Падтрымка ёсць!

Апублiкавана: 28 сакавiка 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

На цырымонію заступлення на пасаду нававыбранага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі было запрошана больш за 1100 чалавек. Сярод іх — прадстаўнікі сферы культуры на чале з міністрам, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Русланам Чарнецкім.

Дзелячыся ўражаннямі з журналістамі, кіраўнік галіны сказаў: інаўгурацыя Прэзідэнта — знакавая падзея для беларусаў, для ўсіх, хто любіць сваю краіну. Прысутнічаць на такім мерапрыемстве — велізарны гонар для кожнага. 

— Наш Прэзідэнт адрозніваецца тым, што ставіцца да нас як да сваіх дзяцей, — заявіў Руслан Іосіфавіч і падкрэсліў увагу, якая надаецца сферы: — Мы з вамі добра бачым, якую дапамогу атрымлівае наша культура, як яна развіваецца ўсе гэтыя 30 гадоў. Колькі ў нас адноўлена музеяў! Колькі пастаўлена выдатных спектакляў, напісана выдатных песень! І кіно здымалася. Падтрымка ёсць! 

Руслан Чарнецкі адзначыў, што культура — найважнейшая частка жыцця краіны, жыцця людзей. 

— Разумеючы гэта, Кіраўнік дзяржавы планамерна падтрымлівае яе, — канстатаваў міністр. — Вялікі дзякуй Прэзідэнту за гэта. Паўтаруся: такія дні, як сёння, назаўжды застаюцца ў памяці кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, якому выпаў гонар прысутнічаць на інаўгурацыі. 

Святам народаўладдзя назваў цырымонію дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін. 

— На выбарах мы вызначыліся з тым, хто будзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і ў чарговы раз уручылі мандат народнага даверу Аляксандру Рыгоравічу. І гэта сапраўды ўрачысты акт, — сказаў Вадзім Францавіч. — Легітымнасць — прызнанне ўлады самім народам. І калі Прэзідэнт прыносіць прысягу вернасці беларускаму народу — гэтыя ўсе сімвалы ўвасабляюцца ў адзін дзень, у адной цырымоніі, ключавой у палітычным календары. 

Найважнейшай падзеяй лічыць інаўгурацыю і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха. Ён таксама ўпэўнены, што прысутнічаць на падобным мерапрыемстве — вельмі ганарова і адказна. 

— Такая колькасць людзей — і губернатары, і старшыні, дырэктары фабрык, заводаў… І ты — сярод іх, — падзяліўся эмоцыямі выканаўца і выказаў падзяку за тое, што ў другі раз патрапіў у лік запрошаных. 

А дырэктар Барысаўскай дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў Ала Руткоўская адзначыла ўнёсак Аляксандра Лукашэнкі ў развіццё нашай галіны. 

— Я бачыла, што Прэзідэнт рабіў. Бачыла яго стаўленне да мастацтва, культуры, бачыла стаўленне да народа ў вёсцы, — сказала дырэктар харэаграфічнай школы. — Наш Прэзідэнт бачыць наперад, закладвае мэты, і вынік сапраўды ёсць.

Таксама Ала Руткоўская звярнула ўвагу на клопат лідара пра кожнага: 

— Аляксандр Рыгоравіч настолькі тонка разумее чалавека, настолькі ўнікае ва ўсё, што іншы раз проста дзівішся, як усё гэта магчыма. Кіраўнік дзяржавы пра кожнага думае, якую галіну ні вазьмі. Куды ні паглядзі — у нас усюды парадак.