Ансамбль народных інструментаў “Каралі” — адзін з вядучых калектываў Барысаўскага раёна. Велізарная працаздольнасць, высокі прафесіяналізм і нязменная любоў да мастацтва — такую славу здабыло творчае аб'яднанне за свой дваццацігадовы шлях.
Заснавала калектыў у 2004-м Алена Лабавікова — выпускніца выканальніцкага і дырыжорскага факультэтаў Маскоўскага дзяржаўнага музычна-педагагічнага інстытута імя Гнесіных, вучаніца народнага артыста Расіі, кампазітара Аляксандра Цыганкова. Пад яе чулым кіраўніцтвам, што працягваецца і сёння, “Каралі” знайшлі шырокае прызнанне ў родных мясцінах.
— Маё прафесійнае станаўленне цесна звязана з ансамблямі вучылішча і ўніверсітэта, дзе я атрымлівала адукацыю. Займацца музыкай у калектывах падабалася заўсёды: люблю ствараць аранжыроўкі, а спалучэнне тэмбраў розных інструментаў захапляе, — распавядае Алена Лабавікова. — Праца павінна прыносіць радасць і задавальненне, таму і заснавала “Каралі”. Тварыць разам з таленавітымі людзьмі — сапраўднае шчасце.
Доўгі час ансамбль дзейнічаў на базе сельскага дома культуры ў Старабарысаве, а з 2018-га перайшоў пад крыло мясцовай дзіцячай школы мастацтваў, дзе Алена Мікалаеўна займае пасаду дырэктара. У тым жа годзе высокі ўзровень выканальніцкага мастацтва і сцэнічнай культуры “Караляў” адзначылі ганаровым званнем “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.
Цяперашні склад — 16 педагогаў школы. Гэта вопытныя інструменталісты, прафесійны ўзровень якіх дазваляе працаваць з выбітнымі музыкантамі, што істотна ўзбагачае дзейнасць “Караляў”.
— Супрацоўнічаем з Нацыянальным акадэмічным народным хорам імя Г. Цітовіча: кожныя тры гады разам ладзім канцэрты. Найбольш маштабны сумесны праект быў прысвечаны памяці заслужанага дзеяча мастацтваў, народнага артыста БССР Міхаіла Дрынеўскага — важная падзея ў жыцці калектыву, — адзначае Алена Лабавікова. — А сапраўдная жамчужына гэтага творчага тандэма — “Малітва” кампазітара Алега Молчана, якую харысты выконваюць пад наш акампанемент. Рэгулярна выступаем з расійскім кампазітарам Аляксандрам Цыганковым. Сачыненні маэстра займаюць асаблівае месца ў рэпертуары ансамбля.
Цешаць слухача “Каралі” разнастайнымі творамі: народная, класічная, папулярная вакальная, сучасная эстрадная і джазавая музыка… Шырокая выканальніцкая палітра — каштоўная якасць заслужанага калектыву.
Вылучае ансамбль і ўнікальны інструментальны склад, дзякуючы якому ў гучанні з’яўляецца больш фарбаў, а змест рэпертуару жанрава ўзбагачаецца.
— Наша асаблівасць заключаецца ў спалучэнні, як можа здацца на першы погляд, неспалучальнага — домры, цымбалаў, баянаў, фартэпіяна, клавіш, флейты, саксафона, бас-гітары, электрагітары, ударнай устаноўкі і шумавых ударных, — распавядае Алена Мікалаеўна.
Творчае жыццё ансамбля сканцэнтравана на пляцоўках Барысаўскага раёна і Мінскай вобласці. Калектыў нязменна ўдзельнічае ў юбілейных канцэртах хору ветэранаў Барысаўскага Гарадскога дома культуры і харавой капэлы “Светач” Старабарысаўскага СДК.
— Істотнае значэнне для нас маюць спаборніцтвы. Ансамбль паспяхова праявіў сябе на міжнародных конкурсах “Навагодні цуд” і “Дарогамі памяці, дарогамі міру — парад мастацтваў”, абласным фестывалі народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”. Не менш важныя дасягненні — званне “Найлепшы творчы калектыў”, якое прысвойвалі нам двойчы, і Ганаровая грамата Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Галоўнага ўпраўлення культуры, — расказвае Алена Лабавікова.
Традыцыйным напрамкам сцэнічнай дзейнасці “Караляў” з’яўляюцца штогадовыя абласныя канцэрты да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дня Перамогі. А сёлета творчыя планы ансамбля яшчэ больш маштабныя: рыхтуецца грандыёзная праграма “Нам 20 гадоў” з удзелам Аляксандра Цыганкова.
Алена Лабавікова ўпэўнена, што і надалей калектыў захавае сваю высакародную місію:
— Годна несці ганаровае званне “Заслужаны”, папулярызаваць нацыянальную культуру, берагчы непарушныя выканальніцкія ідэалы, выхоўваць свайго слухача не толькі эстэтычна, але і маральна, — нашы мэты на сёння і на перспектыву. Важна таксама захаваць цёплыя адносіны ўнутры калектыву, давер удзельнікаў адно да аднаго і запал да сумеснай творчасці.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва калектыву