Галоўны складнік — адкрытасць

Апублiкавана: 11 красавiка 2025 Стужка Цырк Гомель і вобласць

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Гомельскі абласны цэнтр інклюзіўнай культуры рыхтуецца ў другі раз правесці адкрыты інклюзіўны цыркавы фестываль “ГрымМаса”. Калектыў — лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” — мае намер паказаць гледачу ўласныя дасягненні, а таксама напрацоўкі калег з нашай краіны і Расіі. Аб гэтым і не толькі распавяла дырэктар установы Ірына Цяпугіна.

СТЫМУЛ І ШТУРШОК

Перадусім Ірына Аляксандраўна паведаміла, што цэнтр стаў лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне” ў снежні 2023 года. Высокая ўзнагарода пацвердзіла: тут дамагаюцца мэт і рэалізоўваюць важныя праекты. Прэмія Кіраўніка дзяржавы з фармулёўкай “за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, значны ўклад у развіццё творчых здольнасцей і сацыяльную адаптацыю людзей з абмежаванымі магчымасцямі” паказала калектыву, што ён на правільным шляху, і паслужыла вялікім стымулам у рабоце.

— Сёлета да нас прыязджаюць каманды з усёй Беларусі. Гэта Орша, Кобрын, Брэст, Гродна, Пінск, Мінск, — Ірына Цяпугіна пералічвае родныя гарады ўдзельнікаў свята. — Далучыліся і расійскія Ульянаўск, Масква, Ленінградская вобласць. Так што другі фестываль “ГрымМаса” стаў міжнародным.

Як адзначае дырэктар цэнтра, на першым творчым форуме свае таленты прадстаўлялі 15 камандаў, пяць з якіх былі інклюзіўнымі, і 153 асобныя ўдзельнікі. Сёлета арганізатары чакаюць 23 каманды, у тым ліку 12 — з інклюзіўнымі праектамі, і больш за 200 удзельнікаў. У гэтых 12 калектывах задзейнічаны дзеці з парушэннямі слыху, зроку ці работы апорна-рухальнага апарату. Хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзяць сябе ў цыркавым мастацтве, атрымліваюць штуршок да развіцця і нават да працаўладкавання.

АДЗІНЫЯ Ў КРАІНЕ

Гомельскі абласны цэнтр інклюзіўнай культуры — адзіная ўстанова такога кшталту ў Беларусі. Тут 38 штатных работнікаў, 13 з іх — з абмежаванымі магчымасцямі здароўя.

Нягледзячы на інваліднасць, людзі атрымалі адукацыю, прыйшлі да творчай прафесіі і сёння з’яўляюцца матыватарамі і прыкладам для іншых: не трэба апускаць рукі, што б ні здарылася ў жыцці. Калі чалавек імкнецца да чагосьці, ён атрымае дапамогу і ад дзяржавы, і ад кіраўніка, і ад бацькоў, упэўнена Ірына Цяпугіна.

Дырэктар цэнтра расказвае, што ўстанова працуе па шэрагу напрамкаў — праводзіць некалькі ўнікальных фестываляў. Напрыклад, “Маленькія міс і містар Deaf” — для дзяцей, якія слаба чуюць і не чуюць. У форме турыстычнага злёту ладзяць фестываль сатыры і гумару “Белая варона”. Ёсць яшчэ конкурсы выяўленчага мастацтва, гістарычныя святы, іншыя значныя праекты, вядомыя па ўсёй рэспубліцы.

— Наша народная кінавідэастудыя “Ракурс” стварыла дакументальны фільм “Дзеці вайны”, — дзеліцца поспехамі Ірына Аляксандраўна. — Стужку паказвалі ва ўсіх кінатэатрах краіны, на АНТ і гомельскіх рэгіянальных каналах. Цікавы і праект “Рукі бачаць”. Ініцыятыва пагружае ў прастору невідушчых, дае ўяўленне пра іх жыццё, разуменне, як працуе безбар’ернае асяроддзе, наколькі яно неабходнае.

НА КАРЫСЦЬ УСІМ

Сёння ў дзейнасць Гомельскага абласнога цэнтра інклюзіўнай культуры ўцягнута 526 чалавек. Палова з іх — з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Гэта людзі з рознымі дыягназамі і катэгорыямі інваліднасці. Такія асобы спачатку наведваюць індывідуальныя заняткі, затым уключаюцца ў агульную працу. Вельмі важны момант — карысць атрымліваюць усе. Да прыкладу, здаровыя падапечныя, бачачы намаганні таварышаў з інваліднасцю і іх радасць ад выніку, лягчэй успрымаюць часовыя цяжкасці.

ДЗВЕРЫ — НАСЦЕЖ!

Калектыў мае шмат унікальных напрацовак па рэалізацыі праектаў у галіне інклюзіі. Сюды часта звяртаюцца тэрытарыяльныя цэнтры не толькі з Гомельскай вобласці, але і з Віцебшчыны, расійскіх Ульянаўска і Бранска. Спецыялісты з горада на Сожы праводзяць майстар-класы, з задавальненнем аказваюць метадычную і практычную дапамогу калегам, знаёмяцца з іх вопытам.

— У кожнай установе, у кожнай краіне ёсць свае прынцыпы працы, — гаворыць Ірына Цяпугіна. — Вывучаючы досвед, мы можам ствараць нешта інавацыйнае і ўкараняць у сябе. Таму цэнтр зацікаўлены ў сумесных праектах з іншымі ўстановамі культуры ў галіне інклюзіі. Нашы дзверы заўсёды адчынены!

Віктар ГАЎРЫШ
Фота з архіва ўстановы