Алімпе” (г. Масква), дыплом за захаванне і папулярызацыю традыцыйнага фальклорнага мастацтва і ўдзел у VI раённым гісторыка-культурным свяце “Опальскі фальварак вітае гасцей”, і г.д. 

Статус культурнай сталіцы Беларусі адкрывае для Іванава новыя перспектывы, а для хору — магчымасць прадэманстраваць свае лепшыя нумары на самых значных пляцоўках краіны. 

Наперадзе шэраг яркіх падзей — выступленні шчыльна распісаны ў календары: 80-годдзе Вялікай Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Свята горада, Дзень вызвалення Іванаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, XIII Міжнародны фестываль “Мотальскія прысмакі”, Дзень народнага адзінства… БУДУЧЫНЯ НАРОДНАГА СПЕВУ

Трэба адзначыць, што хор “Агні Ясельды” з’яўляецца адзіным у Брэсцкай вобласці народным калектывам, які аб’ядноўвае выключна работнікаў устаноў культуры. У складзе ўдзельнікаў — адданыя сваёй справе спецыялісты, якія не толькі выступаюць з вакальнымі нумарамі, але і прыносяць у калектыў прафесійныя веды і майстэрства, што спрыяе павышэнню агульнага ўзроўню выступленняў. 

Адметнай рысай хору таксама з’яўляецца нестатычная манера падачы матэрыялу. Выкарыстоўваюцца элементы харэаграфіі і тэатралізацыі, што робіць кожнае выступленне відовішчным і эмацыянальна насычаным. Такі падыход вылучае Іванаўскі калектыў сярод іншых і стварае падчас канцэрта асаблівую атмасферу. 

— У рэаліях, калі пераважае эстрадны фармат, народнаму харавому мастацтву неабходна прыстасоўвацца да сучасных павеваў. Тым не менш мы стараемся захоўваць сутнасць традыцыйнага спеву, старанна выбіраючы рэпертуар для фестываляў і конкурсаў, — падкрэслівае кіраўнік. 

Баланс паміж традыцыяй і сучаснасцю — адзін з ключавых аспектаў работы хору. Важнай часткай дзейнасці калектыву з’яўляецца перадача традыцый моладзі. Новыя ўдзельнікі прыходзяць, вучацца, а потым перадаюць вопыт далей, працуючы ў іншых творчых пра­ ектах. 

— У нас амаль 50 удзельнікаў, уключаючы вакалістаў і інструментальную групу. Гэта самы шматлікі склад калектыву ў раёне. Сёлета нас чакае мноства выступленняў, і мы зробім усё, каб годна прадставіць Іванава як культурную сталіцу Беларусі, — запэўнівае Віталь Сяргеевіч. 

“Агні Ясельды” не проста хор. Гэта жывая спадчына, сімвал народнай культуры, які працягвае гарэць яркім святлом, адкрываючы шлях для новых пакаленняў выканаўцаў і аматараў фальклору. 

Ганна КАЛІНІНА 

Фота з архіва калектыву