Калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь разгледзела стан працы па супрацьдзеянні карупцыі ў сістэме ведамства ў 2024 годзе і задачы на 2025-ы.
У пасяджэнні ўдзельнічалі начальнікі галоўных упраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, кіраўнікі арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры, і яго структурных падраздзяленняў.
Першы намеснік міністра Дзмітрый Шляхцін падкрэсліў: у рабоце многіх спецыялістаў могуць узнікаць карупцыйныя рызыкі, таму гэтай тэме надаецца самая пільная ўвага.
Дзмітрый Генадзьевіч адзначыў, што інфармацыя Міністэрства фінансаў па выніках кантрольна-рэвізійных мерапрыемстваў дае глебу для пэўных пытанняў. Напрыклад, выпадак, калі арганізацыя не мае службовай машыны, але арандуе месца на аўтастаянцы або калі несвоечасова ці не ў поўным аб’ёме спаганяецца плата з арандатара памяшканняў. “Чым кіруюцца службовыя асобы, прымаючы рашэнні, якія ствараюць такія сітуацыі?” — разважаў першы намеснік міністра.
Асобна ён пракаментаваў недакладнасці пры запаўненні дэкларацый аб даходах. Сустракаюцца несупадзенні ўнесеных даных і значэнняў, якія паказваюць адлічэнні ў ФСАН, а таксама іншыя неадпаведнасці. Дзмітрый Шляхцін заявіў, што падобнае недапушчальна для асоб, якія прэтэндуюць на кіруючыя пасады.
З асноўным дакладам выступіла Іна Лаўкова, сакратар камісіі па супрацьдзеянні карупцыі Міністэрства культуры. Была адзначана комплексная работа па выяўленні, супрацьдзеянні і прафілактыцы карупцыі. Сакратар расказала, што ў сістэме ведамства зацверджаны і выконваюцца планы адпаведнай работы на кожным узроўні — ад усёй галіны да канкрэтных устаноў. Структурныя падраздзяленні і падпарадкаваныя арганізацыі праводзяць антыкарупцыйныя мерапрыемствы ў кадравай сферы, у фінансавай, вытворчай і іншай гаспадарчай дзейнасці.
Падчас калегіі таксама выступілі кіраўнікі ўпраўленняў культуры асобных аблвыканкамаў і падраздзяленняў Міністэрства культуры.